Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» даведаліся, як людзі ўспрынялі новыя грошы


Прайшло ўжо тры тыдні, як краіна жыве з новымі грашыма. Як ідзе адаптацыя? Ці можам мы ўжо сказаць, што прызвычаіліся да іх? У чым асноўныя цяжкасці прывыкання? Каб знайсці адказ на гэтыя пытанні, мы вырашылі адправіцца на самы буйны рынак сталіцы — Камароўку, дзе ўсе разлічваюцца наяўнымі. Моладзь звычайна лёгка прыстасоўваецца да любых перамен, таму мы гутарым з пажылымі пакупнікамі.


...Падыходзім да прылаўкаў, на якіх роўненькімі радкамі стаяць вялікія пластыкавыя кубкі з чарніцамі, вішнямі, малінамі, агрэстам. Па той бок — бабулькі і пажылыя жанчыны гадоў 65–70. Выбраўшы, што будзем купляць, працягваем грошы адной з гандлярак: 5 рублёў новымі купюрамі і дваццаць тысяч — старымі. І тут жа пытаемся жанчыну:

— Ці не блытаецеся з рознымі грашыма?

— Блытаюся пакуль... — шчыра прызнаецца тая, красамоўна махаючы рукой. І тут жа дзеліцца з намі гісторыяй са свайго жыцця, якраз у тэму.

— Нядаўна атрымала пенсію новымі грашыма і вырашыла аддаць пазыку сяброўцы. А тая адмовілася браць новымі купюрамі, сказала, прынось у старых грашах. Прыйшлося ісці ў краму, мяняць новыя грошы на старыя, — смяецца наша суразмоўца і разам з ёю смяюцца суседкі-гандляркі.

***

84-гадовая Ніна Іванаўна прыйшла на Камароўку купіць балотных дурніц. Гаворыць, што вельмі цяжка пенсіянерам зараз разбірацца з гэтымі новымі грашыма.

— Мне сацыяльная работніца прынесла пенсію ў новых грашах, — расказвае пажылая жанчына. — Я прыйшла ў краму і кажу: я даю вам новыя грошы — і вы мне рэшту дайце такімі ж. А касірка не паслухала мяне і дала як новымі, так і часткова старымі. Я стаю і не магу разабрацца, а яна мне яшчэ і нагрубіла, маўляў, праходзьце хутчэй, у мяне тут чарга. І так і не патлумачыла, што яна мне дала, а я сама дык і не разабралася...

Ніна Іванаўна так расхвалявалася, што нават ледзь не расплакалася.

— Я вайну перажыла, на будоўлі працавала, потым — выхавальніцай у дзіцячым садку. Але цяпер няма павагі да старасці, — відаць, што жанчына ўсё яшчэ не можа адысці ад сваёй крыўды. — Зараз некаторыя несумленныя прадаўцы могуць ашукваць старых...

***

А вось 78-гадовай Кацярыне Лявонцьеўне касірка, наадварот, дапамагла разабрацца з новымі купюрамі.

— Мяне доўга не было ў Беларусі, толькі нядаўна вярнулася. У першы дзень дэнамінацыі прыйшла ў краму і нават разгубілася: на ўсіх цэнніках ужо новыя лічбы, — успамінае жанчына. — А маладая касірка мне тут жа ўсё перавяла: сказала, колькі гэта будзе, калі лічыць па-ранейшаму. Дзякуй ёй за гэта!

Але, тым не менш, да ідэі адкінуць нулі ў грашах Кацярына Лявонцьеўна ставіцца не вельмі добра. «Старым людзям гэта складана, трэба ламаць галаву кожны раз. І гэтыя капейкі... — са скрухай уздыхае яна. — Я не магу разабрацца, не бачу, якая там лічба выбіта, на гэтай манетцы. Але што зробіш, давядзецца прывыкаць...»

***

Побач з намі сталы мужчына выбірае апельсіны і расплачваецца старымі купюрамі. У адказ на наша пытанне пра новыя грошы смяецца: «Я іх яшчэ ў руках, можна сказаць, і не трымаў, толькі адну капейку...» Але ставіцца да іх 74-гадовы Станіслаў Якаўлевіч добра. «Ведаеце, раней быў такі жарт: хочаш быць мільянерам — прыязджай у Беларусь, — прыгадаў ён. — Дык вось, трэба было правесці дэнамінацыю хаця б для таго, каб так не жартавалі». Дарэчы, калі мужчына даведаўся, што мы са «Звязды», вельмі ўзрадаваўся. «Я ў вас нават публікаваўся, але вельмі даўно, вас, магчыма, яшчэ й на свеце не было...» — сказаў ён.

...А гандлярка, у якой купляў апельсіны наш суразмоўца, усміхнуўшыся, сказала, што спачатку людзі крыху блыталіся з грашыма. І, па яе словах, вельмі насцярожана бралі капейкі. «Але цяпер, як мне падаецца, усе ўжо прызвычаіліся, — гаворыць жанчына. — І з пажылымі пакупнікамі таксама няма ніякіх праблем».

Святлана БУСЬКО

busko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Спачатку вельмі насцярожана ставіліся да капеек...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».