Вы тут

Завяршаецца працэс вылучэння кандыдатаў


27 ліпеня завяршыўся працэс утварэння ўчастковых выбарчых камісій, у іх увайшло 65 857 прадстаўнікоў розных палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, грамадзян, працоўных калектываў. Пры гэтым 71,2% з ліку членаў камісій — жанчыны, прадстаўнікоў палітычных партый у камісіях 5,2%.


Ацэньвалі асобу ў цэлым

Лідзія Ярмошына на прэс-канферэнцыі ў пятніцу паведаміла, што пры ўключэнні кандыдатур у склад камісій ацэньвалася характарыстыка асобы ў цэлым: палітычныя і маральныя якасці, месца чалавека ў грамадстве, сацыяльны аўтарытэт.

— Чаму ў дачыненні да тых ці іншых прадстаўнікоў апазіцыйных партый прымаюцца рашэнні, якія не задавальняюць іх? — задалася пытаннем старшыня Цэнтрвыбаркама. — Гэта ўсё залежыць ад людзей, якія ўваходзяць у тыя ці іншыя партыі. Часцей за ўсё задавальняюцца заяўкі беларускай партыі левых «Справядлівы свет», таму што гэта, як правіла, людзі, якія даўно і добра «ўманціраваны» ў грамадства і карыстаюцца аўтарытэтам. Калі чалавек не працуе, калі ён не валодае нейкай станоўчай характарыстыкай у рэгіёне, то ўсё гэта разглядаецца не з улікам яго апазіцыйнасці, а з улікам асобы, яго асобасных характарыстык.

Назіральнікі едуць

— Як заўсёды ў нашай краіне выбары праходзяць галосна і пры шырокім назіранні, — канстатавала старшыня Цэнтрвыбаркама. — У Цэнтральнай камісіі акрэдытавана 8 прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў у якасці нацыянальных назіральнікаў. Прычым пяцёра з гэтых васьмі прадстаўляюць беларускія апазіцыйныя партыі і рухі. Сёння апошні пратакол, які я бачыла і падпісала, — гэта пратакол вылучэння прадстаўніка беларускай партыі левых «Справядлівы свет». Акрамя гэтага, у Цэнтральнай камісіі акрэдытавана 193 міжнародныя назіральнікі.

Акрэдытавана 142 назіральнікі ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў і 51 назіральнік ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ). Місія БДІПЧ АБСЕ, дарэчы, прыязджае ў краіну 31 ліпеня, гэта значыць ужо ў гэтую нядзелю, і на 2 жніўня ў Цэнтральнай камісіі прызначана сустрэча з кіраўніцтвам місіі.

Конкурс будзе расці

Старшыня ЦВК нагадала, што 1 жніўня — апошні дзень здачы дакументаў аб вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты.

— Па стане на 28 ліпеня вылучана 263 кандыдаты. Калі казаць пра конкурс, то ў сярэднім па краіне ён складае зараз больш за 2 чалавекі на месца. З вылучаных кандыдатаў 70 чалавек —жанчыны. Грамадзян ва ўзросце да 30 гадоў, гэта значыць моладзі — 28 чалавек. 16 чалавек з'яўляюцца дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў цяперашняга склікання, дэпутатаў мясцовых саветаў сярод вылучаных 31.

Кіраўнік ЦВК выказала меркаванне, што ў бліжэйшыя дні будзе паступаць вялікая колькасць дакументаў аб вылучэнні, паколькі набліжаецца крайні тэрмін іх падачы.

***

Вольга Клімянкова, старшыня акруговай выбарчай камісіі Магілёўскай — Цэнтральнай выбарчай акругі №85, удзельнічае ў выбарчых кампаніях не першы год.

— Назіраецца вялікая актыўнасць парламенцкай кампаніі, — кажа яна. — У нашай акрузе зарэгістравана 7 ініцыятыўных груп. Іншымі словамі, на 1 месца можа прэтэндаваць 7 кандыдатаў. З іх 5 беспартыйныя і 2 члены партыі. На 28 ліпеня ў камісіі паступілі дакументы на вылучэнне трох кандыдатаў: двух ад працоўных калектываў і аднаго ад беларускай партыі левых «Справядлівы свет». Але да 1 жніўня яшчэ ёсць час вылучыцца ў кандыдаты. Мы прымаем дакументы да разгляду да 19 гадзін.

Столькі ж ініцыятыўных груп зарэгістравана ў Магілёўскай — Кастрычніцкай акрузе №86. Акрамя гэтага на разглядзе ў камісіі знаходзяцца дакументы яшчэ на дзвюх асоб, якія збіраюцца балатавацца ў якасці кандыдатаў ад палітычных партый — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці і БНФ.

Агульная колькасць выбаршчыкаў як па 85-й выбарчай акрузе, так і па 86-й складае прыкладна 66 тысяч. На тэрыторыі выбарчай акругі № 85 створана 39 участковых камісій. У акружной камісіі зарэгістравана 6 назіральнікаў з Магілёва, і яе ўжо наведалі 2 міжнародныя.

Сёлета будучым кандыдатам у дэпутаты прадстаўлены вялікі выбар месцаў для правядзення агітацыі, за выключэннем найбольш стратэгічных пляцовак. Яны пералічваюцца на сайтах рай- і гарвыканкамаў. Зараз паўсюдна вядзецца збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў.

Старшыня акруговай выбарчай камісіі Горацкай выбарчай акругі №82 Леанід Ягоранка паведаміў, што на 28 ліпеня на тэрыторыі акругі адбылося 12 пікетаў. Неабходную колькасць галасоў пажадалі сабраць 5 чалавек.

— Усе пікеты праводзіліся ў адпаведнасці з заканадаўствам, ніякіх парушэнняў выяўлена не было, — паведаміў Леанід Ягоранка.

Ён таксама нагадаў, што ў Горках забаронена збіраць подпісы ў раёне аўта- і чыгуначнага вакзалаў, паліклінікі і цэнтральнай плошчы перад райвыканкамам.

У Магілёве падлік пікетаў не вядзецца, але члены акруговых камісій могуць у любы момант праверыць, ці ёсць там нейкія парушэнні.

— Асабіста бачыў пікеты каля гандлёвых цэнтраў «Прэстан», «Е-Сіці», на вуліцы Астроўскага — было цікава падысці, паглядзець, як яны працуюць, — кажа старшыня акруговай выбарчай камісіі Магілёўскай — Кастрычніцкай акругі №86 Аляксандр Кажамякін. — Асобы, якія знаходзіліся на пікетах, мелі пры сабе дакументы, якія пацвярджаюць, што яны сапраўды з'яўляюцца членамі ініцыятыўных груп.

— Мы, як і любыя выбаршчыкі, цікавімся, падыходзім — дадае Вольга Клімянкова. — Агітацыя за канкрэтных кандыдатаў пачнецца пасля рэгістрацыі, пакуль прэтэндэнты на ўдзел у выбарах маюць магчымасць паведамляць толькі свае біяграфічныя звесткі. Выбаршчык можа падпісацца за ўсіх прэтэндэнтаў, каб у тых была магчымасць вылучыцца, а вось голас аддасць толькі за аднаго.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Важная не апазіцыйнасць, важны аўтарытэт

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».