Вы тут

На Гродзеншчыне створаны медыйны кластар друкаваных СМІ


На думку галоўнага рэдактара газеты «Гродзенская праўда», дэлегата V Усебеларускага народнага сходу Паўла СУХАРУКАВА, гэта галоўныя прыярытэты ў рабоце сродкаў масавай інфармацыі. На Гродзеншчыне імкнуцца асвойваць новыя магчымасці дзеля высокага ўзроўню інфармацыйнага ўплыву ў рэгіёне, упершыню ў краіне стварыўшы на абласным узроўні медыйны кластар друкаваных СМІ.


— Інфармаванне насельніцтва і фарміраванне грамадскай свядомасці з'яўляюцца асноўнымі функцыямі сродкаў масавай інфармацыі. У абласных і раённых газет у гэтым працэсе — свае асаблівыя месца і роля. Як паказваюць статыстыка і сацыялагічныя даследаванні, рэгіянальныя СМІ карыстаюцца папулярнасцю і маюць высокі аўтарытэт сярод сваіх чытачоў. У прыватнасці, нягледзячы на агульную тэндэнцыю росту папулярнасці электронных СМІ, наша газета не толькі захоўвае, але і павялічвае тыраж друкаванай версіі.

Творчы патэнцыял рэгіянальных рэдакцый сёння дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць усе магчымасці, што маюцца ў распараджэнні, і аператыўна асвойваць новыя. Што тычыцца творчай планкі «Гродзенскай праўды», — аб ёй сведчаць пяць дыпломаў лаўрэата рэспубліканскага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Літара», атрыманыя намі за тры апошнія гады.

Але мы бачым і праблемы, выклікі часу, стараемся своечасова на іх рэагаваць. Адзін з іх — падтрыманне высокага ўзроўню інфармацыйнага ўплыву ў рэгіёне. Гэта асабліва актуальна на Гродзеншчыне, у памежжы, дзе перасякаюцца інфармацыйныя патокі, часта звонку, не толькі не лаяльныя, але і яўна варожыя палітыцы нашай дзяржавы. Таму вельмі важна захоўваць інфармацыйнае лідарства.

На сённяшні дзень гэта немагчыма без пастаяннага тэхнічнага пераўзбраення і актыўнай прысутнасці ў глабальным сеціве. Мы ўвесь час нарошчваем свой тэхнічны патэнцыял, набываючы сучаснае абсталяванне, якое ў тым ліку дазваляе журналістам працаваць дыстанцыйна, што істотна скарачае час паступлення інфармацыі да чытача. Летась кардынальна мадэрнізавалі наш інтэрнэт-рэсурс. Маем такую магчымасць, будучы гасразліковым прадпрыемствам, валодаючы неабходнымі рэсурсамі і карыстаючыся падтрымкай органаў улады.

Сур'ёзнай эксперыментальнай пляцоўкай па прасоўванні рэгіянальнай прэсы ў глабальным сеціве з'яўляецца медыйны кластар друкаваных СМІ, які ўпершыню ў краіне створаны на абласным узроўні. Ён аб'ядноўвае аблвыканкам, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, рэдакцыі «Гродзенскай праўды» і раённых газет. У яго рамках ладзяцца навучальныя семінары, творчыя конкурсы, майстар-класы. Абмяркоўваем публікацыі, імкнёмся да больш якаснай прысутнасці рэгіянальных газет у сацыяльных сетках. Гэтай структуры ўсяго некалькі месяцаў, але пазітыўныя вынікі яе дзейнасці чытачы, пэўна, ужо адчулі.

Важнейшай задачай па ўдасканаленні інфармацыйнага прадукту з'яўляецца падрыхтоўка для рэгіянальных газет высокапрафесійных кадраў. З гэтай мэтай на базе «Гродзенскай праўды», упершыню сярод абласных газет, стварылі філіял кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы. Вопытныя журналісты праводзяць заняткі са студэнтамі, рыхтуюцца вучэбныя газеты. Такім чынам, згодна з патрабаваннямі кіраўніка дзяржавы, журналісцкая адукацыя максімальна набліжаецца да практыкі, а маладыя спецыялісты прыходзяць у рэдакцыі з пэўным вопытам рэальнай працы ў СМІ.

Ёсць і яшчэ адзін, мяркую, істотны момант у канкурэнтным асяроддзі. Рэгіянальная грамадска-палітычная газета не павінна саступаць па афармленні рэкламным і папулярным выданням. Інфармацыя, якая паступае да чытача, павінна быць візуальна прывабнай. Дзяржаўная падтрымка ў тэхнічным пераўзбраенні абласных друкарняў, набыцці і мадэрнізацыі газетных друкарскіх машын дазволіць нам выпускаць якасны інфармацыйны прадукт, які адпавядае сучасным патрабаванням.

Але галоўным, на маю думку, у рабоце нашага журналісцкага цэха былі і застаюцца сумленнасць і прыстойнасць. Як і цяпер, так і сто гадоў таму сур'ёзныя СМІ ствараліся не дзеля рэкламы і бізнесу, а дзеля ўплыву на грамадска-палітычныя працэсы ў дзяржаве, канкрэтным рэгіёне. У многім дзякуючы СМІ адбываецца дыялог улады з народам. І ад нашага прафесіяналізму, нашай адказнасці і шчырасці залежыць, наколькі эфектыўна вядзецца гэты дыялог.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Адказнасць, сумленнасць і тэхналагічнае развіццё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».