Вы тут

«Звязда» наведала айца Кірыла (Бадзіча)


Падчас чарговай камандзіроўкі ў Хоцімск не стрымалася, перш за ўсё забегла наведаць аднаго з самых шанаваных на Магілёўшчыне свяшчэннікаў — айца Кірыла (Бадзіча). А заадно і падарунак перадаць. Як-ніяк настаяцель тутэйшага Свята-Троіцкага храма нядаўна адзначыў свой 90-ты дзень нараджэння.


 

 

Акрамя цукерак і гарбаты прыхапіла і «звяздоўскі» кубачак. Чула, як ён шкадаваў, калі памочніца разбіла той, што я падарыла раней. Яна купіла яму ўзамен другі, але ён не прыняў яго, сказаў, што разбіты быў лепшы. Гэта быў не нейкі там капрыз, а звычайная павага да старэйшай газеты краіны, якая, дарэчы, неаднаразова пра яго пісала. Вунь які цудоўны храм адбудаваў, цяпер клапоціцца, каб ён быў прыгожы не толькі звонку, а і ўнутры. Расказвае, што прывёз з Расіі шмат новых ікон, якія каштуюць вялікіх грошай. Добра, што ёсць шчодрыя прыхаджане, якія не шкадуюць сродкаў на добрую справу.

Парадавала, што бацюшка, які вясной перанёс цяжкую аперацыю, зноў на нагах. Напэўна, няма ў раёне чалавека, які б не маліўся за яго. Незалежна ад таго, веруючы ён або не. І Бог пачуў. Бо бацюшка сапраўды быў на мяжы жыцця і смерці. Медыкі стварылі сапраўдны цуд, і ён зноў з намі. Старшыня райвыканкама Сяргей Дземідзенка лічыць, што айцец Кірыл — жывы прыклад для пераймання.

Мы, як правіла, думаем толькі за сябе. Страшна ўявіць, колькі людскога гора ён прапусціў цераз сябе за сваё жыццё. Звычайна да Бога звяртаюцца, калі ўсё дрэнна і няма надзеі на лепшае. У кагосьці смяротная хвароба, нехта не паладзіў з роднымі, п'е, ужывае наркотыкі, пакутуе ад нянавісці да ўсяго чалавецтва. Бацюшка Кірыл за ўсіх моліцца без выключэння, бо не дзеліць людзей на добрых і дрэнных. Для яго ўсе роўныя, для кожнага просіць у Бога ласкі. Вось і я, ведаючы, наколькі моцная малітва бацюшкі, папрасіла, каб ён памаліўся за адну вельмі добрую маю знаёмую.

Ён паабяцаў, і я спакойная. Бо гэта той чалавек, які слоў на вецер не кідае.

Хочацца, каб Бог падараваў яму больш сіл і здароўя. Бо ён не шкадуе іх для нас. Вось і цяпер згадаў пра нейкага юнака з Крычава, які сёлета скончыў школу і збіраецца стаць іканапісцам. Кажа, што хлопец гэты з вельмі прыстойнай сям'і, наведвае храм і з дзяцінства піша іконы. Ён збіраецца ехаць вучыцца ў Смаленск і папрасіў бацюшку напісаць для яго рэкамендацыйны ліст.

Так склалася жыццё, што ў бацюшкі няма родных. Ёсць духоўныя дзеці, але і ў іх не атрымліваецца часта наведваць яго. А ўзрост такі, што вось менавіта гэтай увагі і не хапае. Ён спрабуе злавацца, але ў яго гэта дрэнна атрымліваецца. Хочацца ўзяць у свае далоні яго, слабыя і маршчыністыя, пагладзіць, супакоіць. Бо старасць — гэта заўсёды цяжка, нават калі табе дапамагае Бог.

На тэрыторыі храма ніколі не змаўкаюць дзіцячыя галасы. Бацюшка сабраў для падлеткаў добрую бібліятэку, ёсць умовы займацца творчасцю, спортам і спевамі. У нядзельныя дні ў храме спявае дзіцячы хор.

Мы сядзім на верандзе, вакол якой процьма кветак. Грэюцца на сонейку некалькі кошак, да якіх у бацюшкі асаблівая любоў, весела стракочуць конікі, пырхаюць легкакрылыя матылькі. Паветра напоўнена цудоўным водарам, і няма гэтага ўсюды пранікальнага гарадскога шуму. На душы лёгка і спакойна. Шкада, што час так хутка ляціць і трэба бегчы. Бывай, бацюшка. Не крыўдуй на нас, няўдзячных тваіх паслушнікаў.

Мы не заўсёды самі сабе належым. Але ў думках ніхто не перашкодзіць нам быць разам і ў жыцці, і ў Вечнасці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.