Вы тут

Задача майстэрні «Студыёзы» - абудзіць творчую прыроду студэнтаў


Адкуль пачынаецца творчы шлях акцёра тэатра? Вядома ж, са студэнцкіх спектакляў. Сёння мы вырашылі пагаварыць з рэжысёрам Тэатральнай майстэрні «Студыёзы» Вячаславам Сашчэкам. Ён ужо 12 гадоў працуе выкладчыкам кафедры тэатральнай творчасці ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. «Студыёзы» — гэта творчае аб'яднанне, дзе спалучаюць традыцыйныя і сучасныя тэатральныя формы і эксперыментуюць, нестандартна глядзяць на вядомыя творы. Майстэрня імкнецца да сучаснага інтэлектуальнага тэатра, дзе можна жартаваць, рызыкаваць, уключаць у гульню гледача.


— Аб'яднанне было створана ў 2008 годзе. Назву абралі з некалькіх прычын. Па-першае, студыёзы — гэта студэнты, што для майстэрні вельмі важна, бо гэта тэатр маладых. Менавіта студыйны пошук, эксперымент і навучанне — аснова нашай творчай дзейнасці. Па-другое, назва вызначае мэту — імкненне да віртуознай сцэнічнай гульні. Наша звышзадача — дамагчыся таго, каб «Студыёзы» асацыяваліся з віртуозамі. Нядаўна даведаўся, што ўжыванне слова «студыёзы» ў тэатральным кантэксце мае вялікую гісторыю: яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя знакаміты рускі тэатральны рэжысёр Усевалад Меерхольд называў сваіх вучняў-тэатралаў «студыёты». У 2009 годзе мы паставілі першы студыйны спектакль па матывах карыкатур Херлуфа Бідструпа. П'еса да гэтага часу захавалася ў рэпертуары майстэрні.

— На каго ці на што вы арыентуецеся ў рабоце?

— Калі казаць пра майстэрню, то яе праца будуецца на традыцыях ансамблевага псіхалагічнага тэатра і яго апалагетаў — Канстанціна Станіслаўскага, Міхаіла Чэхава, Георгія Таўстаногава. Шмат чаго запазычана з пецярбургскай тэатральнай спадчыны. Мой настаўнік — Дзіна Георгіеўна Тыцюк — выдатны педагог пецярбургскай тэатральнай школы. Можна сказаць, што ад яе я і атрымаў «хрышчэнне тэатрам». Да гэтага часу для мяне асноўнымі арыенцірамі з'яўляюцца яе майстэрства, культура, стаўленне да прафесіі.

— Як выбіраеце рэпертуар?

— Часта ён нараджаецца спантанна. Першапачаткова я сыходжу з творчай прыроды вучняў: якія яны, што ім цікава, які ў іх светапогляд, што ў іх трэба развіваць.

Другое, што важна пры выбары матэрыялу для пастаноўкі, — гэта сучасны свет, і тое, што ў ім адбываецца.

Год таму мы вырашылі паставіць выдатную п'есу «Дзве стралы» Аляксандра Валодзіна. Закранутыя ў ёй праблемы абсалютна сугучныя нашаму часу, калі-нікалі нават узнікае адчуванне, што яна напісана сёння, а не ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Атрымаўся вельмі жывы і актуальны спектакль.

— Галоўная задача майстэрні...

— ...абудзіць творчую прыроду студэнтаў. Вельмі трывожыць абыякавасць, якая часта сустракаецца ў пачаткоўцаў. Абыякавасць да свету, да прафесіі. Мне б хацелася справакаваць вучняў на тое, каб яны захацелі змяніць сябе і навакольны свет. Гэта тычыцца не толькі ўдзельнікаў майстэрні, але і гледачоў.

— Якія цяжкасці ўзнікаюць пры пастаноўцы спектакляў?

— У першую чаргу — матэрыяльныя. Няпроста прыдумаць афармленне спектакля так, каб было, з аднаго боку, выразна і арыгінальна, а з іншага — танна. Часам даводзіцца выкручвацца.

Аднойчы нам для спектакля спатрэбіўся грамафон. Ні ў каго знайсці яго не ўдалося, купляць было дорага. У выніку мы зладзілі музычны інструмент з трубы, грамафоннай асновы і звычайнай мясарубкі.

Калі казаць пра нематэрыяльныя цяжкасці, то асноўная — падвядзенне студэнтаў да гульнявога разумення матэрыялу, а таксама падаграванне іх цікавасці, калі спектакль ужо пастаўлены.

— Што з творчага складніка запомнілася найбольш?

— Мне спадабалася працаваць над паэмай Марыны Цвятаевай «Пацукалоў». Гэты спектакль зараз у рэпертуары майстэрні «Студыёзы». Неверагодна складаны і глыбокі па змесце матэрыял. Да гэтага часу адкрываюцца новыя сэнсы і падтэксты. Я назваў бы гэты спектакль «артхаусным». Вельмі складаная паэтычная мова Цвятаевай, філасофская глыбіня паэмы — сур'ёзны выклік для рэжысёра і акцёраў.

— Дзе звычайна праходзяць вашы выступленні?

— Часцей за ўсё ў вучэбным тэатры ВНУ. Праўда, гэта памяшканне занята. Таму цяпер нам няма дзе паказваць нашы спектаклі.

Нядаўна мы паказвалі «Дзве стралы» на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Думаем працягваць падобную практыку.

— Даводзілася гастраляваць?

— Мне запомнілася паездка ў Санкт-Пецярбург з перформансам «Жывыя карціны» і спектаклем «Павятовы горад N». Гэта было своеасаблівым баявым хрышчэннем «Студыёзаў». Многія ўпершыню пабывалі ў культурнай сталіцы Расіі, былі і тыя, хто наогул першы раз выехаў за межы нашай краіны. Акрамя таго, мы бралі ўдзел у тэатральных фестывалях у Літве, Беларусі і Расіі.

— Хто ваш глядач?

— Мы стараемся зрабіць нашы спектаклі відовішчнымі і выразнымі. Але гэта не значыць, што наша галоўная мэта — забава. Усё ж наш глядач у першую чаргу — гэта інтэлігентны чалавек. Тут няма ўзроставых абмежаванняў. Удзячнымі гледачамі былі як дзеці 12 гадоў, так і зусім дарослыя людзі. Па стылі спектаклі неаднолькавыя, яны могуць зацікавіць людзей самых розных поглядаў.

Многія падыходзяць і дзякуюць пасля спектакля, часта водгукі пакідаюць у інтэрнэце. Для нас вельмі важная ўзаемасувязь з нашымі гледачамі. Таму нядаўна мы вырашылі пасля спектакляў праводзіць адкрытае абмеркаванне. Гутарка праходзіць у вольнай форме, ахвотныя выказваюць свае думкі. Многія хваляць, але бываюць і заўвагі.

Гэта вельмі важна — ведаць, як глядач успрыняў пастаноўку, што зразумеў, а што не.

— Якой вы бачыце будучыню майстэрні?

— У найбліжэйшых планах — набраць у майстэрню новае таленавітае пакаленне тэатралаў. Якраз гэтым летам у рамках прыёмнай кампаніі ва ўніверсітэце культуры будзе праходзіць чарговы набор студэнтаў у майстэрню «Студыёзы».

У глабальных планах — захаваць майстэрню і вывесці яе на новы творчы ўзровень. Кожныя чатыры гады асноўны склад трупы абнаўляецца. Хацелася б сабраць пад адным дахам і выпускнікоў, каб яны не разляталіся па розных кутках краіны. Каб тыя, хто прайшоў вучэбныя «агонь, ваду і медныя трубы», сталі асноўным ядром майстэрні. І тады можна было б сказаць, што з'явіўся новы маладзёжны тэатр.

Дар'я Цауня, Марыя Дарашкевіч, студэнткі ІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Шляхам ад «Студыёзаў» да віртуозаў

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».