Вы тут

Ці варта абмяжоўваць продаж у аптэках спіртавых настоек?


Некаторыя залежныя не грэбуюць нават мурашыным спіртам.


«Яна была для мяне проста як горкая вада»

— Да нас ужо з раніцы выстройваюцца чэргі вось такіх пастаянных «кліентаў», што пакутуюць ад «смагі», — уздыхае фармацэўт. — Купляюць усё запар, абы спірт у рэцэптуры прысутнічаў. Зусім прапашчыя не грэбуюць нават мурашыным спіртам, а ён жа — толькі для вонкавага прымянення.

Я абышла шэраг аптэк, і ніводзін фармацэўт не здзівіўся пытанню наконт алкаголікаў. Кожны прыгадаў некалькі такіх пастаянных «пакупнікоў». Калі пералічыць колькасць алкаголю, які змяшчаецца ў бутэльцы гарэлкі і ў настойцы на спірце, то атрымліваецца, што сёння купляць алкаголь у аптэцы танней, чым у краме. І людзі «з перагарам» гэта хутка зразумелі. «Прасунутыя» алкаголікі змешваюць стымулюючыя настойкі і заспакаяльныя і разводзяць усё гэта газіроўкай.

Як правіла, па такія «лекі» ідуць ужо алкаголікі са стажам, якія і хацелі б выпіць звычайнай гарэлкі ці «чарніл», ды грошай бракуе. Але нам давялося пазнаёміцца і з рэдкім прыкладам менавіта «аптэчнага алкаголіка». 56-гадовы Мікалай з дрыготкімі рукамі і пакорліва-сумным поглядам звычайную гарэлку зусім не п'е. Затое «фуфырыкі» (так на жаргоне называюць алкагольныя сурагаты) ужывае ўжо амаль 8 гадоў. Ён з гонарам кажа, што ніколі не меў аніводнага прагула ці парушэння (Мікалай — трактарыст, раней працаваў кіроўцам), і распавядае, як першы раз выпіў адразу цэлы флакончык настойкі і «злавіў хвалю» (звярніце ўвагу на яго лексікон — як у наркамана). Але пасля таго, як дзеянне «лекаў» прайшло, з'явіліся апатыя, абыякавасць да ўсяго. Тады ён выпіў яшчэ флакончык...

«Мне настойку з аптэкі падабаецца піць больш, чым гарэлку ці віно, — гаворыць Мікалай. — Таму што яна не замінае працы. А вось калі вып'ю шклянку спіртнога — пасля ўздыму ідзе дрымотнасць».

Але з цягам часу мужчына заўважыў, што і дома, і на працы ўсё, як яму здаецца, добра, усё задавальняе, толькі пакуль ёсць лекі ў арганізме. А як пройдзе 2-3 гадзіны, лекі выведуцца — усё раптоўна становіцца дрэнным.

Аднойчы, пасля некалькіх тыдняў ужывання, калі ён выпіваў да 6 флаконаў за дзень, пачалося недамаганне. «Ломка ў суставах была, вядома, не такая, як у наркаманаў, але прысутнічала. Вып'ю флакон — яна паволі праходзіць, — успамінае Мікалай. — Яшчэ тужліва вельмі станавілася, калі дзеянне флакончыка сканчалася. Я спрабаваў перабіць гэта віном, гарэлкай, але нічога не атрымалася. Я ад гарэлкі ўжо нічога не меў, яна была для мяне проста як горкая вада: ні «прыходу», ні «сыходу». Нічога, акрамя горычы ў роце. Аднойчы я зразумеў, што ад усяго гэтага ў адзін цудоўны дзень магу заснуць і не прачнуцца...»

У ад­ным з мін­скіх двароў.

Валакардзін і карвалол ужо не выкарыстоўваюцца

Тое, што сёння ў нашых аптэках можна свабодна, без рэцэпта набыць любую спіртавую настойку, загадчык 21-га наркалагічнага рэабілітацыйнага аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Уладзімір Іваноў называе сур'ёзнай праблемай.

— За мяжой такіх спіртавых настоек няма наогул, — кажа спецыяліст. — На Захадзе пануюць каноны доказнай медыцыны, і ў аптэчныя сеткі трапляюць толькі лекі з даказанай эфектыўнасцю. Многія спіртавыя настойкі часова здымаюць непрыемныя сімптомы менавіта за кошт наяўнасці ў іх алкаголю. Але гэта не лячэнне хваробы...

Што рабіць? «Можна ў выглядзе таблетак гэтыя лекі выпускаць, — упэўнены Уладзімір Іваноў. — Напрыклад, у нас у аптэках маюцца настойка валяр'яны на спірце і карычневыя таблеткі валяр'яны, якія дзейнічаюць не горш за настойку. У наяўнасці спірту там няма неабходнасці. Таму трэба мяняць лекавыя формы — адыходзіць ад прымянення спірту».

А яшчэ ў нашых аптэках можна свабодна набыць валакардзін, карвалол і іх аналагі. Гэтыя прэпараты людзі прымаюць ужо не таму, што ў іх ёсць алкаголь, а таму, што там ёсць фенабарбітал (іншая назва — люмінал). Прычым у адным флакончыку, па словах нарколагаў, знаходзіцца 17 сутачных доз гэтага моцнадзейнага псіхатропнага рэчыва. І яго можна атрымаць без рэцэпта, фактычна ў неабмежаванай колькасці.

Пры гэтым фенабарбітал — не толькі псіхатропны, але і наркатычны прэпарат, які ўваходзіць у пералік наркатычных прэпаратаў у любой краіне, у тым ліку і нашай. Ён вельмі хутка выклікае прывыканне і залежнасць — непараўнальна хутчэй, чым алкаголь. Калі вы паспрабуеце ўвезці карвалол у ЕС, напрыклад у Літву, і яго ў вас выявяць, то вас абвінавацяць у распаўсюджванні наркотыкаў.

Наогул, як кажуць спецыялісты, гэтае рэчыва пачалі выкарыстоўваць ў 1906 годзе як сродак супраць трывогі, а таксама заспакаяльны і снатворны. Але потым былі створаны значна больш эфектыўныя і пры гэтым бяспечныя прэпараты, якія выціснулі фенабарбітал. У Еўропе яго перасталі выкарыстоўваць на пачатку 60-х гадоў, і цяпер у многіх краінах фенабарбітал забаронены.

У Савецкім Саюзе, верагодна, праз некаторую ізаляцыю і шматгадовыя звычкі і традыцыі, фенабарбітал «затрымаўся». І да гэтага часу ва ўсіх постсавецкіх краінах, за выключэннем Прыбалтыкі, яго ўжываюць. У нас і цяпер многія людзі баяцца звяртацца да псіхіятра. Таму некаторыя з тых, што пакутуюць на трывожныя расстройствы і парушэнні сну, у якасці самалячэння карыстаюцца прэпаратамі з фенабарбіталам. Яны танныя, агульнадаступныя, прадаюцца без рэцэпта.

— Я хачу, каб людзі разумелі, што валакардзін і карвалол — гэта сродкі, якія адышлі ў мінулае і не выкарыстоўваюцца ўжо нідзе ў свеце, таму што негатыўных наступстваў ад іх прыёму значна больш, чым пазітыўных, — кажа нарколаг. — Так, станоўчыя моманты відаць адразу — чалавек прыняў прэпарат і праз 10 хвілін супакоіўся... Але негатыўныя наступствы застануцца з ім на гады. У яго ўзнікне прывыканне да прэпарата і будуць патрэбны большыя дозы — ужо не 15-20 кропель, а 50, а то і лыжка, таму што ранейшая доза не дзейнічае. Ён стане залежным ад прэпарата. У пажылых людзей валакардзін, карвалол і іх аналагі з часам выклікаюць цяжкія пашкоджэнні галаўнога мозга з парушэннем памяці, інтэлектуальных функцый, ажно да дэменцыі (старэчай прыдуркаватасці), таму што яны досыць таксічныя. Фенабарбітал дзесяцігоддзямі выкарыстоўваўся для лячэння хворых на эпілепсію, таму спецыялістам добра вядомыя наступствы яго прымянення.

Вытворцы гэтых лекаў атрымліваюць прыбытак ад іх продажу. А вось эканамічныя страты ад іх прыёму пакрывае дзяржава. Таму што мноства людзей ідуць потым лячыцца ў дзяржаўныя бальніцы ад наступстваў сістэматычнага ўжывання фенабарбіталу — полінеўрытаў, дэменцыі, розных захворванняў унутраных органаў. А млявасць, санлівасць за рулём на фоне прыёму гэтых прэпаратаў, якая можа прывесці да трагедый? Пажылыя людзі, якія прымаюць валакардзін і карвалол, часцей атрымліваюць пераломы шыйкі сцягна і інш. Хто потым аплачвае іх лячэнне? Дзяржава. Але тут не толькі эканамічныя страты, але і зламаныя, трагічныя лёсы, і гэта таксама варта было б улічваць.

Меркаванне

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Шамаль:

Калі гаварыць пра лекавыя настойкі, якія змяшчаюць 76-працэнтны спірт, то іх не так складана развесці да патрэбнага аб'ёму і атрымаць спіртавы напой. У прынцыпе, гэта нават не лекавыя прэпараты, а біялагічна актыўныя дабаўкі на спірце. І, улічваючы тое, што іх могуць выкарыстоўваць людзі з алкагольнай залежнасцю, некаторыя краіны перасталі выпускаць падобныя прэпараты, у іншых краінах іх адпускаюць толькі па рэцэпце.

Лічу, што надышоў час падумаць аб гэтым і ў Беларусі. Увогуле, праблема алкагалізму, на мой погляд, патрабуе комплекснага падыходу. І ў тым ліку было б карысна абмежаваць і свабодны продаж аптэчных прэпаратаў на спірце.

Святлана БУСЬКО

busko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У аптэку па «фуфырыкі»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.