Вы тут

Новыя будынкі без пандусаў заказчыкі будуць перарабляць за свае грошы


За парушэнне нормаў безбар'ернага асяроддзя будуць прыцягваць да адказнасці.

З такой прапановай выступіла намеснік прэм'ер-міністра Наталля КАЧАНАВА. «Няхай заказчыкі выпраўляюць парушэнні за грошы з уласнай кішэні. Трэба не прымаць такія аб'екты. Павінны быць самыя жорсткія падыходы, я вельмі прашу звярнуць на гэта ўвагу», — выказалася віцэ-прэм'ер падчас выязнога пасяджэння Рэспубліканскага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў.


Пытанням безбар'ернага асяроддзя цяпер надаецца шмат увагі. Толькі ў Мінскай вобласці ўдзельная вага адаптаваных аб'ектаў вырасла з 53 працэнтаў у 2011 годзе да 86 працэнтаў у 2015-м. Умовы для бесперашкоднага доступу інвалідаў створаны ў 1659 будынках.

Гэта 18 аб'ектаў сацыяльнай абароны, 89 — аховы здароўя, 472 — адукацыі, 71 — культуры, 21 — фізічнай культуры і спорту. Абсталяваны належным чынам таксама 497 крамаў і гандлёвых цэнтраў і 105 цырульняў, рамонтных майстэрняў, фотаатэлье.

Нумары для калясачнікаў з'явіліся ў гасцініцах Вілейкі, Валожына, Салігорска, Дзяржынскага раёна. Летась пачаты рамонтныя работы ў гасцініцы ў Мар'інай Горцы, а на сёлета запланаваны ўвод у эксплуатацыю даступнага гатэля ў Нясвіжы. Мясцовыя ўлады разлічваюць, што за 2017—2019 гады аналагічныя нумары зробяць у Маладзечне, Лагойску, Мядзелі, Стоўбцах, Жодзіне. У будучым інваліды-калясачнікі змогуць спыніцца і ў гасцініцы гарналыжнага цэнтра «Сілічы».

Адаптуецца грамадскі транспарт.

На сёння 23 працэнты аўтобусаў абласнога аўтапарка Міншчыны — нізкападлогавыя. Сёлета набудуць у лізінг яшчэ 32 аналагічныя адзінкі.

Вядома, гэта яшчэ не той вынік, які мусіць быць, прызнае намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар СІРЭНКА. На наступныя пяць гадоў на безбар'ернае асяроддзе выдаткавана амаль 28 мільярдаў недэнамінаваных рублёў са сродкаў абласнога бюджэту. Важна, каб новыя аб'екты будаваліся ў адпаведнасці са стандартамі. «Калі не выкаранім недахопы на этапе праектавання, будзем даганяць бясконца», — заўважыў Віктар Сірэнка.

Па словах Наталлі Качанавай, пытанне стварэння безбар'ернага асяроддзя нават не абмяркоўваецца: гэта мусіць быць прадугледжана ў кожным праекце.

— Мясцовыя органы ўлады не павінны даваць слабіны. Ёсць нормы — сачыце, каб яны насамрэч выконваліся. Вось, напрыклад, гэты будынак (Мінская абласная комплексная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа «Алімпік-2011». — Аўт.) — сучасны, прыгожы, з пандусамі. А выключальнікі святла знаходзяцца на ўзроўні паднятай рукі здаровага чалавека. І такія недахопы сустракаюцца паўсюдна, — пракаментавала віцэ-прэм'ер.

Не захоўваюцца, напрыклад, нормы пры абазначэнні парковак для інвалідаў. Па правілах, спецыялізаваныя месцы павінны быць на метр шырэйшымі, чым звычайныя (3,5 метра замест 2,5), каб чалавек без праблем мог выбрацца з машыны і перасесці ў каляску. Але часта адзінае, што адрознівае гэтыя паркоўкі, — спецыяльны значок. Варта было б таксама заштрыхоўваць гэты дадатковы метр (так робіцца на Захадзе), каб іншыя кіроўцы не стараліся ўціснуць на шырокае месца яшчэ адну машыну.

Наталля Качанава заўважыла, што пасяджэнні савета нездарма робяцца выязнымі. Адна справа слухаць справаздачы, а іншая — убачыць на месцах, як выконваюцца прынятыя законы.

— Усе мерапрыемствы, якія былі запланаваны дзяржпраграмай па стварэнні безбар'ернага асяроддзя на 2011—2015 гады, былі выкананы, — дадала яна. — Выдаткаваныя сродкі выкарыстаны ў поўным аб'ёме. Але нельга сказаць, што мы ўсё зрабілі, каб людзі з інваліднасцю адчувалі сябе камфортна. Рана самазаспакойвацца. Мы павінны стварыць роўныя ўмовы.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

г. Маладзечна

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Нумары для калясачнікаўі пандусы ў школах

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.