Вы тут

Адбыўся адкрыты чэмпіянат БФСТ «Дынама» па лайфрэслінгу


Асцярожна, некаторыя фотаздымкі могуць быць жорсткія. Усе фотаздымкі з'яўляюцца інсцэніроўкай. 

Перастрэлка, крыкі, слёзы — на гарадское кафэ адбылося нападзенне. Міліцыянеры, якія былі побач, першы агонь тэрарыстаў прынялі на сябе. Сярод іх — адна ахвяра. Другі міліцыянер, моцна паранены, стаіўся ў закутку ўстановы. Пацярпеў і адзін з наведвальнікаў кафэ...


На шчасце, гэта толькі легенда. Але становішча ў свеце ўсё яшчэ застаецца неспакойным. Апошнія падзеі ў курортнай Ніцы і турэцкай сталіцы паказалі, што не варта расслабляцца ні на хвіліну. Асабліва гэта тычыцца сілавікоў, якія ў падобных выпадках у першую чаргу павінны кінуцца на дапамогу.

Для таго, каб не разгубіцца і ўмець правільна дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях, у Цэнтры спецыяльнай падрыхтоўкі для прадстаўнікоў спецыяльных падраздзяленняў краіны арганізавалі заняткі па тактычнай медыцыне. У сітуацыі, набліжанай да рэальнасці, сілавікі апынуліся падчас адкрытага чэмпіянату БФСТ «Дынама» па лайфрэслінгу.

Дарэчы, лайфрэслінг — методыка масавага навучання асоб без медыцынскай адукацыі навыкам аказання першай дапамогі і правілам паводзінаў у экстрэмальных сітуацыях. Даслоўна перакладаецца гэты тэрмін як «барацьба за жыццё».

Гэтым разам удзельнікі чэмпіянату змагаліся за жыццё іншых. Уварваўшыся ў пакой, дзе адбылося здарэнне, яны павінны былі абяззброіць злачынцаў. Паколькі, па легендзе, апошнія паспелі збегчы, задачай прадстаўнікоў спецыяльных падраздзяленняў было адшукаць параненых і аказаць ім першую медыцынскую дапамогу. Пакуль адны накладвалі жгут і шыну, каб спыніць крывацёк, іншыя сачылі за пульсам і дыханнем «параненага», шукалі магчымыя раненні, накладваючы на іх павязкі. Астатнія ўдзельнікі каманды аказвалі дапамогу яшчэ аднаму «параненаму» — наведвальніку кафэ. Вярнуць яго да жыцця са стану комы дапамог непрамы масаж сэрца. І толькі потым байцы наклалі павязку на самае пашкоджанае месца — на галаву. Аказаўшы першую медыцынскую дапамогу, «параненых» мужчын эвакуявалі з месца здарэння — улічваючы атрыманыя «траўмы», гэта таксама трэба ўмець.

— Тактычная медыцына — вядучы кірунак у сусветнай практыцы, — расказвае начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння Цэнтра спецыяльнай падрыхтоўкі Ігар ГРЫГАРОВІЧ. — Вы бачыце, што адбываецца ў свеце. Любая, нават самая паспяховая краіна, не застрахавана ад тэрарыстычных атак. Нядаўна мы ўдзельнічалі ў міжнароднай канферэнцыі ў Германіі, якая была прысвечана менавіта тактычнай медыцыне, дзе яшчэ раз падымалася актуальнасць гэтага пытання. Дарэчы, згодна з нямецкім заканадаўствам, журналістаў не выпускаюць працаваць за мяжу, пакуль яны не пройдуць хаця б мінімальны курс па тактычнай медыцыне.

Як патлумачыў Ігар Грыгаровіч, сутнасць тактычнай медыцыны ў тым, што медыцынскую дапамогу аказваюць ваеннаслужачыя і прадстаўнікі іншых сілавых структур, якія не маюць медыцынскай адукацыі. «Раней, перш чым аказваць медыцынскую дапамогу, трэба было спытаць у пацярпелага, ці магу я гэта рабіць, — дадае начальнік аддзела. — Цяпер, у сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце, баявому варыянту аказання медыцынскай дапамогі павінны вучыцца ўсе, у тым ліку грамадзянскія службы, якія таксама змагаюцца з наступствамі тэрарыстычных атак».

Быццам нехта націснуў на паўтор — адна за адной каманды сілавых падраздзяленняў на практыцы дэманстравалі свае веды па тактычнай медыцыне, атрыманыя на працягу двухдзённага збору. Праўда, час у кожнага быў розны. Хтосьці спраўляўся з пастаўленай задачай каля 15 хвілін, іншым спатрэбілася напалову менш. У лідарах — тая каманда, якая менш за ўсіх затраціла часу і набрала мінімум штрафных балаў. Лепш за ўсіх з пастаўленай задачай справіліся прадстаўнікі спецыяльнага атрада хуткага рэагавання. Другімі на спаборніцтвах сталі байцы спецыяльнага падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз», трэцімі — атрада міліцыі асаблівага прызначэння Мінска.

За спаборніцтвамі сачылі і эксперты з Расіі. У суседняй краіне тактычнай медыцыне таксама ўдзяляецца вялікая ўвага.

— Такія спаборніцтвы рэдка дзе праводзяць, больш за тое, вы пачалі гэта рабіць першымі: ва ўсялякім разе, сярод постсавецкіх краін, — зазначае намеснік начальніка медыцынскай службы цэнтра тактычнай медыцыны Навучальнага цэнтра «Віцязь» Дзмітрый УЛЬЯНАЎ (Расійская Федэрацыя). — Мы такіх спаборніцтваў не праводзім, але наш цэнтр таксама рыхтуе спецыяльныя падраздзяленні для выканання службовых абавязкаў. Калі казаць пра пэўныя тэндэнцыі, то памылка многіх людзей у тым, што падчас надзвычайных сітуацый яны не ведаюць, што рабіць першапачаткова. І гэта не абавязкова могуць быць ваенныя дзеянні. Па статыстыцы, прыкладна 70% пацярпелых гінуць ад крывацёкаў: тыя, хто знаходзіцца побач, нясвоечасова аказваюць дапамогу або ўвогуле не ўмеюць гэтага рабіць.

Па ўмовах арганізатараў, у спаборніцтвах удзельнічаюць тыя, хто раней да такіх мерапрыемстваў не прыцягваўся. А ўсё дзеля таго, каб ахапіць як мага большую колькасць людзей, якія змогуць прыйсці на дапамогу ў экстрэмальнай сітуацыі.

Як падзяліўся камандзір групы атрада міліцыі асаблівага прызначэння УУС Брэсцкага аблвыканкама Яўген, для яго каманды гэты вопыт надзвычай карысны. «Каб правільна аказаць медыцынскую дапамогу, неабавязкова ўдзельнічаць у пэўнай баявой аперацыі, — тлумачыць Яўген. — Падобны вопыт можа нам спатрэбіцца і па-за службай: рэгулярна мы становімся сведкамі дарожна-транспартных здарэнняў, надзвычайныя сітуацыі могуць адбыцца ў нашых дварах і, не дай бог, у сем'ях. І незалежна ад таго, хто ты па прафесіі — міліцыянер, токар, прыбіральшчыца або ўрач — кожны з нас павінен умець дзейнічаць у падобнай сітуацыі».

Курсанты 3-га курса Ваеннай акадэміі Віталь Салдаценка і Максім Грыц згодны, што ніхто не застрахаваны ад надзвычайных сітуацый, таму важнасць своечасовага і правільнага аказання медыцынскай дапамогі з'яўляецца надзвычай актуальнай. Атрыманым падчас спаборніцтваў вопытам юнакі абавязкова падзеляцца са сваімі таварышамі.

Застаецца спадзявацца, што гэтыя веды спатрэбяцца юнакам менавіта ў такіх мэтах, а за экстрэмальнымі сітуацыямі мы будзем сачыць толькі ў перыёдыцы і на тэлевізійных экранах.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Загаловак у газеце: Прыйсці на дапамогу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».