Вы тут

Толькі пра гэта — нікому!


Напэўна, кожнай з нас знаёмая сітуацыя, калі пры тваім з'яўленні на парозе кабінета калегі, якія толькі што гучна балбаталі, раптам спыняюць гаворку. Інтуітыўна ты пачынаеш думаць: напэўна, гэтыя людзі гаварылі пра мяне, а значыць, нешта са мной не так... Вядома, становіцца непрыемна. Іншая справа, калі на іх месцы знаходзішся сама: няма ж нічога дрэннага ў гутарцы з сяброўкай або знаёмай! Звычайны абмен інфармацыяй!


Цікавасць да людзей, што знаходзяцца побач з намі, цалкам натуральная, і мы хочам быць у курсе таго, што і з кім адбываецца. Да таго ж усіх і заўсёды нязменна прыцягваюць сакрэтныя рэчы, закрытыя і вельмі асабістыя тэмы. Плёткі па сваёй сутнасці — дзіцячая гульня ў сапсаваны тэлефон. Самае цікавае, што больш за ўсё станоўчых эмоцый выклікае няправільнае, моцна змененае слова ў канцы «звяна». Вось так і з інфармацыяй: пакуль яна перадаецца дакладна — гэта навіна, а як толькі мы прыўносім суб'ектыўныя дэталі — усё, можна лічыць, што пачатак плётцы пакладзены. Далей плётка абрастае як снежны ком, бо ўсім важныя падрабязнасці і дэталі. Дададзім яшчэ асабістую прадузятасць да пэўнай тэмы або персоны. На справе ўсё проста, як дзень: плёткі надаюць нашым зносінам жывасць, робяць іх больш яркімі і маляўнічымі.

Вядома ж, адно з месцаў, дзе плеткары і плёткі часта канцэнтруюцца ў вялікіх колькасцях, — гэта офіс. Новая сімпатычная (калі пляткараць мужчыны) ці «так, нічога асаблівага» (калі пляткараць жанчыны) супрацоўніца ў суседнім аддзеле, светлыя (ці не вельмі — гэта ўжо як вам пашанцавала) перспектывы кампаніі, чарговыя «геніяльныя» ідэі шэфа... Па большай частцы плёткі ў офісе — гэта падстава для камунікацыі і спосаб стварэння давяральных адносін. Яны запаўняюць інфармацыйны вакуум, а ў часы сур'ёзных змен накшталт скарачэння штату або змены кіраўніцтва служаць у літаральным сэнсе «энергетычным падсілкоўваннем» для супрацоўнікаў.

Што часцей за ўсё абмяркоўваюць на працы? Даследаванні выявілі лідараў «рэйтынгу». Аказваецца, мы не можам спакойна ўспрымаць:

  • ляноту калег;
  • тых, хто заўсёды трымаецца асобна;
  • кіраўнікоў, якія не могуць нармальна арганізаваць працу/своечасова выплаціць заробак/ацаніць таленты падначаленых (яшчэ 1000 пунктаў);
  • асабістыя адносіны на працы, прычым большасць жанчын лічаць, што асабістая тэма — самая «гарачая» для абмеркавання.

Дарэчы, для ўмелага і вопытнага кіраўніка плёткі — гэта крыніца інфармацыі аб пачуццях і думках радавых супрацоўнікаў. Для звычайнага ж супрацоўніка гэта асабісты офісны «радар», які здольны папярэдзіць пра важныя перамены на месцы працы яшчэ да таго, як пра іх стане вядома з афіцыйных крыніц. Зразумела, нельга ўспрымаць інфармацыю, якая перадаецца такім чынам, літаральна. Плётка — гэта намёк. Не прымушэнне да дзеяння, але сігнал аб магчымай небяспецы або, наадварот, спрыяльнай сітуацыі.

Калі плётка можа нашкодзіць? Як правіла, тады, калі гэтага хочуць самі плеткары. У такім выпадку нечая падмочаная рэпутацыя — гэта толькі вяршыня айсберга. Непрыемныя плёткі раз'ядноўваюць калектыў і руйнуюць тое, што могуць умацаваць плёткі незласлівыя — атмасферу даверу. Часам некаторыя плёткі могуць стаць нават падставай для звальнення. Так што будзьце асцярожныя. На ўсялякі выпадак  прывядзем некалькі парад адносна таго, як пляткарыць «бяспечна»:

  • калі ўжо ў вас ёсць цяга да абмеркавання іншых людзей і іх учынкаў, рабіце гэта час ад часу, але не занадта часта і не з кім папала;
  • не пераказвайце занадта часта плёткі, якія даўно ўжо шпацыруюць па офісу, інакш вас могуць прыняць за іх аўтарку;
  • можаце слухаць тое, што кажуць калегі, але самі па магчымасці гаварыце мала; прытрымвайцеся прынцыпу: усё, што вы скажаце, можа быць паўторана, таму памятайце пра наступствы;
  • перш чым пераказаць плётку, задумайцеся аб матывах таго, хто яе пусціў;
  • ніколі не распаўсюджвайце агідныя звесткі, інфармацыю, якая ганьбіць і прыніжае;
  • калі неасцярожнае слова пакрыўдзіла вашу калегу, лепш адразу шчыра прызнайцеся, што незнарок прамовілі яго менавіта вы, і папрасіце прабачэння.

Псіхолагі высветлілі, што існуюць прафесіі, у якіх лёгка перайсці тонкую мяжу паміж працай і пляткарствам. У групе рызыкі апынуліся настаўнікі, урачы, журналісты, сацыёлагі, а ў першую чаргу — самі псіхолагі. Калі вам пашчасціла быць прадстаўніцай адной з названых прафесій — не страчвайце пільнасці: магчыма, у гэты самы момант ваша калега дадумвае нешта цікавае пра вас...

Міра КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.