Вы тут

Адкуль у Беларусі землятрусы?


Геаактыўныя зоны заўсёды прыцягвалі да сябе ўвагу даследчыкаў. Яны з'яўляюцца прадвеснікамі землятрусаў, аказваюць уплыў на інжынерна-геалагічную абстаноўку, уздзейнічаюць на чалавека, жывёл і расліны. Даўней такія зоны называлі «гіблымі месцамі».


На працягу каля 4,5 мільярда гадоў у нетрах Зямлі працякалі розныя глыбінныя працэсы, якія вызначылі геалагічную эвалюцыю планеты. Пад іх уздзеяннем і праз вярчэнне зямнога шара вакол сваёй восі ў верхняй абалонцы планеты — зямной кары — сфарміраваліся геаактыўныя зоны (ад грэч. ge — зямля). Яны ўяўляюць сабой сістэмы разломаў і ўчасткі павышанай трэшчынаватасці зямной кары, якія актыўна праявіліся на найноўшым этапе геалагічнай гісторыі (каля 30 млн гадоў таму), што ахоплівае і сучасны перыяд жыцця Зямлі.

Развіццё геаактыўных зон абумоўлена энергіяй, якая вызваляецца ў нетрах планеты ў выніку радыеактыўнага распаду хімічных элементаў, фазавых і структурных пераўтварэнняў рэчыва ў геасферах Зямлі. У такіх зонах адбываюцца раскрыццё шматлікіх трэшчын і ўтварэнне пранікальных зон зямной кары, што стварае ўмовы для інтэнсіўнай цыркуляцыі і выдзялення на паверхню рознага роду атмахімічных элементаў. На зямной паверхні яны выяўляюцца ў рэльефе, покрыўных адкладах, гідралагічных асаблівасцях і іншых прыродных кампанентах ландшафту.

Касмічны «партрэт»

Геаактыўныя зоны праяўляюцца на паверхні планеты ў выглядзе лінеаментаў (лінейных і дугападобных элементаў рэльефу планетарнага маштабу, звязаных з глыбіннымі разломамі). На касмічных здымках геаактыўныя зоны адлюстроўваюцца ў будове рачных далін у выглядзе лінейна арыентаваных і каленападобных выгібаў рачных рэчышчаў, прымеркаванасці азёрных катлавін, забалочаных нізін, водна-эразійных і эолавых рэльефаў, іншых кампанентаў ландшафту да пэўных ліній.

Геолага-геафізічная інтэрпрэтацыя такіх лінеаментаў дазваляе вызначыць сувязь геаактыўных зон з разломамі зямной кары. Па звестках дыстанцыйнага зандзіравання з космасу складзена Касматэктанічная карта Беларусі, дзе прыведзены найгалоўнейшыя сістэмы лінеаментаў, якія паказваюць меркаваныя геаактыўныя зоны.

Уз­дзе­ян­не геа­ак­тыў­най зо­ны на фар­мі­ра­ван­не  Свір­скай гра­ды і кат­ла­ві­ны во­зе­ра Свір.

Калі дрыжыць зямля

Да геаактыўных зон прыцягваюцца эпіцэнтры землятрусаў. Так, у снежні 1887 года ў Барысаўскім павеце паблізу возера Сялява адбылася сейсмічная падзея з інтэнсіўнасцю трасення зямной паверхні каля 6 балаў (па шкале МSК-64). Яе эпіцэнтр размяшчаўся ў межах вузла перасячэння разрыўных парушэнняў, якія і сёння прасочваюцца на касмічных здымках у выглядзе лінеаментаў. Зразумела, у той далёкі час у Расійскай імперыі не было сеткі сейсмічных станцый (інструментальныя метады, якія фіксуюць землятрусы, пачалі прымяняцца толькі ў канцы XІX стагоддзя).

Звесткі пра Барысаўскі землятрус знойдзены ў гістарычных архіўных запісах. Гэта з'ява была апісана на аснове апытання мясцовага насельніцтва. Паводле расказаў відавочцаў, землятрус суправаджаўся разбурэннем старых драўляных будынкаў, моцным гулам ветру, выбіваннем шкла ў многіх месцах, людзі і жывёлы падалі ад спалоху.

Па звестках дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з космасу вызначаны прасторавыя ўзаемасувязі эпіцэнтраў землятрусаў з геаактыўнымі зонамі ў межах Старобінскага радовішча калійных соляў, якое распрацоўваецца шахтавым спосабам, і прылеглай тэрыторыі. Да рэгіянальнай геаактыўнай зоны прыцягваецца даволі моцны землятрус інтэнсіўнасцю 4-5 балаў, які адбыўся паблізу Салігорска 10 мая 1978 года. У выніку абвалілася больш за 3 тыс. т саляносных горных парод на шахтавых палях Беларуськалія. Навукоўцы звязалі гэту сейсмападзею з моцным транзітным землятрусам, які адбыўся ў румынскіх Карпатах.

На Старобінскім радовішчы калійных соляў, якое эксплуатуецца і сёння, у лакальных геаактыўных зонах назіраюцца разрыўныя парушэнні сільвінітавых пластоў. У межах радовішча адбываліся мікраземлятрусы з інтэнсіўнасцю трасення зямной паверхні 1-3 балы, якія ў многім абумоўленыя тэхнагеннымі прычынамі. Так, пры падземнай распрацоўцы сільвінітавых руд парушаецца натуральны напружаны стан у пароднай тоўшчы. Эпіцэнтры мікраземлятрусаў рэгіструюцца як на ўчастках адпрацоўваемых шахтавых палёў, так і за іх межамі ў геаактыўных зонах, паказаных на касмічных здымках сістэмамі лінеаментаў.

Ся­рэд­не­вя­ко­вы ла­за­хо­дзец  у по­шу­ках ва­ды.

Дзе шукаць прычыны аварый?

Геаактыўныя зоны, звязаныя з разрыўнымі парушэннямі, павышанай трэшчынаватасцю, пранікальнасцю і напружаннямі ў зямной кары, аказваюць уплыў на інжынерна-геалагічную абстаноўку. Яны садзейнічаюць інтэнсіўнаму развіццю воднай эрозіі, карставых і суфазійных з'яў, утварэнню апоўзняў і іншых экзагенных геалагічных працэсаў. У геаактыўных зонах актывізуюцца тэхнагенныя працэсы, выкліканыя зрушэннем масіваў горных парод пры асваенні радовішчаў карысных выкапняў, парушэннем натуральнага рэжыму гідрасферы ў выніку адбору падземных вод групавымі водазаборамі і правядзення асушальнай меліярацыі земляў і да т.п.

Сучасныя вертыкальныя рухі зямной кары дасягаюць у геаактыўных зонах, напрыклад на тэрыторыі Прыпяцкага Палесся, 25-35 мм/год пры сярэдніх значэннях для Беларусі 1-2 мм/год. У такіх зонах па лініях падзелу гравітацыйных анамалій паніжаецца ўзровенны рэжым грунтавых вод, прыкметна актывізуюцца працэсы ветравой эрозіі, што аказвае ўплыў на стан пароднага масіву.

Пры інжынерна-геалагічных здымках тэрыторыі Прыпяцкага Палесся ў сувязі з шырокамаштабнай асушальнай меліярацыяй земляў у 60-70 гадах XX стагоддзя не ўдзялялася належнай увагі геаактыўным зонам. Відавочна, гэта стала адной з прычын пераасушэння асобных плошчаў і значнай ветравой эрозіі маламагутных тарфянікаў, што ў сваю чаргу прывяло да негатыўных змен меліяраваных глеб і зніжэння патэнцыяльнай урадлівасці земляў.

Варта адзначыць, што ў геаактыўных зонах, асабліва ў месцах іх перасячэння, узнікаюць дэфармацыі інжынерных збудаванняў, асфальтавага палатна аўтамабільных дарог, пачашчаюцца аварыйныя выпадкі на магістральных трубаправодах, адбываюцца іншыя негатыўныя з'явы. Таму пры праектаванні, будаўніцтве і эксплуатацыі розных інжынерных збудаванняў варта звяртаць увагу на прасторавае размеркаванне геаактыўных зон, іх уплыў на развіццё экзагенных геалагічных працэсаў і ўстойлівасць пародных масіваў. У межах такіх участкаў трэба аналізаваць звесткі дыстанцыйнага зандзіравання з космасу, праводзіць геафізічныя даследаванні з найбольшай ступенню дэталёвасці, бурыць свідравіны і адбіраць пробы горных парод для вызначэння іх фізіка-механічных уласцівасцяў.

Скрыў­лен­не ства­ла і га­лін дрэ­ва  ў геа­па­та­ген­най зо­не.

Асцярожна, геапатагенная зона!

Геаактыўныя зоны з'яўляюцца вядучым геалагічным фактарам фарміравання зон біялагічнага дыскамфорту, або геапатагенных зон (ад грэч. ge — зямля, pathos — пакута, genesіs — паходжанне), якія часта размяшчаюцца над разрыўнымі парушэннямі зямной кары. Такія анамальныя ўчасткі на паверхні Зямлі валодаюць незвычайнымі экалагічнымі ўласцівасцямі. У гэтых зонах адзначаецца негатыўнае ўздзеянне геафізічных палёў і геахімічных анамалій на жыццядзейнасць чалавека, жывёл і раслін.

У народзе такія месцы называюцца «гіблымі», людзі імкнуцца абыходзіць іх бокам. Працяглае знаходжанне ў такіх месцах адмоўна адбіваецца на стане ўсяго жывога, у тым ліку на здароўі чалавека. У прыродзе вызначыць іх не так складана: дрэвы, якія растуць у геапатагеннай зоне, маюць скрыўлены ствол. Яны дуплістыя, часам высыхаюць або гніюць.

Нашы продкі старанна выбіралі месца для жытла, улічвалі мноства фактараў, бо ад гэтага залежалі здароўе і дабрабыт сям'і, роду і цэлага паселішча. Напрыклад, асаблівая ўвага звярталася на паводзіны свойскіх жывёл — «там, дзе ляглі авечкі, будуй дом». Таму большасць старадаўніх гарадоў і вёсак, а асабліва храмаў і манастыроў, размешчана ўдала. Старажытныя людзі таксама ведалі «чортавы месцы», у якіх нельга было сяліцца.

Існуюць розныя прыборы, якія вымяраюць параметры фізічных палёў і выпраменьванняў на зямной паверхні. Да гэтага часу шырока выкарыстоўваецца метад біялакацыі, які прымяняўся яшчэ ў старажытнасці лазаходцамі (людзьмі, якія вызначаюць геапатагенныя зоны з дапамогай галінкі лазы). У аснове методыкі ляжыць унікальная здольнасць чалавека: успрыманне да фізічных палёў планеты. Падчас вывучэння зямной паверхні лазаходцы знаходзілі ваду і карысныя выкапні.

Прырода геапатагенных зон да канца не вывучана, і пэўнай думкі навукоўцаў аб паходжанні гэтай з'явы няма. Але ў тым, што такія месцы існуюць і аказваюць негатыўнае ўздзеянне на арганізм чалавека і прыродную абстаноўку ў цэлым, ніхто не сумняваецца. Выдатны вучоны ў галіне геахіміі і заснавальнік вучэння аб наасферы Уладзімір Вярнадскі сцвярджаў: «...Разгадка жыцця не можа быць атрымана толькі шляхам вывучэння жывога арганізма. Для рашэння трэба звярнуцца да яго першакрыніцы — да зямной кары». Гэта яскравае выказванне яшчэ раз падкрэслівае актуальнасць вывучэння геаактыўных зон.

Разгледжаныя аспекты вывучэння геаактыўных зон закранаюць розныя навуковыя напрамкі ў галіне геалогіі, геафізікі, геахіміі і медыцыны. Пры гэтым асабліва важна развіваць сучасныя веды ў гэтай сферы ў рамках навукі аб Зямлі, паколькі такія анамаліі звязаныя, перш за ўсё, з разломамі і неаднароднасцямі фізічных палёў зямной кары і грунтуюцца на геолага-геафізічных метадах і прымяненні інавацыйных тэхналогій дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з космасу.

Валерый ГУБІН, доктар геаграфічных навук, прафесар

Загаловак у газеце: Актыўныя зоны: погляд з космасу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».