Вы тут

Якія працы робяць пры планавай мадэрнізацыі дома?


Перанесці апорную сцяну ў сваёй кватэры, выкапаць падвал пад балконам першага паверха, замяніць газавую пліту электрычнай закон уласнікам жылля не забараняе — пры ўмове атрымання спецыяльнага тэхпраекта, які засведчыць, што перабудовы не пашкодзяць будынку і камунікацыям у ім. Аднак замяняць стаякі з вадою самымі навамоднымі, але не прадугледжанымі праектам трубамі, павялічваць колькасць рабрын у батарэі або ставіць на даху спадарожнікавую талерку не дазваляецца. Капітальны рамонт можа быць самастойным ці планавым. У першым выпадку — гэта асабістае рашэнне ўладальніка палепшыць якасці кватэры, у другім — абнаўленне ўсяго будынка за кошт адлічаных сродкаў. Аднак пры гэтым не ўсе паслугі, якія будуць выкананы падчас агульнага капрамонту, акажуцца для жыхароў бясплатнымі.


Дадатковыя работы ў кватэры — за свой кошт

Калі да дома даходзіць чарга, супрацоўнікі жыллёвай службы выбарачна абыходзяць некалькі кватэр у ім, каб уявіць, што прыйдзецца рабіць падчас капрамонту. Зыходзячы з убачанага, спецыялісты складваюць агульнае рашэнне па каштарысе прац, аднолькавае для ўсіх кватэр.

Калі ўзнікне патрэба ў дадатковых работах (накшталт абабіць плітку са сцяны ці разламаць нішу ў санвузле, якую зрабілі самі жыхары, а не рабочыя, бо немагчыма трапіць да трубаправода), уладальнік павінен сам вырашыць гэтую праблему або аплаціць паслугі спецыялістаў.

— Прасіць рабочых зрабіць нешта за наяўныя грошы дарэмна — майстры выканаюць неабходныя паслугі, толькі калі жыхар падасць у ЖЭС адпаведную заяўку і аплаціць заказ, — патлумачыла Лілія ЕРМАЛАЕВА, галоўны інжынер ЖЭУ № 4 Заводскага раёна г. Мінска. — Скардзіцца нам, што спецыяліст адмовіўся збіваць плітку ці настойвае на тым, што трэба ліквідаваць зашытую наглуха нішу, за якой схаваны магістральны трубаправод, таксама не трэба. Ён мае права адмовіцца рабіць тое, што не прадугледжана праектам. А дабрацца да камунікацый мы павінны, бо іх абавязкова трэба замяніць пры капрамонце.

Згодна з артыкулам 97 Жыллёвага кодэкса Беларусі, усё, што знаходзіцца ў кватэры, — уласнасць жыльца, і работы там выконваюцца за яго кошт. Бясплатна пры капрамонце абавязкова заменяць толькі магістральныя трубы: стаякі халоднай і гарачай вады, каналізацыйны. Дарэчы, гаспадар не можа купіць трубы, якія яму падабаюцца, — усё роўна паставяць тыя, што прадугледжаны праектам.

— Самадзейнасць тут не дапускаецца. Матэрыял, з якога цяпер робяць трубы, імпартны, сучасны і якасны, і не трэба мудрагеліць занадта, набываючы самае-самае, — папярэдзіла Лілія Барысаўна. — Тое ж самае тычыцца замены ацяпляльных прыбораў. Трэба атрымаць дакумент, дзе будзе пазначана тэхнічная магутнасць батарэі. На яго падставе зробяць праект, што дазволіць пераўладкаваць ацяпляльны прыбор. Батарэя можа быць любой сістэмы і фірмы, аднак калі праектам прадугледжана 4 рабрыны, то 8 вы не паставіце. Інакш у доме сапсуецца цыркуляцыя цепланосьбітаў (вады), ды і цяплей у два разы ўсё роўна не будзе.

У доме з газавымі плітамі, дарэчы, мяняюцца таксама і газавыя трубы (за кошт дзяржавы). Пры гэтым трэба памятаць: калі абсталяванню больш за 10 гадоў, пасля замены камунікацый назад пліту не падключаць, пакуль не набудзеце новую.

Пасля работ майстры ЖЭС заўжды прыбіраюць за сабой і выносяць смецце. Адзінае выключэнне — плітка. Яе нельга проста выкінуць на сметнік, без папярэдняй апрацоўкі. Таму прыйдзецца заплаціць за яе вываз дадаткова. Старыя вокны з кватэры на сметнік таксама павінны выносіць тыя, хто іх мяняе (як правіла). Пры гэтым адтуль папярэдне трэба дастаць шыбы.

Пад'езд рамантуе ЖЭС, а фарбуюць — жыхары

У самім доме пры капітальным рамонце парадкуюць дахі, мяняюць вокны ў месцах агульнага карыстання (пад'ездах), дзверы ў тэхнічныя памяшканні: электрашчытавыя, падвалы, цеплавузлы, выхады на дах, машынныя памяшканні. Усталёўваюць маланкаадводы на даху. Рамантуюць фасад будынка і стыкі паміж плітамі. Чысцяць вентыляцыйныя каналы, мяняюць ліўневую каналізацыю, калі яна ўбудаваная ў дом.

Цеплавая рэабілітацыя, да якой прывыклі ўласнікі, на фасадах цяпер не робіцца, калі для гэтага няма прычын па выніках цеплавізійнага абследавання.

— Колькі разоў мы праводзілі праверкі, прамярзанні пацвярджаюцца рэдка і кропкава ў некаторых кватэрах. Такога, каб увесь дом меў патрэбу ва ўцяпленні, амаль не здараецца. Аднак памяшканні, дзе панэлі сапраўды кепска сябе паводзяць і стыкі прамярзаюць, мы за кошт ЖЭС уцяпляем падчас капрамонту, — расказала галоўны інжынер. — Калі тэрмін яго не надышоў, то рэабілітацыя робіцца ў межах бягучага рамонту (як правіла, праз год і таксама за дзяржаўныя сродкі). За свой кошт уцяпліцца можна хутчэй.

Электраправодку ў пад'ездзе бясплатна мяняюць толькі да першай размеркавальнай каробкі, што знаходзіцца каля дзвярэй кватэры. Канцы правадоў заводзяць у памяшканне і злучаюць са старымі кватэрнымі. Унутры замена правадоў, укладванне іх у корабы, штрабленне сцен і перанос разетак — за кошт жыльцоў і з абавязковым праектам (асабліва калі патрэбна павялічыць колькасць разетак). Звярнуцца па гэтую паслугу можна і да ЖЭС, і да падрадчыка, які працуе падчас капрамонту.

Перыядычна ў пад'ездзе за кошт жыхароў павінен адбывацца касметычны рамонт: атынкоўка і афарбоўка сцен і столі.

— Мы абходзім пад'езды і складаем дэфектныя акты, дзе вызначаем працэнт пашкоджанняў. Па выніках прымаем рашэнне — рабіць поўны касметычны рамонт ці частковы. У асноўным церпіць уваходная група — некалькі першых паверхаў: іх прыходзіцца аднаўляць кожны раз. А вышэй ужо нармальна, — адзначыла Лілія Ермалаева. — Папярэдне мы сустракаемся з жыхарамі і абмяркоўваем, на колькі месяцаў рабіць растэрміноўку аплаты работ, і заказваем колер і якасць фарбы, зыходзячы з іх пажаданняў. Некаторыя нават плітку дадаткова аплачваюць, каб прыгажэй было.

Магчымасці бясплатныя, па графіку і па дазволе

За некаторыя паслугі па добраўпарадкаванні жылля ўласнікам плаціць не трэба. У абавязак эксплуатацыйнай службы ўваходзіць, напрыклад, чыстка казырка над пад'ездам. Аднак яна праводзіцца па графіку, і калі жыхар папросіць вымесці адтуль недакуркі, а ЖЭС там пару тыдняў як прыбраў, — за гэта прыйдзецца заплаціць або чакаць наступнага разу па графіку.

Замена лямпачак таксама бясплатная. Гэтая паслуга ўваходзіць у паняцце «тэхнічнае абслугоўванне». Аднак калі супрацоўнікі ЖЭС самі не бачаць, што яна перагарэла, жыльцам трэба званіць на адзіны нумар 115, каб заказаць паслугу па замене лямпачкі.

За кошт дзяржавы падчас бягучага рамонту мяняюць таксама свяцільнікі, усталёўваюць датчыкі АСК (яны запальваюць святло, рэагуючы на гук ці рух) або сэнсарныя кнопкі, што рэагуюць на дотык далоні. Рамантуюць электрашчыткі, мяняючы ў іх звычайныя кватэрныя аўтаматы (пераключальнікі, што абясточваюць кватэру). Пры гэтым асабістыя пераключальнікі жыльца (напрыклад, для пральнай ці пасудамыйнай машыны) новыя не ставяць.

— Апорныя сцены жыхарам ніколі не забаранялася «пераносіць» — гэта міф. Проста гэта рэдка хто робіць. Часцей за ўсё у іх праразаюць аркі ці іншыя праёмы. Гэта дазваляецца, калі рабіць адпаведны праект і наймаць падрадчыкам спецыялізаваныя арганізацыі, — расказала супрацоўніца ЖЭС. — Пасля ўсе змены трэба ўзаконіць афіцыйна. Напрыклад, часта пакой аб'ядноўваюць з лоджыяй. Калі гэта робіцца без папярэдняга дазволу, жылец атрымае штраф. Але калі ён узаконіць змяненне, пакуль ідзе адміністрацыйны працэс, усё будзе ў парадку нават пастфактум.

Спецыяльны дазвол трэба набываць і каб зрабіць сабе падлогу з падагрэвам электрычнасцю. Абаграваць падлогу вадой хутчэй за ўсё забароняць — інакш праз гэта будзе пакутаваць увесь пад'езд. Перад падключэннем бойлера, пасудамыйкі ці замены газавай пліты электрычнай таксама лепш зрабіць праект, у якім спецыялісты адразу падлічаць, ці не перанапружыцца сістэма ад работы такога энергапатрабавальнага абсталявання.

Праектна-каштарысная дакументацыя і дазвол спатрэбяцца і тым, хто намерыцца зрабіць пад балконам падвал або прыбудаваць сам балкон, якога на першых паверхах у старых дамах часта няма.

— Каб не трапіць у няёмкае становішча, лепш выклікаць нашага спецыяліста і сказаць, што вы плануеце рабіць у кватэры. Ён пракансультуе, ці можна гэта зрабіць, параіць, што набыць, і нават каштарыс можа скласці, — дадала Лілія Барысаўна. — Яго кошт абыдзецца ў 2% ад каштарыснай вартасці або бясплатна, калі рабіць усё будуць работнікі ЖЭС. Прымушаць заказваць запланаваныя работы толькі ў нас ніхто не будзе.

Капітальны рамонт дома могуць выконваць як рабочыя ЖЭС, так і падрадныя арганізацыі, з якімі ў людзей часта ўзнікаюць непаразуменні. Перад пачаткам работ прадстаўнік падрадчыка, як і ЖЭС, паведамляе жыхарам на агульным сходзе, што будзе адбывацца, а раз на тыдзень прымае грамадзян па асабістых пытаннях.

Каб вырашыць спрэчныя моманты і разабрацца, хто і што каму павінен, лепш тэлефанаваць у службу тэхнічнага назірання, якая замацавана за кожным домам падчас правядзення ўсіх работ. Штотыднёва яна разглядае ўсе пытанні, што ўзнікаюць, пакуль ідзе капрамонт, а на самім доме вісіць пашпарт аб'екта з нумарамі, прозвішчамі і пасадамі тых, да каго трэба звяртацца з пытаннямі.

Ірына СІДАРОК

sіdаrоk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Адчыніце, да вас капрамонт!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».