Вы тут

Як развіваецца паліятыўная дапамога ў Беларусі?


На 67-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН цяперашняя сітуацыя з аказаннем паліятыўнай медыцынскай дапамогі была ахарактарызавана як глабальная гуманітарная катастрофа. Такое вызначэнне зусім не перабольшванне, паколькі насамрэч жыццёва неабходныя хворым людзям сродкі і методыкі ў большасці выпадкаў ім недаступныя. Спецыялісты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) падлічылі: увогуле 40 мільёнаў чалавек маюць патрэбу ў паліятыўнай дапамозе і толькі 14 працэнтаў могуць яе атрымаць. Выходзіць, што больш чым 34 мільёны (!) хворых нават не спадзяюцца палегчыць жудасны боль і паміраюць у пакутах. І гэта ў ХХІ стагоддзі...

Відавочна, становішча экстраардынарнае, таму СААЗ прапануе ўладам усіх краін неадкладна прыняць меры для яго выпраўлення. А якая сітуацыя ў Беларусі? Каб высветліць гэта, мы звярнуліся да галоўнага пазаштатнага спецыяліста Міністэрства аховы здароўя па паліятыўнай медыцынскай дапамозе даросламу насельніцтву, галоўнага ўрача мінскай бальніцы паліятыўнага догляду «Хоспіс» Вольгі МЫЧКО.


— Увогуле паліятыўная медыцынская дапамога як асобная галіна існуе не так даўно — напрыклад, у Еўропе яна актыўна развіваецца з 1980-х. Чым была выклікана такая неабходнасць?

— Галоўная прычына — імклівае старэнне насельніцтва. Сучасныя медыцынскія методыкі дазваляюць эфектыўна праводзіць лячэнне шэрагу захворванняў, што дагэтуль лічыліся несуцяшальным дыягназам, актыўна развіваецца, напрыклад, тая ж траспланталогія. Адразу паўстала праблема медыка-сацыяльнага суправаджэння адпаведных пацыентаў, якіх з кожным годам станавілася ўсё больш. У Сусветнай арганізацыі аховы здароўя існуе такі падыход: калі чалавеку пастаўлены дыягназ хранічнага захворвання, то ён павінен атрымліваць паліятыўную дапамогу. І гэта апраўдана, паколькі ў пацыента з аб'ектыўных прычын (звязаных у першую чаргу з пагаршэннем стану здароўя ў пэўнай перспектыве) кардынальна зніжаецца якасць жыцця. Тут нельга проста адмахнуцца ад чалавека, дакладней — махнуць на яго рукой, маўляў, вынік вядомы...

— Аднак існуе ў грамадстве і такое меркаванне...

— Існуе, вядома, аднак ці магчыма на яго арыентавацца?

Стаўленне да хворых і нямоглых — гэта ацэнка ўсяго грамадства пэўнай дзяржавы.

Калі чалавек трапіў у складаную сітуацыю, то неабходна прыйсці яму на дапамогу. А ў выпадку з хранічна хворымі людзьмі такая дапамога павінна быць неадкладнай.

— Між тым у шэрагу заходніх краін дазволена эўтаназія. Ці няма тут пэўнай супярэчнасці?

— У нашай краіне эўтаназія забаронена законам, у тым ліку і пасіўная, якая тлумачыцца як неналежнае аказанне неабходнай медыцынскай дапамогі. Гэта апраўданая пазіцыя дзяржавы, бо за жыццё варта змагацца і пры нараджэнні (узровень дзіцячай смяротнасці, дарэчы, у нас адзін з самых нізкіх не толькі ў Еўропе, а і ва ўсім свеце), і ў крытычным становішчы. Жыццё — найвялікшая каштоўнасць. Ды і кожнаму з тых, хто адносіць сябе да крытычна настроеных у дачыненні да належнага медыцынскага суправаджэння невылечна хворых людзей, магу сказаць адно: а вы ўявіце сябе ці сваіх родных на іх месцы. Якія ў такім выпадку будуць ацэнкі? Так, гэта дзяржаўныя выдаткі, але яны, пагадзіцеся, апраўданыя.

— Вольга Віктараўна, айчынны досвед паліятыўнай дапамогі, наколькі мне вядома, пачаў свой адлік у 2000-я. Што тут з'явілася штуршком?

— Рашэнне Мінгарвыканкама аб стварэнні хоспіса для дарослага насельніцтва было прынята ў 2005-м.

Гэтаму папярэднічаў удалы беларуска-аўстрыйскі пілотны праект па аказанні паліятыўнай дапамогі, які быў сфакусаваны на праблеме болю. У краіне ў сярэдзіне 2000-х налічвалася каля 40 тысяч анкалагічных хворых у тэрмальнай стадыі. Адпаведна, існавала патрэба іх належнага медыка-сацыяльнага суправаджэння, якую неабходна было вырашаць праз стварэнне паўнаважкай сістэмы аказання паліятыўнай дапамогі. Загад Міністэрства аховы здароўя аб арганізацыі паліятыўнай дапамогі даросламу насельніцтву падпісаны ў 2011 годзе. Заканадаўча тэрмін «паліятыўная медыцынская дапамога» быў акрэслены Законам «Аб ахове здароўя» ў 2014-м. Так што дэ-юрэ сфера была вызначана зусім нядаўна.

— Атрымліваецца, што амаль дзесяцігоддзе — з 2005 па 2014 год — развіваўся глабальны айчынны пілотны праект па паліятыве?

— Можна і так сказаць, галоўнае — напрацоўваўся каштоўны практычны досвед. Зразумела, мы не імкнуліся тут «вынайсці веласіпед» — існаваў пэўны сусветны вопыт у гэтай сферы. Першая праблема, якую вырашае паліятыўная дапамога — максімальнае змяншэнне альбо поўная ліквідацыя паталагічных сімптомаў, якія перашкаджаюць чалавеку жыць. Ужо пасля дадаецца сацыяльны аспект — праз удзел святароў, валанцёраў, грамадскіх арганізацый (канешне, гэты духоўны аспект не менш важны, чым уласна медыцынскі).

Мы пачыналі з распрацоўкі клінічнага пратакола лячэння болю, якога дагэтуль не было. Між тым Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ён быў зацверджаны яшчэ ў 1986 годзе. Выйшлі на Еўрапейскую асацыяцыю паліятыўнай дапамогі. Пры іх падтрымцы выпусцілі пратакол, пачалі працаваць. Міжнароднае супрацоўніцтва з даволі вялікай геаграфіяй — Галандыя, Швецыя, ЗША, Польшча, Францыя, шэраг іншых краін. Варыянтаў развіцця паліятыўнай дапамогі насамрэч існуе шмат, варта выбраць той, што найбольш падыходзіць, і развіваць яго. У кожнай справы павінен быць лідар, рухальная сіла. Так і тут. Мяркуючы па выніках, мы не памыліліся, калі зрабілі стаўку на развіццё паліятыўнай дапамогі. З цягам часу заўважна правільнасць выбару.

— Што сёння ўяўляе сабой айчынная сістэма аказання паліятыўнай дапамогі?

— У нашай краіне паліятыўная медыцынская дапамога аказваецца стацыянарна і амбулаторна. У Беларусі працуюць 15 хоспісаў і аддзяленняў паліятыўнай медыцынскай дапамогі ў складзе шматпрофільных бальнічных арганізацый. Таксама цяпер налічваецца 9 выязных патранажных службаў, 10 спецыялізаваных кабінетаў, а таксама 3 аддзяленні дзённага знаходжання. Ну і, канешне ж, дапамога грамадскасці — святароў, валанцёраў, грамадскіх арганізацый, фундатараў.

Як бачым, сапраўды створана цэлая сістэма аказання паліятыўнай медыцынскай дапамогі. Сярод рэгіёнаў хачу адзначыць Віцебскую вобласць, дзе фіксуецца актыўнае развіццё адпаведнай сеткі і, зразумела, павелічэнне даступнасці паслуг. Дарэчы, летась патрэбу ў аказанні паліятыўнай дапамогі ў Беларусі мелі 14 тысяч чалавек, атрымалі яе — 8,6 тысячы (60 %).

Зразумела, калі параўноўваць 2010 і 2015 гады, то дынаміка заўважная — рост у разы. Гэта, дарэчы, адзначыла і Сусветная арганізацыя аховы здароўя, якая разам з Еўрапейскай асацыяцыяй паліятыўнай дапамогі склала атлас, дзе краіны ацэньваліся. Беларусь апынулася ў сярэдзіне рэйтынгу са 150 дзяржаў. А яшчэ некалькі гадоў таму мы былі «белай плямай». Беларусь атрымала пункт 3В — краіна, дзе паліятыўная дапамога атрымала шырокае распаўсюджанне. Зусім няшмат, каб дагнаць перадавыя дзяржавы, якія вызначаюць правілы гульні.

— А што для гэтага трэба?

— Ядро ў нас створана, неабходна развівацца. Для гэтага перш за ўсё, як і ў любой справе, важна мець прафесійныя кадры. Тут ёсць пэўныя цяжкасці, паколькі адпаведных спецыялістаў у Беларусі не рыхтуюць. Цяпер прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні на базе нашай краіны міжнароднага адукацыйнага цэнтра па паліятыўнай медыцыне. Мяркуецца, што выкладаць да нас будуць прыязджаць вядучыя сусветныя спецыялісты ў гэтай галіне. Зараз рыхтуецца адпаведная праграма, якая ўжо ў верасні будзе абмяркоўвацца.

У плане актыўнага развіцця паліятыўнай медыцынскай дапамогі важная больш дакладная і эфектыўная каардынацыя дзеянняў паміж рознымі ведамствамі, паколькі гэта задача не толькі для сферы аховы здароўя. Гэта комплексная задача, у тым ліку і для сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва. Важна забяспечыць больш актыўны ўдзел грамадскіх арганізацый — тут, на мой погляд, вялікі патэнцыял і шмат нерэалізаваных дасюль магчымасцяў. Калі ўсё гэта запрацуе належным чынам, то і вынік не прымусіць сябе чакаць. Галоўнае — дапамога хворым людзям стане больш даступнай, палепшыцца якасць іх жыцця.

Дарэчы

Паліятыўная медыцынская дапамога — від аказання медыцынскай дапамогі пры наяўнасці ў пацыента невылечных захворванняў, якія абмяжоўваюць працягласць жыцця, патрабуюць прымянення метадаў аказання медыцынскай дапамогі, накіраваных на пазбаўленне ад болю і палягчэнне іншых праяў захворванняў, калі магчымасці іншых метадаў аказання медыцынскай дапамогі вычарпаны, у мэтах паляпшэння якасці жыцця пацыента.

З Закона «Аб ахове здароўя»

Мікалай ЛІТВІНАЎ

litvinov@zviazda.by

Загаловак у газеце: Перамагчы боль

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».