Вы тут

Магістр БДУІР сабраў калекцыю рарытэтных камп'ютараў


Пару гадоў таму ў Беларусі адбылася першая выстава рэтра-камп'ютараў: некалькі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі сабралі ў адным месцы дзясяткі экспанатаў, якія маглі абудзіць настальгію, пэўна, у любога хлопца, дзяцінства якога прыпала на 80-я ці 90-я гады. Тады мерапрыемства прыйшлося даспадобы публіцы, пра яго напісалі і шматлікія выданні. Пасля выставы хлопцы прывезлі разы ў тры болей камп'ютараў, чым выстаўлялі, — людзі з радасцю прыносілі ім свае рарытэты і перадавалі іх на захаванне. Але да стварэння першага айчыннага музея вылічальнай тэхнікі справа, здаецца, наблізілася толькі цяпер. Карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» сустрэліся з калекцыянерам Аляксандрам АЛЯКСАНДРАВЫМ і распыталі пра будучыню яго камп'ютарнага «сямейства».


Такі экспанат ацэняць тыя, хто вырас у 90-я. Nintendo NES —  легендарная прыстаўка тых часоў і аб’ект дзясяткаў, калі не соцень, падробак.

З цяпер ужо магістрам кафедры інфарматыкі БДУІР мы сустракаемся ў адным з інтэрнатаў сталічнай Студэнцкай вёскі. Адно з памяшканняў часова аддалі камандзе музея Bytespace для захавання экспанатаў. Увесь пакой застаўлены самага рознага кшталту рэтра-тэхнікай: маніторамі-«акварыумамі», сістэмнымі блокамі, скрынямі з літаратурай, прыстаўкамі і многім-многім іншым. Тут жа і «гаспадар» калекцыі. Аляксандр за работай — якраз у гэтыя хвіліны з велізарнага камп'ютара СМ-1420 вагой больш як 100 кілаграмаў (ім раней карысталіся ў Нацыянальнай акадэміі навук), а, дакладней, з запушчанай на ім «бабіны», інфармацыя перакідваецца на звыклы і зразумелы кожнаму планшэт.

— Тэхнікай я цікаўлюся вельмі даўно, — расказвае хлопец. — У тры гады мне падарылі першы камп'ютар — «Байт», які збіралі ў маім родным Брэсце. На ім я вучыўся чытаць, а пазней — і праграмаваць. Калі мне было гадоў восем, я «дарваўся» да часопісаў «Радыё», якія выпісваў тата. У гэтым выданні знайшоў схему самаробнага камп'ютара, прапанаваў бацьку разам яго сабраць. Памятаю, як сядзелі і самі напайвалі мікрасхемы на плату... Усё атрымалася — так у мяне з'явіўся ўжо другі ПК. А пасля — пайшло быццам бы само па сабе. Адзін старэнькі апарат мне падарыў аднакласнік, яшчэ адзін прыслаў інтэрнэт-знаёмы пасля перапіскі на тэматычным форуме. А потым сябра сям'і аддаў столькі машын, што мы загрузілі імі цэлы «Масквіч».

Усё гэтае «сямейства» захоўвалася Аляксандрам у невялікім хлеўчуку. Хлопец паціху перабіраў калекцыю, рамантаваў асобныя машыны, вывучаў незнаёмыя. Марыў, што некалі сам зможа набываць сабе новыя экспанаты, бо бацькоўскі бюджэт абцяжарваць сваім захапленнем прынцыпова не хацеў: сям'я з чатырох чалавек і так мясцілася ў інтэрнаце. А пасля паступіў у Мінск, пачаў атрымліваць стыпендыю і зарабляць якія-ніякія грошы. Пачаўся перыяд «барахолак» на Ждановічах і палявання за рэдкімі, хай сабе і «паўмёртвымі» экспанатамі. Хлопец прызнаецца, што спачатку практыкаваў і развешванне аб'яў у стылі «Куплю ваш стары камп'ютар», але звычайна гэта заканчвалася тым, што Аляксандр заставаўся зусім без грошай — усё спускаў на новыя «цацкі». Увесь хлам калекцыянер перабіраў і рамантаваў тое, што было можна. На адзін камп'ютар выходзіла каля двух тыдняў.

Ідэя выставіць сабраныя экспанаты на асобнай выставе нарадзілася ў 2013 годзе. Ва ўніверсітэце запісвалі цыкл перадач пра студэнтаў, у якіх ёсць якія-небудзь незвычайныя хобі, і намеснік дэкана прапанаваў хлопцу паказаць свае машыны.

— Я прывёз усе камп'ютары ў адзін са сталічных хакерспэйсаў, мы «адзняліся», і адміністрацыю ўніверсітэта гэта «зачапіла», — узгадвае калекцыянер. — Паспрабавалі правесці першую выставу для школьнікаў. Мне дапамагаў яшчэ адзін магістр БДУІР (на той момант аднагрупнік) Віктар Козуб, які цяпер займаецца менеджментам і сувязямі з грамадскасцю. Паглядзець экспазіцыю прыйшоў рэктар, і менавіта ён прапанаваў нам стварыць асобны музей. Тады ж мы атрымалі і гэтыя памяшканні ў інтэрнаце (яшчэ адно знаходзіцца паверхам ніжэй), каб захоўваць машыны. Трохі пазней да каманды далучылася выпускніца ўсё таго ж БДУІР Таццяна Нарубіна. Дзяўчына ўзяла на сябе дызайн: расстаноўку экспанатаў, афармленне памяшканняў, сайта, візітак і іншае. Пасля гэтага Bytespace нават перамог на конкурсе гарадскіх праектаў #РазамМінск і атрымаў чэк на 500 долараў.

Адных манітораў у калекцыі — незлічоная колькасць.

Колькі экспанатаў у калекцыі цяпер — не ведае нават сам стваральнік. Тым больш у некаторых выпадках цяжка вызначыцца, што менавіта лічыць «экспанатам». Носьбіты, кантролеры, прылады ўводу-вываду, самыя розныя тэрміналы — усё гэта можна назваць камп'ютарнай тэхнікай, але ўласна камп'ютарам — не.

— Што мяне цікавіць у старой тэхніцы? — перапытвае хлопец. — Цяпер усё робіцца па адных і тых жа «лякалах»: існуе толькі некалькі розных сямействаў аперацыйных сістэм, «жалеза» таксама паўсюль аднолькавае. Раней жа кожная фірма, кожны завод ствараў нешта сваё. Розныя архітэктуры і софт узнікалі, як грыбы пасля дажджу. Адсюль і розныя магчымасці: у аднаго 16 колераў, у іншага — 32, той працуе з перфастужкай, гэты — з дыскетамі... З аднаго боку, гэта было нязручна, бо атрымліваўся такі велізарны «заапарк» несумяшчальных паміж сабой машын, з іншага — у кожным з камп'ютараў ёсць нешта сваё ўнікальнае і цікавае.

Вось, напрыклад, восем выратаваных «Няміг» — беларускіх школьных камп'ютараў, якія выпускаліся ў 90-я. Самая каштоўная іх частка — дыскаводны блок. Усталяваную ўнутры плату набыць на рынку нерэальна, бо іх выпускалася вельмі мала (калі на клас размяркоўвалася шмат машын, то дыскавод прызначаўся толькі для настаўніка) — нават «мацёрыя» калекцыянеры мяняюць гэту дэталь толькі на штосьці вельмі дарагое.

Побач — легендарны «Карвет». Камп'ютар, які выпускалі ў тым ліку і ў беларускім Брэсце, знаёмы, пэўна, кожнаму школьніку 90-х. Але менавіта гэты асобнік унікальны, на корпусе выбіты серыйны нумар — 00001. Менавіта ён першым сышоў з беларускага канвеера. Увогуле, у савецкіх машынах вельмі шмат незвычайнага і нават кур'ёзнага. Скажам, на клавіятуры тых жа «Карветаў» няма сімвала долара, замест яго — так званая «чарапашка» (кружок з чатырма рысачкамі).

— У будучыні я б хацеў, каб наш музей быў падобны да тых, што ўжо існуюць у Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, — кажа Аляксандр. — Маштабы там, вядома, непараўнальныя, гэта сапраўдныя музеі «з вялікай літары». Адзінае, што большасць камп'ютараў знаходзяцца «пад шклом», папрацаваць з імі не даюць. Я ж усё-такі прыхільнік таго, што для сапраўднага «знаёмства» трэба неяк паўзаемадзейнічаць з машынай. Гэта ж камп'ютар — нават экскурсавод непатрэбны, бо ён лёгка раскажа пра сябе сам.

Ужо хутка Bytespace запрацуе на пастаяннай аснове — нядаўна камандзе выдзелілі адно з памяшканняў Мінскага радыётэхнічнага каледжа.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Выратаванне «Нямігі», ці Калі долар замяняла «чарапашка»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.