Вы тут

Пра творчы шлях заслужанай артысткі Беларусі Людмілы Пісаравай


Каб выйсці да людзей і крануць іх душы, трэба нешта мець і за ўласнай.

Бяздушных акцёраў не бывае. Інакш дарога да тэатра даўно б зарасла быльнягом. Адчуваць, што ты патрэбны, што можаш уздзейнічаць на чалавека, пабуджаць яго на добрыя ўчынкі, на спагаду і ахвярнасць, прымушаць любіць бліжняга, заўважаць прыгожае — ці ж не запаветная мэта кожнага мастака? Да яе ён ідзе праз усё жыццё. Як зрабіць, каб глядач не заўважаў, што ты іграеш, а цалкам аддаваўся дзейству, успрымаў, быццам усё напраўду адбываецца? Не разбіраў тваю ігру, твае заганы і памылкі, знаходкі і эфектныя выхадкі, а проста верыў, забыўшыся, што перад ім сцэна, а на ёй артысты? Толькі працай, неймаверна цяжкай і ўпартай, і, вядома ж, талентам, убачаным рэжысёрам і раскрытым акцёрам, можна дасягнуць такога кантакту з тымі, хто прыйшоў у тэатр, хто чакае відовішча.


Тэатр заўсёды прыцягваў

Людміла Іванаўна Пісарава, заслужаная артыстка Беларусі, актрыса Дзяржаўнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, амаль за чатыры дзесяцігоддзі, можна сказаць, «вывучыла» гледача. Вядома, не таго, што выпадкова зойдзе ў тэатр, а таго, сталага, хто прыходзіць сюды, як на свята. Яна ніколі яго не падманвала. Ніколі не падманваў яе і ён: апладысменты — заўсёдная ўзнагарода за праўду.

...Тэатр для Людмілы быў прыцягальны з юнацтва. Выступленні на самадзейнай сцэне, у народным тэатры, рэакцыя публікі давалі падставу спадзявацца на прафесіянальную работу. Яе запрашаў на вучобу ў тэатральна-мастацкі інстытут сам Канстанцін Саннікаў — пасля таго, як убачыў на рэспубліканскім аглядзе мастацкай самадзейнасці ў ролі Агаты Пустарэвіч у «Паўлінцы». Пабаялася, што жыццё будзе галоднае, бо дапамогі чакаць не было адкуль: мама не мела ўжо здароўя. (І не дзіва! Гады няволі ў фашысцкім канцлагеры аднялі яго. Побач з Надзеяй Васільеўнай усе пакуты вынесла і маленькая Людмілка). Трэба было зарабляць.

З яшчэ большай апантанасцю іграла ў народным тэатры, якім кіраваў у той час галоўны рэжысёр Коласаўскага тэатра Барыс Міхайлавіч Браганцаў. Майстар не мог не заўважыць будучую актрысу. Сустрэча з ім — першая прыступка на прафесійную сцэну. Менавіта ён прапанаваў Людміле пайсці вучыцца ў тэатральную студыю. Заняткі праводзіліся вечарам, таму можна было і працаваць. Але на той час у сям'і Пісаравых быў ужо гадавалы сынок, і Браганцаву давялося прасіць дазволу на вучобу Людмілы ў яе мужа. Валера, хоць і хацеў, каб жонка была настаўніцай ці ўрачом, згадзіўся. Проста не мог па-іншаму, бо бачыў, што без тэатра жыццё каханай будзе няпоўным.

Вучоба ў студыі — яшчэ адна прыступка да прафесіяналізму. Ці стала б яна актрысай, калі б не цудоўныя педагогі, незабыўныя майстры, што не толькі прынеслі славу Коласаўскаму тэатру сваім мастацтвам, але і выхавалі цэлую плеяду таленавітых паслядоўнікаў? Напэўна,

не. Атмасфера добразычлівасці, разумення, агульнай радасці за нейкія знаходкі, суперажыванне, калі нешта не атрымлівалася, гатоўнасць тут жа дапамагчы панавалі ў студыі. Здольная вучаніца ўбірала ў сябе як губка, кожнае слова, кожны рух настаўнікаў. Вучылася апантана і з задавальненнем. З нецярпеннем і хваляваннем чакала той хвіліны, калі выйдзе на сцэну. А ў тэатры чаравалі народныя Аляксандр Ільінскі, Цімох Сяргейчык, Алена Радзялоўская, Яніна Глебаўская, Іосіф Матусевіч, Анатоль Шэлег, Анатоль Трус, Мікалай Звездачотаў, Алена Лагоўская! Студыйцаў займалі ў масоўках. Бывала, у «Лявонісе» Аляксандр Ільінскі (Пан) сцебане бізуном па нагах — балюча і... прыемна: заўважыў! А як цудоўна спявала Зінаіда Канапелька...

Першы раз выйшла ў сапраўднай ролі ў «Тані» Арбузава. Гаварыла некалькі слоў, адбівала далонямі нейкую мелодыю. Колькі было хвалявання! Потым у «Жыве на свеце жанчына» Аграноўскага іграла сакратара парткама. Па сцэнарыі ляжала на канапе з Лізаветай Парфёнаўнай Мацісавай і ела яблык. Калі кусала яго, увесь час думала, каб хоць не папярхнуцца, каб не сапсаваць сцэну. Вельмі баялася Лізаветы Парфёнаўны. Канапа хадзіла хадуном ад дрыжыкаў маладзенькай актрысы.

Усё было: і поспехі, і няўдачы. Да сваёй асноўнай ролі, наступнай прыступкі, пасля якой адчула сябе сапраўднай актрысай, заваявала трывалае месца на сцэне, ішла яна амаль сем гадоў, выконваючы другарадныя, нічым не адметныя ролі, набіраючыся майстэрства. Адчувала, што здольная на большае.

Маль­ві­на (Л. Пі­са­ра­ва) і На­стач­ка (Н. Алад­ка) у зна­ка­мі­тым спек­так­лі ко­ла­саў­цаў  «Не­сцер­ка» В. Воль­ска­га.

Хто даверыць галоўную ролю?

Знайшоўся рызыковы чалавек, разумны рэжысёр, педагог, які заўважыў у сарамлівай маладзенькай жанчыне вулкан таленту. Барыс Уладзіміравіч Эрын заўсёды прыносіў у тэатр струмень абнаўлення. У 1971 годзе адбылася прэм'ера пастаўленага ім спектакля «Улада цемры» Л. Талстога з Янінай Казіміраўнай Глебаўскай у ролі Матруны. Цудоўны спектакль, найскладанейшая, цікавая роля! Людміла іграла ў ім суседку, сваццю. Прысутнічала на рэпетыцыях, чула ўсё, чаму вучыў, чаго хацеў ад Глебаўскай рэжысёр.

Тэатр у той год ад'язджаў на гастролі ў Мінск. Ужо быў сфарміраваны рэпертуар, надрукаваны афішы. І заставалася да ад'езду 8 дзён. Раптам Яніна Казіміраўна моцна захварэла. Што рабіць? Барыс Уладзіміравіч не разгубіўся: тэрмінова ўвесці Людмілу Пісараву! Рызыка? Вядома! Ды яшчэ якая! Для Людмілы і радасць, і гора: такая адказнасць! І часу не застаецца. 22 лісты тэксту, даўжэзныя маналогі... Дома — маленькая дачушка. Апанаваў адчай, слёзы — ракой. Валера запатрабаваў: кідай, хопіць псаваць здароўе! Не згадзілася. Тады ён сказаў: «Спрабуй!» Калі ўжо не атрымаецца, то, напэўна, не суджана стаць актрысай. А актрысай быць вой як хацелася!

І вось Мінск. Незнаёмая для гледача Пісарава на сцэне. (Чакалі ж народную Глебаўскую!) Божухна, як арганічна яна ўплялася ў спектакль! Ходзіць, перавальваючыся з боку на бок, быццам качка, саладжавым голасам разносіць заразу, мышынымі вочкамі шнырыць па закутках душ — вяршыць падман і злачынства. Грубая, хітрая і самаўпэўненая, Матруна губіць людскія душы, побач з ёй ніхто не ўратуецца ад цемры.

Бе­не­фіс за­слу­жа­ных ар­тыс­так Бе­ла­ру­сі Ва­лян­ці­ны Пет­ра­чко­вай (зле­ва)  і Люд­мі­лы Пі­са­ра­вай, якіх він­шуе на­род­ны ар­тыст СССР Фё­дар Шма­каў.

Ад слёз — да станоўчых рэцэнзій

Шквал апладысментаў сцвярджаў: гэта перамога! А актрыса, не вытрымаўшы напружання апошніх дзён, зачыніўшыся ў грымёрцы, проста плакала. Назаўтра пахвальныя рэцэнзіі ў прэсе, а далей — прэмія Беларускага тэатральнага аб'яднання.

У яе быццам крылы выраслі за спінай! Новы этап творчасці — Ульяна Юрская ў спектаклі «Трывога» А. Петрашкевіча. Як прызнаваўся потым аўтар, ролю гэту пісаў спецыяльна для Людмілы, паглядзеўшы яе Матруну. Вясковая жанчына, у якой муж памёр ад гарэлкі, спіўся і загінуў сын, не ведала шчасця ў жыцці. У спектаклі мы сустрэліся з ёй якраз пасля трагічных хвілін: толькі што пад коламі трактара загінуў Сцёпка, якога, недаядаючы, недасыпаючы, яна гадавала, спадзявалася, што ў старасці ён яе не пакіне. І вось цяпер адна-адзінюткая. Сцэна ў судзе асабліва ўразіла. Маці выступае супраць загінуўшага сына, жорстка і справядліва асуджаючы п'янства, прыняўшы бок забойцы свайго дзіцяці. Шчыра і бясхітрасна Пісарава «пражывае» жыццё Ульяны на сцэне. Гэтак жа шчыра і проста іграе яна Юрскую ў фільме «Нядзельная ноч», знятым В. Туравым. З такой амаль дакументальнай праўдзівасцю раскрывае актрыса вобраз гераіні, што прафесіянальны тэатральны крытык, галоўны рэдактар часопіса «Искусство кино» Я. Суркоў усклікае: «Якое гэта высокае мастацтва, і якая гэта высокая прастата!» А былы галоўны рэжысёр Коласаўскага тэатра Ю. Шчарбакоў «адпускае» камплімент: «Гэта айсберг, дзе толькі 1/3 часткі наверсе, а 2/3 — пад вадой», даўшы зразумець, што талент актрысы не цалкам раскрыты.

Дарагія сэрцу ролі? Яны ўсе былі для Пісаравай выпакутаваныя. Івета Пацье са спектакля па п'есе Б. Брэхта «Матухна Кураж і яе дзеці», Фіса з «Пунсовай кветачкі» паводле Аксакава, Разалія з «Філумены Мартураны» Эдуарда дэ Філіпа, Кісельнікава з «Багны» А. Астроўскага, Нета з «Маскоўскага хору» Л. Петрушэўскай, Варвара Іванаўна Далгова з «Касаткі» А. Талстога, Зося з «Салгалі Богу, салгалі» А. Ждана... Дый ці пералічыш усе! Нельга не ўспомніць ролю Маці са спектакля А. Дударава «Парог», дзе Людміла Іванаўна (каторы раз!) перажывала трагедыю разам са сваёй гераіняй.

Радавалася Людміла, калі была работа. Але калі гадамі чакаеш з'яўлення свайго прозвішча ў загадзе аб прызначэнні на ролю, пакутуеш ад думкі: а ці патрэбна я тэатру? Былі такія перыяды і ў Пісаравай.

Як казала сама актрыса: творчыя пакуты прыносяць плён, а пакуты ад беспрацоўя, незапатрабаванасці — забіваюць, калечаць. Простым смяротным часам хочацца ўвільнуць ад работы, а для натуры творчай беспрацоўе — быццам жыццё без паветра.

— Думаеце, што артыст працуе за грошы? — даводзіла яна. — Самавыказванне — даражэй за грошы, калі ўсю сябе, без астатку аддаеш ролі, іграеш самазабыўна, зліваешся са сваім героем у адно цэлае, калі глядач табе паверыў і прыняў — вышэйшая ўзнагарода. А зарабіць яе можна толькі калектывам, адзін, колькі ні ўпірайся, спектакль не зробіш. Поўнае ўзаемаразуменне, добразычлівасць, давер, спагада і падтрымка, як у нармальнай, здаровай сям'і, — палова поспеху.

За беззапаветную любоў да тэатральнага мастацтва, адданае служэнне гледачу Людміла Пісарава ў 2002 годзе была ўдастоена дзяржаўнай узнагароды —ордэна Францыска Скарыны.

Як ёй хацелася сыграць Васу Жалязнову! Яна «выспела» для гэтай ролі і вельмі чакала свайго рэжысёра. Не дачакалася... Пасля доўгай і цяжкай хваробы Людміла Іванаўна Пісарава пакінула свае нясыграныя ролі сённяшняму пакаленню артыстаў, якія, будзем верыць, дастойна праявяць сябе на славутай Коласаўскай сцэне.

Таццяна КУЗЬМІЧ, г. Віцебск

Загаловак у газеце: Яна была актрысаю...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».