Вы тут

Травазнаўца-лекар расказвае пра некаторыя карысныя для чалавека грыбы


У прыродзе існуе больш за 80 000 відаў грыбоў. Сярод іх ёсць усімі вядомыя шапачкавыя грыбы, напрыклад баравік ці чырвоны мухамор, а таксама грыбкі, дрожджы, цвілі. Апошнія растуць на харчовых прадуктах і выклікаюць захворванні раслін, чалавека і жывёл. Мы ж спынімся на некаторых карысных для чалавека грыбах, якія размнажаюцца спорамі.


Грыбы рэзка адрозніваюцца ад раслін тым, што не ўтрымліваюць хларафілу, сілкуюцца за кошт гатовых арганічных рэчываў.

У лясах яны з'яўляюцца не адначасова. Адны грыбы растуць увесну (смаржкі, страчкі), іншыя — улетку (падбярозавікі, белыя, маслякі, ваўнянкі, сыраежкі), трэція — увосень (апенькі, зялёнкі, радоўкі).

У розных краінах ужываюць у ежу каля 100 відаў грыбоў, а ў некаторых мясцовасцях — не больш за 15-20. У Беларусі расце каля 200 відаў ядомых грыбоў, а ў кошык трапляюць толькі 40 з іх.

Пытанне пра ядомасць ці атрутнасць у былыя часы вырашалася толькі вопытным шляхам, а сёння да гэтага пытання далучылася і навука, якая, ведаючы хімічны састаў грыбоў, падказвае людзям, як выкарыстоўваць іх у якасці ежы і лекаў.

Ядомыя грыбы ўтрымліваюць вялікую колькасць бялкоў, вітамінаў (А, В, С, D, РР), мікраэлементаў (калій, фосфар, серу, цынк, жалеза, кальцый, магній), вугляводы, тлушчы і іншыя біялагічна актыўныя рэчывы.

У шматлікіх краінах існуюць курсы па навучанні грыбнікоў, дзе тлумачаць, у які час лепш збіраць грыбы, як іх зразаць і складаць у кошык, перавозіць на транспарце і г.д. Напрыклад, для збору грыбоў нельга выкарыстоўваць вёдры, поліэтыленавыя мяшкі і іншыя ёмістасці, якія перакрываюць доступ паветра да грыбоў. Свежасабраныя грыбы пры тэмпературы +10...+18 °С нельга захоўваць больш за 4-8 гадзін. Рэкамендуецца збіраць грыбы, калі яны ўжо выраслі, але яшчэ не састарэлі. Каштоўнасць «дзядкоў» змяншаецца амаль у два разы.

Ядомыя грыбы вараць, смажаць, тушаць, соляць, марынуюць. Аднак больш бяспечна і карысна для здароўя ўжываць сушаныя грыбы ў выглядзе дробнага парашка, які можна дадаваць у прыправы, соусы, падліўкі. Дробныя часціцы лягчэй пераварваюцца і засвойваюцца арганізмам.

Трошкі пра лісічкі. Яны каштоўныя тым, што ніколі не бываюць чарвівымі, іх не аб'ядаюць грыбныя мухі, яны менш за іншыя грыбы крышацца, ломяцца, працяглы час захоўваюцца ў свежым выглядзе і амаль не ўбіраюць радыенукліды.

Лісічкі ўтрымліваюць рэдкую ў прыродзе янтарную кіслату, вельмі карысную пры лячэнні сардэчна-сасудзістых захворванняў і для амаладжэння ўсяго арганізма. Яны павышаюць імунітэт.

У 1976 годзе кардыёлаг, доктар медыцынскіх навук Якаў Шпірт пісаў, што калі гэту кіслату прымаць сумесна з муміё, то можна пражыць «колькі захочаш гадоў». Яна валодае адной з вельмі важных уласцівасцяў — сама знаходзіць у арганізме тыя ўчасткі цела, якія ў ёй маюць патрэбу, абыходзячы здаровыя.

У лісічках маецца і рэдкае біялагічна актыўнае рэчыва, здольнае забіваць розныя віды паразітаў. Сябе грыбы абараняюць ад гнілі і чарвякоў, а чалавека — ад глістоў, а таксама ад іх лічынак.

Настойка. Заліваюць 0,5 л свежых здробненых грыбоў (ці 1 шклянка сухіх) 0,5 л гарэлкі, вытрымліваюць 3-4 тыдні ў шкляным, шчыльна зачыненым посудзе ў цёмным месцы, перыядычна ўзбоўтваючы. Прымаюць па 1 ч. лыжцы (запіваючы вадой) перад сном ці з'ядаюць па 1 дэсертнай лыжцы гэтых грыбоў. Так робяць, пакуль не скончыцца ўся прыгатаваная настойка. Праз 4-5 месяцаў курс лячэння паўтараюць.

У народнай медыцыне настойка з лісічак ужываецца пры лячэнні анкалагічных захворванняў.

Лідзія НАВІЧЫХІНА, травазнаўца-лекар

Загаловак у газеце: Грыбы — царства цудаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».