Вы тут

Дождж – дабро ці пакаранне?


У народнай культуры дождж атаясамляўся з апладняльнымі сіламі, сімвалізаваў урадлівасць, быў увасабленнем жыватворнай повязі Зямлі і Неба. У хрысціянскай дождж параўноўвалі з жыццёвай сілай душы, якая прымушае цела рухацца, змагацца, жыць. Лічылася, што гэта Божы дар, які сыходзіць з высокага Неба ў выглядзе кропель. Таму адсутнасць дажджу ці, наадварот, працяглыя ападкі ўспрымаліся як пакаранне за людскія грахі. Напрыклад, існавала перакананасць: калі не прытрымлівацца летняга Пятроўскага посту, на галаву пральецца дождж “аж усе тры наступныя тыдні”.

Фота Яўгена Пясецкага

Часам функцыяй ахоўніка дажджоў надзялялі святога Іллю, які “цягне за сваёй калясніцай цэбар, поўны вады, і пакрысе лье з яго на зямлю”. Калі ж святога Іллю нечым угнявіць, наступае паводка. У некаторых рэгіёнах існаваў звычай пры моцнай спякоце, калі не было дажджоў, ісці да ракі ці крыніцы і апускаць туды ікону з выявай Іллі-прарока.

Дождж стаў сімвалам дабра і зла ў жыцці чалавека. З аднаго боку, існавала павер’ е, калі ў час вяселля пойдзе дождж, сям’я будзе жыць з пастаянным прыбыткам. Дождж у пачатку любой справы (напрыклад, на пачатку будаўніцтва хаты, капання калодзежа і г. д.) ці шляху сімвалізаваў поспех, добры вынік працы. З другога боку, калі ў час пахавання ідзе дождж і кроплі падаюць у магілу, гэта прадказвала новае няшчасце, новыя “слёзы”. У той жа час дождж падчас галашэння па нябожчыку ўспрымаўся як знак з нябёсаў: “добры чалавек памёр, неба па ім слёзы лье”. У час моцнага дажджу ўвогуле непажадана было хаваць чалавека, каб не “закапаць” дождж і не наклікаць новую бяду.

Да дажджу, які ідзе пры сонцы, заўсёды добра ставіліся. Такі дождж звалі спрыяльным, грыбным, людзі былі перакананы, што дзеці, якія трапілі пад такі дождж, будуць лепш расці і гадавацца.

У народнай метэаралогіі існавалі наступныя прадказанні: калі дождж ідзе ў пятніцу, то будзе ісці ўвесь наступны тыдзень; калі з раніцы дождж – да апоўдня то ж; калі на лужынах у час дажджу выскокваюць бурбалкі, трэба чакаць яшчэ больш моцнага дажджу. Будзе дождж, калі жабы моцна крычаць, а таксама калі кветкі, травы з раніцы моцна пахнуць.

Хто такія “ўладары хмар”?

Сярод усходніх славян было распаўсюджана меркаванне, што ўладу над дажджом маюць прадстаўнікі “іншага” свету, звычайна “задушныя” памерлыя – тапельцы, вісельнікі, самазабойцы. Іх звалі “ўладарамі хмар” – нябесных статкаў. Да іх звярталіся падчас засухі, у час працяглых дажджоў, якія нішчылі ўраджай: “Гэй, вы, тапельцы, забярыце да сябе белых авечак!” Такія адносіны да тапельцаў узніклі на падставе таго, што ў народзе верылі – працяглыя дажджы ідуць, бо недзе да вады паставіліся з непавагай, г. зн. недзе ёсць тапелец. І пакуль яго не выцягнуць з вады, у пакаранне столькі яшчэ будзе ісці дождж, які знішчыць ураджай.

Таксама верылі: калі “нячыстага” нябожчыка пахаваць у “чыстым”, святым месцы – на агульных вясковых могілках, – то гэта і справакуе засуху, неўраджай, мор людзей і свойскай жывёлы.

Пакаранне засухай

Паводле народных уяўленняў, працяглая летняя засуха магла быць вынікам розных парушэнняў, якія тычацца нормаў традыцыйнага звычаёвага права. Адным з такіх правілаў з’яўляецца катэгарычная забарона “чапаць зямлю” (капаць ямы для слупоў агароджы, убіваць у зямлю калы, распачынаць будаўніцтва хаты і г. д.):

● у рэгіёне Усходняга і Заходняга Палесся – да Дабравешчання,

● у Цэнтральным рэгіёне Беларусі, на Міншчыне – да Радаўніцы.

Тыя ж самыя забароны тычыліся і паводзін людзей на Граным тыдні. Калі доўга не было дажджу, то вясковыя мужчыны збіраліся гуртам і разбуралі (проста валілі на зямлю) той плот, які быў узведзены ў час дзеяння агульнавядомых забарон.

Фота Анатоля Клешчука

Лічылася, што матухна Сырая Зямля на працягу года “пражывае” ў двух станах: з 25 сакавіка (Дабравешчанне) і да 27 верасня (Узвіжанне) зямля ажывае, пладаносіць, дапамагае чалавеку ўзгадоўваць багаты ўраджай; а ад Узвіжання, на працягу ўсёй зімы і да Дабравешчання, яна “спіць”, і чапаць яе сон нельга.

Своеасаблівым індыкатарам адмыкання і замыканя зямлі з’яўляюцца хтанічныя істоты – жабы, гадзюкі, вужакі. Вясной яны выпаўзаюць з-пад зямлі – звычайна пасля першага грому і дажджу, а ў восень, калі маланкі заціхаюць, вяртаюцца назад. Таму, відаць, якраз гэта падзейная сувязь спрыяла ўзнікненню звычаю забіваць жаб і вужоў і вешаць іх на дрэвы, платы або вароты ў час працяглай летняй спёкі. Да гэтага часу ў Чэрвеньскім раёне існуе павер’ е: “не забівай жабу (калі косіш, полеш грады, бульбу) – пойдуць праліўныя дажджы”.

Яшчэ адна забарона мае непасрэднае дачыненне да правакавання засухі летам. У дзень Дабравешчання нельга было пячы хлеб. Прамая семантыка-сімвалічная сувязь прасочваецца ў гэтай забароне: каб не пякло летам, каб не засушыла збажыну (жыта), нельга было пячы хлеб у дзень “зачацця” новага жыцця.

Аказіянальныя абрады выклікання або спынення дажджу

У многіх мясцінах Беларусі праводзіліся так званыя аказіянальныя (у сувязі з той ці іншай аказіяй, сітуацыяй) абрады выклікання дажджу або перасцярогі ад праліўных дажджоў, маланкі і граду. Можна вылучыць некалькі рытуальных комплексаў, якія ўключаюць у сябе дзеянні і забароны магічнага, ахоўнага і заклінальнага характару. Так, неабходна было абысці тройчы па сонцу вёску, поле, царкву, крыніцу, калодзеж, пры гэтым бесперапынна маліцца аб дажджы; паставіць на раздарожжы або каля калодзежа крыж, на які павесіць абыдзённы, г. зн. вытканы ў адзін дзень ад усходу да захаду сонца ручнік.

Фота Анатоля Клешчука

Часцей за ўсё асноўнымі ўдзельнікамі аказіянальнага абраду былі дзяўчаты або жанчыны-ўдовы. Няцяжка заўважыць, што па дапамогу да нябёсаў звярталіся асобы, пазначаныя статусам “рытуальнай чысціні”.

Паліванне або абліванне вадой ў час засухі

Значнае месца ў палескім рытуале выклікання дажджу займала абліванне вадой. Уласна магічная функцыя абраду абапіралася на сілу замоўнага слова і дзеянне, у аснове якога ляжаў прынцып падабенства.

Часцей за ўсё аблівалі цяжарную жанчыну або тую, якая карміла дзіця ці доўга не працавала праз хваробу, але паправілася, а таксама пастуха. У апошнім выпадку выразна прасочваецца ахоўная роля пастуха, які засцерагаў свойскую жывёлу і адначасова надзяляўся статусам жраца.

Так, за тое, што кабета парушыла забарону на Дабравешчанне выпякаць хлеб, жанчыны неслі некалькі вёдзер вады і лілі ў яе хаце. На Чарнігаўскім Палессі быў вядомы звычай кідаць або апускаць у ваду чалавека. Зноў-такі перавагу аддавалі цяжарнай жанчыне. Яе бралі пад рукі і вялі да ракі, а яна і не пярэчыла, бо сама пакутавала ад працяглай спёкі.

Абрады пераворвання зямлі і капання ямак

На беларускім і ўкраінскім Палессі з мэтай выклікання дажджу выконвалі і такія спецыфічныя дзеянні, як пераворванне высахлага рэчышча ракі, дарогі, абворванне вёскі або толькі крыжа, які стаяў на скрыжаванні дарог. Акрамя таго, проста на дарозе маглі выкапаць дзевяць ямак ці ўвогуле перакапаць дарогу ўпоперак. Можна зрабіць выснову, што міфалагічным ключом да разумення згаданых рытуальных дзеянняў з’яўляецца “звычай адчыняць крыніцы на дне ракі, г. зн. “отворять” зямлю, вызваляючы падземныя воды з мэтай уздзеяння на ваду нябесную”.

Тут жа існаваў звычай адкопваць крыніцы на дне высахлай ракі, які цалкам пераклікаецца з іншым – капаць ямы на дарозе. Утвараецца цікавая сімвалічная паралель паміж шляхам, пракладзеным чалавекам, і ракой – дарогай, створанай Богам.

Пераворванне ракі

На Палессі і ў суседніх раёнах Беларусі і Расіі, каб выклікаць дождж, жанчыны (толькі ўдовы) або толькі дзяўчаты аралі або баранавалі высахлае рэчышча. Такі абрад маглі выконваць і на мелкаводдзі.

Падчас засухі рэчку часам “аруць” і сёння. Фота Анатоля Клешчука

Паведамляецца, як у 1889 годзе ў Ігуменскім павеце выконваўся адзін з такіх абрадаў (мястэчка Русаковічы): “Працяглая засуха страшэнна турбавала нашых земляробаў, і вось яны вырашылі наступным чынам папярэдзіць немінуючую бяду. Па нарадзе старэйшыны было наладжана “ўзворванне” ракі: некалькі жанчын запрэгліся ў саху і пад кіраўніцтвам самай дужай у вёсцы бабы валачыліся па рацэ, узворваючы яе дно”.

У іншых мясцінах выбіралі дзяўчынку гадоў пятнаццаці, раздзявалі яе, абвешвалі вянкамі і прымушалі ў такім выглядзе баранаваць ваду.

Абрадавая практыка “спынення” дажджу

Разам з тым наступствам або пакараннем за грахі лічылі не толькі засуху, але і працяглыя дажджы, якія не давалі магчымасці выйсці ў поле, сабраць ураджай, высушыць сена і г.д.

Каб спыніць доўгатэрміновыя дажджы, выконвалі так званыя “спыняльныя” і “адганяльныя” дзеянні, пры дапамозе якіх стараліся адагнаць хмары ад вёскі. Дзеля гэтага:

● выкідвалі з хаты на двор або на дах “пячныя” і “хлебныя” прылады працы – хлебную лапату, дзяжу, чапялу, – тое, што бліжэй да печы, а значыцца, да агню, і “выпеча” дождж;

● палілі ў печы і выкідвалі на двор галінкі асвячонай вярбы, траецкі май і купальскія зёлкі.

А таксама чыталі малітвы і замовы, напрыклад:

“Як настойніка свянціла, я тучы не бачыла. Тучы – адлятучы, ідзіце на сухія землі, на сухія староны, а маю хату мініце”.

Аксана КАТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.