Вы тут

Сёння Герою Савецкага Саюза Васілю Мічурыну спаўняецца 100 гадоў


Ці думаў калі Васіль Сяргеевіч, што дажыве да такой прыгожай даты? Напэўна, не. Жыццё было вельмі няпростае, каб так далёка заглядваць наперад. Тым больш у яго лёсе — дзве вайны, дзе здавалася, што кожны дзень апошні...


Зорку Героя Васіль Мічурын атрымаў яшчэ за савецка-фінскую вайну. Аб такой высокай узнагародзе даведаўся ад сваіх таварышаў. Вушам сваім не паверыў: героямі тады толькі лётчыкі станавіліся, а тут на́ табе — кулямётчыку пашанцавала!

Вось што расказваў мне Васіль Сяргеевіч пра тое, што ў свой час назвалі подзвігам: «А было ўсё так. Марозным лютаўскім днём 1940 года. Я быў тады кулямётчыкам 271-га мотастралковага палка 17-й мотастралковай дывізіі Паўночна-Заходняга фронту. Мы атрымалі загад аб наступленні. Падчас бою камандзір узвода быў смяротна паранены. Прыйшлося браць ініцыятыву ў свае рукі. 15 кулямётчыкаў да апошніх сіл змагаліся з ворагам. У жывых засталіся толькі я і падносчык патронаў Каралёў. Абарона праціўніка на рацэ Пінус-Ёкі, што каля вёскі Мэра (цяпер Выбаргскі раён Санкт-Пецярбургскай вобласці), была паспяхова прарвана...» Так, лічы ў адзіночку, Васіль Мічурын даваў адпор ворагу.

Нягледзячы на такую высокую ўзнагароду, у Вялікую Айчынную ён быў звычайным салдатам. Прайшоў усю вайну: пачынаючы з абароны Мінска і заканчваючы штурмам Берліна. Але ўсё скончылася для яго толькі 13 мая 1945 года пад Прагай.

Пасля вайны Герой Савецкага Саюза служыў у Брэсце. Ужо тады для яго, рускага па нацыянальнасці, стала зразумела, што ён назаўжды звязаны з Беларуссю. Так і атрымалася. Хоць і служыў некаторы час у групе савецкіх войск у Германіі, шляхі-дарогі ўсё роўна вялі Васіля Мічурына ў Беларусь, якая стала для яго другой радзімай.

На працягу многіх гадоў Герой Савецкага Саюза (іх, дарэчы, у Беларусі разам з ім засталося ўсяго двое) з'яўляецца актыўным удзельнікам шматлікіх грамадскіх і ветэранскіх арганізацый. Нягледзячы на паважаны ўзрост, палкоўніка ў адстаўцы часта можна ўбачыць на розных мерапрыемствах. Асабліва даспадобы яму сустрэчы з моладдзю. Як гаворыць ветэран, колькі будзе жыць — столькі будзе сустракацца з моладдзю. Зычым Васілю Сяргеевічу, каб гэтых сустрэч у яго было яшчэ нямала!

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Дзве вайны — на адзін лёс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».