Кожны мужчына, напэўна, памятае, як у дзяцінстве з непрыхаваным інтарэсам заходзіў у цір і пасля страляў па металічных фігурках з пнеўматычнага ружжа. Нехта з-за настальгіі робіць гэта і зараз. Але наўрад ці можа ўявіць сабе тое, што з дапамогай пнеўматыкі хтосьці будзе наўмысна прычыняць шкоду іншаму чалавеку альбо чужой маёмасці.
Але, на жаль, гэта наша рэчаіснасць, у якой хапае месца ўсяму. Вось некалькі свежых прыкладаў. У красавіку жыхар Заводскага раёна сталіцы пастраляў з пнеўматыкі... па пластыкавых вокнах суседкі. Ды зрабіў гэта так «удала», што патрапіў пад адказнасць па артыкуле «Хуліганства». А напачатку ліпеня па інтэрнэце распаўсюдзілася яшчэ больш непрыемная навіна. Жыхар вядомых на ўсю Беларусь сваімі агуркамі Альшанаў, што на Століншчыне, пацэліў з пнеўматычнага пісталета шасцігадоваму хлопчыку ў шыю. На шчасце, усё абышлося, малому нават не спатрэбілася шпіталізацыя, але ўсё магло скончыцца жахліва. Следчы камітэт крымінальную справу ў дачыненні стралка ўсё ж такі завёў. Падобныя злачынствы выклікалі ў нас цэлы шэраг пытанняў. З імі мы і накіраваліся да Андрыяна КАХНОВІЧА, начальніка аддзела ліцэнзійна-дазвольнай работы ўпраўлення прафілактыкі МУС.
— Уся пнеўматыка дзеліцца на дзве вялікія групы — пнеўматычную зброю і вырабы, якія канструктыўна падобныя да яе, — пачынае размову Андрыян Мікалаевіч. — Пнеўматычныя вырабы з дульнай энергіяй да 3 джоўляў зброяй не лічацца і знаходзяцца ў свабодным продажы. Так прынята не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах. А вось зброю з энергіяй звыш 3 джоўляў можна прадаваць выключна па спецыяльным дазволе. На ўтрыманне пнеўматычнай зброі, якая перавышае 7,5 джоўля, ужо трэба мець дазвол органаў унутраных спраў.
З той пнеўматычнай зброяй, якая знаходзіцца ў нас на ўліку, праблем амаль не бывае. Яна пад кантролем, пастаянна правяраецца. Аднак з канструктыўных вырабаў усё ж такі пастрэльваюць. І каб папярэдзіць злачынствы, МУС летась выступіла з ініцыятывай абмежаваць продаж пнеўматыкі непаўналетнім. Зварот ужо знаходзіцца на разглядзе ў Савеце Міністраў.
— Каб захоўваць пнеўматыку звыш 7,5 джоўляў у сваёй кватэры, ці трэба атрымаць даведку ад урача?
— Безумоўна. Ёсць пералік хвароб і фізічных недахопаў, які забараняе валодаць зброяй. Сярод іх псіхічныя растройствы, нервовыя і хірургічныя захворванні, хваробы вачэй, горла, слыху.
— Якімі яшчэ трэба валодаць дакументамі, каб мець пнеўматычную зброю?
— Членскі білет спартыўнай арганізацыі, у якім прапісана, што вы займаецеся стральбой ужо больш за 5 гадоў, альбо пасведчанне паляўнічага. І, безумоўна, вы мусіце мець жалезную шафу, дзе будзеце захоўваць зброю.
— Якая адказнасць прадугледжана за незаконны збыт пнеўматыкі?
— Штраф ці выпраўленчыя работы на тэрмін ад аднаго да двух гадоў. Альбо пазбаўленне волі да двух гадоў, арышт да шасці месяцаў. Пнеўматыку і канструктыўна падобныя вырабы абавязкова трэба прадаваць па ліцэнзіі. Уся яна павінна прайсці сертыфікацыю ў Дзяржаўным экспертна-крыміналістычным цэнтры. У іншым выпадку прадаўцы панясуць адказнасць. Так, сёлета з незаконнага абарачэння выведзена 79 адзінак пнеўматычнай зброі. За незаконны збыт заведзены 4 крымінальныя справы.
Трэба заўжды памятаць, што пнеўматыка не з'яўляецца сродкам самаабароны. Яе задача — удасканаленне вашых навыкаў у стральбе. Таму любая страляніна з яе ў грамадскіх месцах будзе расцэньвацца як хуліганства, а трапны выстрал можа прычыніць даволі сур'ёзныя цялесныя пашкоджанні. Нават страту зроку, слыху... Таму перад тым, як набыць такую небяспечную рэч, яшчэ раз падумайце, ці патрэбна яна вам насамрэч.
Тарас ШЧЫРЫ
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.