Вы тут

Б'юці-блогерка Таццяна Уладзімірава раскрывае нюансы «прыгожай» справы


З кожным годам б'юці-блогінг набывае ўсё большую папулярнасць. Апошнія навіны індустрыі прыгажосці, водгукі аб касметычных прадуктах і працэдурах, відэаўрокі макіяжу... Дзяўчаты заўсёды гатовы падзяліцца сваім меркаваннем і расказаць пра тое, што абышлі бокам глянцавыя часопісы. Мы пагаварылі з папулярнай беларускай б'юці-блогеркай Таццянай Уладзіміравай і даведаліся пра ўсе нюансы «прыгожай» справы.


— Усё атрымалася выпадкова. Каля двух гадоў таму я была ў камандзе візажыстаў адной з касметычных кампаній, дзе нашы работы здымалі на відэа. Вобраз, які я стварыла для мадэлі, публіцы спадабаўся: за лічаныя дні відэаролік на YоuTubе набраў нечакана вялікую колькасць праглядаў, — успамінае Таццяна. — Але тады я і падумаць не магла, што б'юці-блогінг стане адной з галоўных спраў жыцця.

Сёння канал Таццяны Уладзіміравай на YоuTubе налічвае 19 тысяч падпісчыкаў.

Кожную пятніцу з дапамогай камеры дзяўчына вучыць рабіць модны макіяж усяго за 5 хвілін, з лёгкасцю паўтарае вобраз любімай зоркі, расказвае, якія трэнды актуальныя ў сезоне і не перастае надаваць дзяўчатам упэўненасці
ў сабе.

— Я атрымліваю сотні паведамленняў у дзень з просьбай дапамагчы падабраць губную памаду, шампунь, румяны і г.д. Адказаць на ўсе пытанні, зразумела, не хапае часу. Да таго ж, нярэдка вельмі цяжка па фотаздымках зразумець, што параіць канкрэтнаму чалавеку. Але кожны запыт становіцца штуршком для наступнага відэа, — гаворыць Таня.

Дзяўчына прызнаецца, што радуецца кожнаму прагляду, лайку, новаму падпісчыку і каментарыю (нават негатыўнаму). Для відэаблогеркі гэта пацвярджэнне нямарнай працы.

У 2014 годзе Таццяна скончыла Інстытут журналістыкі БДУ. Затым былі шматлікія курсы па цырульніцкім майстэрстве і макіяжы.

— Б'юці-блогінг для мяне — свайго кшталту журналістыка. Гэта як аўтарская калонка, толькі праз відэа. Калі табе ёсць што сказаць, навошта маўчаць? Акрамя гэтага, блогінг дапамагае раскрыцца мне самой. Камера разнявольвае, надае ўпэўненасць, якая расце ад відэа да відэа.

Першай б'юці-блогеркай лічыцца в'етнамка Мішэль Фан. Яе канал, створаны ў 2007 годзе, набыў вялікую папулярнасць і масу паслядоўнікаў.

Пра свой поспех на прасторах беларускага б'юці-блогінгу Таня кажа сціпла. Маўляў, ёсць куды расці ў параўнанні з іншымі краінамі (толькі ў Расіі каналы вядомых блогераў са свету прыгажосці налічваюць каля трох мільёнаў падпісчыкаў). Пра нейкую сусветную вядомасць дзяўчына не марыць, але развівацца разам са сваёй любімай справай лічыць правільным.

— За пяціхвілінным ролікам стаіць шмат працы. Здымаю, манцірую я сама. У сярэднім відэа ствараецца за чатыры гадзіны. Часцей за ўсё відэаролікі рыхтуюцца загадзя. Хай лепей будзе запас, чым потым растлумачваць падпісчыкам, чаму канал «заснуў».

Пра вялікі заробак на YоuTubе казаць яшчэ рана. Хіба што толькі на «пакласці на тэлефон» хапае. Б'юці-блогінг больш развіты за мяжой. Там супрацоўніцтва з буйнымі касметычнымі кампаніямі (рэклама) дазваляе дзяўчатам лічыць гэты занятак не толькі сваім хобі, але і «працай», за якую добра плацяць.

— Муж за два гады існавання б'юці-канала не глядзеў ніводнага майго відэа, а матуля, наадварот, чакае кожны выпуск! Увогуле, галоўнае, каб самому блогеру падабалася яго справа! Гэта адчуваецца нават па той бок экрана! Пастаянныя падпісчыкі заўсёды ўлоўліваюць настрой любімага блогера.

Па статыстыцы каля 58% інтэрнэт-карыстальнікаў штодня чытаюць і глядзяць блогі. А б'юці-свет з'яўляецца адной з самых папулярных і прыбытковых ніш.

У чым сакрэт поспеху б'юці-канала? У яго кантэксце, лічыць Таццяна. І тут трэба праводзіць выразныя межы паміж «асабістым» і «агульным».

— Паказаць у Іnstаgrаm, куды я ездзіла адпачываць або што апранула ў тэатр, я магу. Што тычыцца падрабязнасцяў майго асабістага жыцця, сям'і — тут табу. Я шмат часу праводжу ў сацсетках, публікуючы часцінкі свайго «касметычнага жыцця». Гэта дапамагае не толькі прасоўваць канал, але і сведчыць, што я са сваімі падпісчыкамі пастаянна на сувязі.

Тым, хто толькі марыць стварыць свой канал аб прыгажосці, Таня раіць «не цягнуць». Прыйшло натхненне, жаданне, ідэя — рабіце! Не бойцеся першых няўдач. Памятайце: сотні, тысячы, а тым больш мільёны падпісчыкаў на пусты канал не прыйдуць!

***

Заўтра пятніца — на канале Таццяны з'явіцца новае відэа. Спадзяёмся, яно спадабаецца падпісчыкам, а колькасць праглядаў і добрыя каментарыі задаволяць і натхняць аўтара на новыя б'юці-ідэі.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Загаловак у газеце: Макіяж за пяць хвілін, ці Прыгажосць па... інтэрнэце

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.