26 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Надзея Дрыла прэзентавала кнігу «Сустрэчы без абцасаў»


У Віцебскай абласной бібліятэцы адбыўся творчы вечар гісторыка Людмілы Хмяльніцкай. Распачаўся ён прэзентацыяй кнігі журналісткі газеты «Звязда» Надзеі Дрылы «Сустрэчы без абцасаў».


Сімвалічна, што чарговая прэзентацыя «Сустрэч без абцасаў» прайшла ў межах творчага вечара Людмілы Хмяльніцкай, бо яна — адна з гераінь кнігі. Журналістка расказала, як аўтарскі праект, што нарадзіўся на старонках «Звязды», пераўтварыўся ў асобнае выданне. А таксама — як правілы жыцця «моцных» жанчын паўплывалі на яе ўласны лёс, дапамаглі зверыць стрэлкі жыццёвага компаса. Перш чым перадаць слова гераіні вечара, Надзея зачытала невялікі ўрывак з інтэрв'ю з Людмілай Хмяльніцкай, які ўвайшоў у кнігу. «Працэс творчасці часта ўступае ў канфлікт з побытам. Самы пік маёй неарганізаванасці: калі пісала цудоўны тэкст пра Шагала, яго зносіны ў 1913 годзе з французскімі паэтамі-авангардыстамі Гіёмам Апалінэрам і Блезам Сандрарам, і не прыкмеціла, як затапіла суседзяў. Фактычна я была дома, хадзіла там, але не бачыла, што ў мяне пральная машына вылівае ўсю ваду міма. Суседзі мяне, на жаль, не зразумелі, калі я сказала, што была ў 1913 годзе...».

Гэтая бытавая замалёўка вельмі яскрава характарызуе Людмілу Хмяльніцкую, як чалавека, захопленага сваёй справай. Падчас сустрэчы яна расказала яшчэ некалькі асабістых гісторый, звязаных з выхадам сваіх краязнаўчых выданняў.

«...Шфмат гадоў таму Францыска Рогер даслала мне артыкул пра нашу зямлячку Ганну Тумаркіну — першую ў Еўропе жанчыну-дацэнта. Мы змясцілі яго ў адным з нумароў «Віцебскага сшытка» (краязнаўчы часопіс, рэдактарам якога з 1995 года з'яўляецца Людміла Хмяльніцкая. — Аўт.). Гэта была сенсацыя. Праз нейкі час адна мінская журналістка даведалася, што ў гістарычным цэнтры Берна ў гонар Тумаркінай перайменавалі вуліцу. З вялікай цяжкасцю яна знайшла Францыску Рогер (у якой ёсць кніжка на нямецкай мове пра ўсіх выпускніц Бернскага ўніверсітэта) у Берне, спісалася з ёй і папрасіла: «Дайце, калі ласка, інфармацыю пра нашу зямлячку». На што атрымала адказ: «А пачытайце «Віцебскі сшытак». Там усё ёсць».

Наш часопіс выходзіў невялікім накладам. Таму маю прапанову. Калі ў вас ёсць магчымасць выкласці тэксты, якія друкаваліся ў ім, у электронным варыянце на сайт бібліятэкі, то гэта было б цудоўна». — «Калі аўтары і вы дазваляеце бібліятэцы гэта зрабіць, будзем толькі рады», — сказала Ларыса РАГАЧОВА, загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Віцебскай абласной бібліятэкі.

«Газета «Віцьбічы» колькі гадоў таму надрукавала карту Віцебска 1904 года, — працягвае Людміла Хмяльніцкая. — Яе наклад разляцеўся імгненна, таму Сяргей Рублеўскі прапанаваў зрабіць перавыданне. Гэтае пытанне якраз і абмяркоўвалася на пасяджэнні археаграфічнай камісіі ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці. «Добра было б, каб да гэтай карты быў нейкі тлумачальны тэкст», — прапанавала я. Рублеўскі сказаў: «Выдатная ідэя. Вось ты і зробіш». Так з'явілася мая кніга «Прагулкі са старой картай», якая карыстаецца вялікай папулярнасцю. Я цешуся, што людзі з задавальненнем вандруюць пры дапамозе віртуальнай карты па тым, ранейшым, Віцебску».

«Паралельна працую над некалькі матэрыяламі. Гэта нармальна: стамляешся ад адной тэмы — пераключаешся на другую. Зараз рыхтую вялікую кніжку пра Аляксандра Рыпінскага. Гэта наш фалькларыст, фатограф, пісьменнік, паэт. Беларусы пра яго ведаюць вельмі мала. У Нацыянальнай бібліятэцы ёсць толькі ксеракопія адзінай яго кнігі «Беларусь», якая выйшла ў 1840 годзе ў Парыжы. І па сутнасці ніхто не ведае, калі ён памёр і дзе. Мне зноў-такі пашчасціла: я знайшла метрычны запіс у кнізе віцебскага касцёла пра ягоную смерць. Там не толькі дата і прычына сыходу, але і звесткі пра тое, дзе ён быў пахаваны і хто застаўся пасля яго.

Шукала праз інтэрнэт звесткі пра Сар'ю і натрапіла на амаль 300 фотаздымкаў з сядзібы Беліца Сенненскага раёна, якая належала роду Свяцкіх. Не магла прайсці міма. Таксама, думаю, можа атрымацца неблагая кніга.

Не пакідае мяне і Шагал. Вялікія задумкі, бясконцыя. Некалькі гадоў таму выйшла мая кніга «Марк Шагал і Віцебск», дзе апісаны віцебскі перыяд жыцця мастака. Відавочна, што наступная павінна быць «Бэла Шагал і Віцебск». Гэтая постаць усё больш і больш прыцягвае маю ўвагу. Усе ведаюць, што першая жонка Шагала была музай, натхняльніцай. Але гэта толькі агульныя фразы. А хто такая Бэла? Што яна сабой уяўляла як чалавек? Прыйшоў час вывесці жонку мастака з ценю...»

Людміла Хмяльніцкая бярэ ў рукі кнігу «На Белай Русі ў Сар'і», прысвечаную шляхецкаму роду Лапацінскіх.

«Чаму ўзялася за гэтую тэму? На той час я працавала ў рэстаўрацыйнай майстэрні ў Віцебску. Мы атрымалі заказ на рэстаўрацыю парку ў вёсцы Сар'я Верхнядзвінскага раёна. Я збірала па архівах звесткі. Куды ні прыеду, нідзе не знаходжу матэрыялаў пра парк. Пра касцёл ёсць, пра маёнтак ёсць, пра Лапацінскіх ёсць. А пра парк нічога. Потым, калі паехала ў тую Сар'ю, калі падышла да касцёла, была так уражана яго прыгажосцю! На мой погляд, гэта найлепшы помнік неаготыкі ў Беларусі, які захаваўся! У той жа момант вырашыла: я не магу пра яго не напісаць. Пачала збіраць звесткі і здарыўся цуд. Я знайшла не толькі імя архітэктара (для помнікаў архітэктуры Беларусі, на жаль, вялікая рэдкасць — даведацца імя архітэктара), але і нават імёны муляраў, што рабілі кладку гэтага касцёла. І ўсе падрабязнасці гэтай гісторыі. І потым высветлілася, што Лапацінскія, якія там жылі і пабудавалі гэты касцёл, вельмі любілі трапляць на старонкі дзённікаў сваіх сучаснікаў. Гэтыя жыццёвыя ўспаміны пра Лапацінскіх таксама ўвайшлі ў кніжку. Цяпер працую над другім выданнем, якое будзе разы ў 2-3 таўсцейшае, чым гэтае.

Зараз значна палепшылася сітуацыя з даступнасцю крыніц. Апроч кніг XVIII–XIX стст., якія ёсць у адкрытым доступе, архівы таксама выкладаюць матэрыялы (нават метрычныя кнігі фондаў) на сваім сайце. Ужо не трэба збіраць грошы, каб паехаць у Пецярбург, Маскву, Рыгу. Можна пакапацца ў архіве не выходзячы з дому. Інтэрнэт сцёр межы, сёння ўсё роўна, дзе ты жывеш: у Мінску, у Парыжы ці ў Віцебску. Доступ да інфармацыі аднолькавы. Усё залежыць выключна ад твайго жадання. Правінцыя цяпер — гэта не месца жыхарства, гэта спосаб мыслення. Мне б хацелася, каб пры такой базе больш актыўна праяўляла сябе моладзь, якая, карыстаючыся гэтымі магчымасцямі, пісала б сур'ёзныя работы. Каб тут, у бібліятэцы, было больш сустрэч з іншымі краязнаўцамі».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Загаловак у газеце: «Правінцыя — не месца жыхарства, а спосаб мыслення». Так лічыць Людміла Хмяльніцкая, адна з гераінь кнігі «Сустрэчы без абцасаў»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне. 

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.