Вы тут

Малады арнітолаг расказвае аб тым, як дапамагчы беларускай прыродзе


Аспірантка біяфака БДУ Настасся Кузьмянкова заўсёды ведала, што стане арнітолагам. Цяпер у яе «калекцыі» 230 відаў птушак, якіх яна бачыла. Аб тым, як дапамагчы беларускай прыродзе і якая птушка-мара «жыве» ў яе на руцэ, яна расказала нашаму карэспандэнту.


Бы­ва­юць у ле­се і та­кія су­стрэ­чы.

Настасся працуе ў грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Упершыню трапіла туды валанцёрам шэсць гадоў таму. За гэты час прафесійна вырасла ў каардынатара праекта.

— Я прыйшла ў гэтую арганізацыю ў пошуках людзей, якія падтрымалі б мяне і параілі нешта карыснае. Насамрэч, у нас не так шмат даследчыкаў займаюцца вывучэннем птушак. Калі, напрыклад, у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях больш арнітолагаў, то ў Магілёўскай, дзе я вырасла, мне не пашчасціла сустрэць каго-небудзь настолькі зацікаўленага, як я. Паступала на біяфак БДУ мэтанакіравана — марыла аб птушках. І вось знайшла прафесійную падтрымку ў АПБ. Зараз я ўжо куратар: каардыную працу над другім выданнем Атласа гняздуючых птушак Еўропы — вялікага праекта, у якім удзельнічае і Беларусь. Гэта кніга падсумоўвае звесткі аб усіх птушках, якія гняздуюцца ў Еўропе. Першае выданне выйшла ў 1997 годзе. Другое пакажа, што адбылося з колькасцю і распаўсюджаннем птушак за мінулы час. Акрамя таго, беларускія даследчыкі ствараюць і першы нацыянальны атлас. Плануецца, што ён выйдзе бліжэй да 2020 года. Над ім сумесна працуюць «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Навукова-практычны цэнтр Акадэміі навук па біярэсурсах. Зараз прыток інфармацыі неяк ажывіўся, і, мне падаецца, будзе неблагі вынік.

— Чым вам найбольш падабаецца займацца?

— Фестываль «Жураўлі і журавіны». Гэта свята праходзіць штогод у Мёрах у Віцебскай вобласці. Арганізуюць яго мясцовыя ўлады, а наша арганізацыя заўсёды падтрымлівае. Праходзіць фестываль у верасні. У гэты час якраз пачынаецца міграцыя шэрага жураўля.

Мы звычайна за дзень да мерапрыемства шукаем месцы недалёка ад Мёраў, дзе можна пабачыць гэтых птушак. І ў дзень самога свята арганізуем туды паездкі на аўтобусах. Пакуль туды дабіраемся, гіды (ужо некалькі гадоў адзін з іх — гэта я) распавядаюць пра фестываль, птушак і балота Ельня, якое там недалёка. Менавіта на ім якраз ноччу спыняюцца жураўлі. Людзі прыязджаюць не толькі з Віцебскай вобласці, але і з іншых куткоў Беларусі. Мы адказваем на ўсе пытанні пра птушак і нашу арганізацыю. Часам іх бывае даволі шмат. Заўсёды прыязджаю такая натхнёная з гэтага фестывалю. Там добрая атмасфера.

— Напэўна, у вас ёсць птушкі і дома?

— Так. У мяне жыве пара зебравых амадзінаў. Гэта такія ўюрковыя ткачыкі, памерам з вераб'я. Радзіма гэтых птушак — Аўстралія. Яны ўжо некалькі разоў выводзілі птушанят. Яшчэ разам са мной заўсёды хадулачнік, — гаворыць Настасся, паказваючы татуіроўку. — Гэта такі кулік. Птушка для Беларусі залётная: яна не гняздуецца ў нас. У асноўным жыве ў стэпавай і пустыннай зоне Еўразіі. Я зрабіла яе таму, што сама займаюся кулікамі. У мяне і дысертацыя будзе звязана з імі. Хадулачнік — такая птушачка-мара для мяне. Я яе яшчэ ніколі не бачыла і, безумоўна, вельмі хачу на яе паглядзець.

Зды­маю на лік «тры». Адзін, два, тры!

— Колькі птушак вы пабачылі?

— Існуе такі «Клуб 200». Яго можна знайсці ў інтэрнэце. Гэта добраахвотнае аб'яднанне сяброў АПБ, якія цікавяцца назіраннямі за птушкамі. Вось там, на сайце, я і вяду анлайн відавы спіс. Усяго ў Беларусі зарэгістравана 325 відаў птушак. Я ўжо адзначыла ў сваім спісе 230. Гэта нядрэнны вынік. Але, безумоўна, ёсць арнітолагі, якія бачылі больш. Адным словам, ёсць яшчэ куды расці. Хоць пасля такой лічбы ўсё больш складана дадаваць новыя віды.

— Настасся, лес — ён які?

— У краіне не так шмат засталося лесу рэальна старога, я сказала б, запаветнага. Хоць, згодна з кадастрам, у нас даволі вялікі працэнт тэрыторыі пакрыты лесам. Іншае пытанне: якім?

Бо не напісана, колькі яму гадоў. А гэта важна, таму што лес малады і спелы будзе сур'ёзна адрознівацца па саставу відаў птушак і жывёл, якія яго насяляюць. Ёсць віды, прывязаныя да спелага лесу, напрыклад, глушэц. Чым больш маладых дрэў, тым менш гэта месца прыдатнае для яго жыцця.

— Якімі даследаваннямі зараз займаецеся?

— Ёсць такі заказнік «Чырвоны Бор». На яго тэрыторыі я адсочваю глушцоў з радыёметкамі. Ініцыятыва належыць арнітолагу Дзмітрыю Шамовічу. Зразумела, што вясной глушцы на такавішчах, а што яны робяць астатнюю частку года — даволі складана сказаць. Асноўная работа — пошук птушак. Для гэтага выкарыстоўваецца рэсівер і антэна. Кожны перадатчык працуе на ўласнай частаце. Часам за адной птушкай даводзіцца прайсці не адзін кіламетр. Потым атрыманыя звесткі аналізуюцца па сезонах, гадах, біятопах і іншых паказчыках.

— Як далучыцца да праектаў АПБ?

— Час ад часу на сайце з'яўляюцца аб'явы, што мы шукаем валанцёраў для нейкай канкрэтнай работы. Акрамя таго, можна напісаць на пошту АПБ і прапанаваць дапамогу. Ёсць офісная праца і выязная, на летніках. Можна выбіраць, як бы вы хацелі сябе задзейнічаць. У нас ёсць кола валанцёраў, на якіх можна спадзявацца і звяртацца да іх у любым выпадку. Гэта таксама прыемна.

Надзея Анісовіч

Загаловак у газеце: Птушка шчасця Настассі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.