Вы тут

Навошта студэнты ўладкоўваюцца працаваць важатымі?


У трэцім працоўным семестры традыцыйна бяруць актыўны ўдзел будучыя настаўнікі. Толькі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка сёлета было створана 24 студэнцкія атрады (17 педагагічных, 5 валанцёрскіх і 2 сервісныя), у склад якіх увайшло каля тысячы хлопцаў і дзяўчат. Большасць працуе ў дзіцячых летніках Мінскай вобласці. Для многіх са студэнтаў работа ў лагеры — абавязак, бо яна залічваецца ў якасці педагагічнай практыкі. Але ёсць і выключэнні. Напрыклад, педатрад «Імпульс», у якім працуюць студэнты факультэта псіхалогіі БДПУ. Трапіць у яго не так проста — яшчэ за паўгода пачынаецца сур'ёзны адбор і да фінішу даходзяць далёка не ўсе. Мы даведаліся, што прымушае маладых людзей прайсці «агонь і ваду», каб паспытаць «важацкага хлеба».


Для моц­най па­ло­вы атра­да  са­мае цяж­кае —  ра­бо­та з ма­лень­кі­мі дзець­мі.

— У складзе нашага атрада працуюць студэнты другога-чацвёртага курсаў, — расказвае выкладчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі факультэта псіхалогіі БДПУ, кіраўнік атрада «Імпульс» Вольга МУКАВОЗЧЫК. — Галоўнае, што іх вылучае — высокая матывацыя: усе яны вельмі хочуць працаваць з дзецьмі і самаўдасканальвацца. Адбор кандыдатаў у атрад мы распачалі яшчэ ў лютым: студэнты рыхтавалі матывацыйнае эсэ, пісалі план мерапрыемстваў на кожны дзень, удзельнічалі ў трэнінгах па камунікацыі і рабоце ў камандзе.

Акрамя таго, усім студэнтам прыйшлося датэрмінова здаць сесію, каб паспець на першую змену. Тут працуе некалькі дарослых важатых, якія не ўваходзяць у склад педатрада, але гэта таксама выпускнікі БДПУ. Яны дапамагаюць студэнтам і ў нейкай ступені забяспечваюць пераемнасць пакаленняў.

Месца дыслакацыі «Імпульса» — аздараўляльны комплекс «Ракета», што знаходзіцца за лічаныя кіламетры ад мінскай кальцавой дарогі. Цікавая дэталь: адпачываюць тут не толькі дзеці, але і дарослыя, што, безумоўна, накладвае свой адбітак на работу важатых. Як-ніяк, большасць чакае ад адпачынку цішыні і спакою, а калі побач дзеці ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў, дабіцца гэтага не так проста.

Мя­жа па­між вы­ха­ван­ца­мі і вы­ха­ва­це­ля­мі бы­вае ледзь за­ўваж­най.

Мы прыязджаем у цэнтр у сярэдзіне дня. У дзяцей «ціхі час», таму ў важатых ёсць хвілінка, каб расказаць нам пра сваю работу. Ужо ўвечары іх чакае адно з самых адказных мерапрыемстваў змены — важацкі канцэрт.

— Езджу сюды ўжо трэці год, — кажа камісар атрада «Імпульс», студэнтка цяпер ужо V курса факультэта псіхалогіі БДПУ Аліна ПЕШКУР. — Мне тут вельмі падабаецца, бо я ведаю персанал, шмат знаёмых дзяцей. Некаторыя нават у госці прыязджаюць спецыяльна — якраз сёння былі двое выхаванцаў з маёй самай першай змены. І цяпер сярод дзяцей ёсць тыя, каго памятаю па ранейшых гадах. Праца ў летніку — гэта нешта асаблівае і незвычайнае, словамі нават цяжка перадаць. Трэба паспрабаваць самому, каб зразумець. Тое, што даводзілася цягам трох месяцаў заставацца пасля заняткаў, каб прайсці ўсе трэнінгі і тэсты, мяне зусім не засмучала. Хоць, канешне, прыкра было б дарэмна патраціць свой час. Дарэчы, з больш як паўсотні кандыдатаў сюды прыехала менш за палову — 23.

У абавязкі Аліны ўваходзіць арганізацыя работы ўсяго педатрада, падбор важатых, правядзенне трэнінгаў. Асаблівы ўхіл робіцца на «камандаўтварэнне» — усе студэнты павінны ўмець камунікаваць паміж сабой і максімальна аператыўна вырашаць любыя надзённыя пытанні.

Яшчэ адзін важны аспект працы — вырашэнне канфліктаў. У дзіцячым калектыве заўжды здараюцца рознага кшталту непаразуменні, і педагог павінен максімальна хутка іх заўважыць і вырашыць.

У будучыні Аліна бачыць сябе ў ролі дзіцячага псіхолага: дзяўчына хоча знайсці працу ў адным з круглагадовых летнікаў. «Усё ж такі работа важатага вельмі сур'ёзна адрозніваецца ад нашай профільнай спецыяльнасці, — канстатуе Аліна. — Праца псіхолага больш індывідуальная, ён займаецца з дзецьмі паасобку. А важаты працуе з цэлым калектывам, і яго задача больш шырокая — не проста дапамагчы дзіцяці, а выхаваць яго. Хоць мы таксама праводзім з дзецьмі розныя тэсты: прафарыентацыйныя, на вызначэнне тэмпераменту і іншыя».

— Я працую тут ужо другую змену запар, — расказвае важатая 1-га атрада, студэнтка ІV курса факультэта псіхалогіі БДПУ Вера РУДЗЬ. — Раней такога досведу ў мяне не было — толькі ўдзел у праекце «Дзеці сталіцы», падчас якога мы займаліся з дзецьмі, што застаюцца на лета ў горадзе. Уражанні ў мяне пакуль што самыя лепшыя, працуецца лёгка. Нават не ведаю, можа быць, гэта звычайнае шанцаванне, але ніякіх праблем на абедзвюх зменах не было, хоць мне дасталіся самыя старэйшыя дзеці — у нас не такая вялікая розніца ва ўзросце. Дзякуючы папярэдняй падрыхтоўцы, мы ведаем, як сябе правільна паставіць у калектыве і не страціць аўтарытэт. Цяпер нават не магу сказаць, што запомнілася больш за ўсё — тут кожны дзень як адно маленькае жыццё, уражанняў застаецца «вагон»! Што мне падабаецца ў рабоце найбольш? Магчымасць убачыць, чым жывуць цяперашнія дзеці, бо яны ўжо зусім не такія, як мы. Гульня ў валейбол для многіх была ў навінку, а вось, напрыклад, у сучасных гаджэтах выхаванцы разбіраюцца лепш за нас.

Ва­жац­кі кан­цэрт прый­шоў­ся да­спа­до­бы ўсім.

Дзень важатага тут распачынаецца а палове восьмай раніцы, а то і раней. Студэнты праводзяць з дзецьмі зарадку, разам снедаюць. Пасля гэтага выхаванцам раздаюць мабільныя тэлефоны — пазваніць бацькам (яшчэ адзін «выхад на сувязь» дазваляецца ўвечары). Акрамя гэтага, ранкам дзеці займаюцца спортам: іх вядуць у басейн, на спелеапрацэдуры, у спартыўныя залы. Вядома, сюды выхаванцаў суправаджаюць важатыя, якія і самі могуць карыстацца магчымасцямі аздараўляльнага цэнтра. Пасля абеду і ціхай гадзіны — творчыя мерапрыемствы, падрыхтоўкай якіх таксама займаюцца педатрадаўцы. Конкурсы прыгажосці, парадыйныя шоу, канцэрты — праявіць сябе можа кожны. У тым ліку і самі студэнты.

Дарэчы, сярод 23-х педагогаў «Імпульсу» ёсць і два хлопцы. Калі маладым людзям давяраюць самых малодшых дзяцей, фразы кшталту «Аляксандр Віталевіч, а я высмаркалася» нярэдка ставяць хлопцаў у тупік. Зрэшты, некаторыя дзяўчаты таксама прызнаюцца, што «важацкі хлеб» — не заўсёды лёгкі.

— У дзяцінстве я праводзіла ў летніках не менш за дзве змены штогод, — кажа важатая 6 атрада, студэнтка ІІІ курса факультэта псіхалогіі БДПУ Кацярына НЕЛЮБ. — Менавіта гэта і абумовіла маю цікаўнасць да працы ў «Імпульсе».

Але на практыцы аказалася, што быць важатым зусім не проста. Асабліва калі працуеш з маленькімі дзецьмі, якія могуць пасярод ночы пастукацца з просьбай пакласці іх спаць ці са слязьмі на вачах, бо сумуюць па бацьках...

Напрыканцы пытаемся пра заробак. За першую змену (18 дзён) усе важатыя атрымалі па 280 рублёў. Відаць, недарэмна многія рашыліся на няпростыя месяцы падрыхтоўкі? Зрэшты, самі студэнты сцвярджаюць, што заробак для іх стаіць далёка не на першым месцы.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Хто «Ракеце» надае «Імпульс», ці Калі справа не толькі ў заробку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».