Вы тут

Інструктар-кінолаг Андрэй Шкляеў развейвае міфы пра сабак


Сёлета пад Баранавічамі пітбуль напаў на цяжарную жанчыну — у выніку пацярпелай давялося ампутаваць абедзве рукі. Некалькі гадоў назад стафардшырскі тэр'ер загрыз пяцімесячную дзяўчынку. У Мінску шчанюк хаскі адгрыз руку васьмімесячнаму дзіцяці. Трагічныя выпадкі з удзелам чатырохногіх сяброў чалавека здараюцца ўсё часцей. У выніку адны пачынаюць баяцца любых вялікіх сабак, якіх бачаць на вуліцы. Іншыя заступаюцца за сабак, вінавацячы безадказных гаспадароў. Пра галоўныя міфы аб чатырохногіх сябрах чалавека расказвае інструктар-кінолаг Андрэй ШКЛЯЕЎ.


Міф 1. Сабакі-забойцы?

Скажу адразу — генетычных сабак-забойцаў у прыродзе не бывае!

Як правіла, чалавек набывае сабаку канкрэтнай пароды, папярэдне не вывучыўшы гісторыю яе з'яўлення, мэту стварэння пароды, асаблівасці паводзінаў. У працэсе вырошчвання шчаняці ўласнік можа не ўдзяляць патрэбнай увагі яго выхаванню і дапускаць памылкі ў выхаванні і ўтрыманні. На жаль, сёння сустракаецца даволі шмат безадказных уласнікаў сабак, якія мала ведаюць аб кіналагічнай і агульначалавечай культуры. Магу сказаць дакладна: вынікам няправільнага абыходжання чалавека з сабакам любой пароды стане як мінімум няшчасны выпадак, ад якога могуць пацярпець іншыя гаспадары сабак, іх выхаванцы і іншыя людзі. Сабака не нараджаецца забойцам іншых сабак альбо чалавека. Гэтаму спрыяе маса фактараў: схільнасць жывёлы да праяўлення агрэсіі, няздольнасць уласніка ўплываць на яго паводзіны, парушэнні ў псіхіцы сабакі і гаспадара, адсутнасць выхавання і адукацыйных заняткаў з выхаванцам, няправільныя ўмовы яго вырошчвання, утрымання.

Усе байкі пра сабак-забойцаў нараджаюцца з-за таго, што людзі часта ачалавечваюць жывёл альбо, наадварот, ставяцца да іх як да неадушаўлёных механізмаў.

Міф 2. Пра небяспечнасць байцовых парод

Што такое байцовая парода? Гэта парода, якая выводзілася для ўдзелу ў сабачых баях. Калі ўважліва пачытаць гісторыю ўзнікнення і развіцця многіх парод, выявіцца, што толькі для ўдзелу ў баях сабак ніхто практычна не выводзіў. Сабачыя баі прыйшлі пазней. Многія «булі» і тэр'еры (з рознымі прыстаўкамі і абрэвіятурамі ў назвах) першапачаткова выводзіліся як паляўнічыя сабакі і толькі праз некаторы час сталі выкарыстоўвацца ў «баявых дзеяннях». Яны мусілі спыніць буйнога звера (напрыклад, дзіка) і ўтрымаць яго да падыходу паляўнічых. Натуральна, па прыродзе такім сабакам неабходна здольнасць самастойнага прыняцця рашэнняў і пэўная незалежнасць у паводзінах. Менавіта гэтыя якасці ў далейшым прывялі да таго, што такіх сабак сталі выкарыстоўваць на рынгах.

Да байцовых сабак часта адносяць тоса-іну, філа бразілейра і аргенцінскіх догаў. Гэтыя пароды ствараліся для аховы, таму яны таксама здольны працаваць аўтаномна, не азіраючыся на гаспадара: менавіта гэтая якасць была ўзята на ўзбраенне аматарамі сабачых баёў. Тым не менш многія пароды сабак, прадстаўнікі якіх прымаюць удзел у такіх баях, да байцовых не адносяцца, напрыклад, сярэднеазіяцкая аўчарка. Няма адзінага меркавання аб тым, якіх сабак лічыць байцовымі. У ЗША да іх адносяць доберман-пінчараў і ратвейлераў, у некаторых краінах Еўропы — паўднёваафрыканскага бурбуля. У Англіі
ў падпольных сабачых баях прымалі ўдзел скотчтэр'еры і фокстэр'еры, але чамусьці ніхто не залічвае іх да байцовых. Верагодна, у працэсе падрыхтоўкі сабак да баёў чалавек праводзіў спецыяльны адбор, у выніку чаго рэзка вырасла агрэсіўнасць асобных прадстаўнікоў розных парод. Аднак гэтая якасць падвяргалася вельмі жорсткаму кантролю: агрэсіўнасць да іншых сабак заахвочвалася, а тыя асобіны, якія дэманстравалі яе ў адносінах да чалавека, адбракоўваліся (бо менавіта людзі разнімаюць сабак на рынгу і аглядаюць іх перад боем, таму жывёла павінна даць чалавеку магчымасць дакрануцца да сябе). А цяпер успомнім сучасных пекінесаў і балонак — ці дазваляюць яны зрабіць такое і застацца без пакарання? Можа і іх назавём байцовымі?

Усе міфы аб агрэсіўнасці байцовых сабак да чалавека ўзнікаюць, як правіла, пры сустрэчах з асобнымі прадстаўнікамі розных парод, якія з'явіліся ў выніку непрафесіянальнага развядзення, няправільна ўтрымліваліся, выхоўваліся (а можа, і ўвогуле не выхоўваліся).

Міф 3. Пра сабак-наркаманаў

Кажуць, што сабак, якія займаюцца пошукамі наркотыкаў, для больш эфектыўнай работы літаральна накачваюць наркатычнымі рэчывамі. Уявіце сабе, колькі такі сабака можа пражыць і што за гэты час адбудзецца з яго арганізмам? Як хутка і дакладна сабака будзе рэагаваць на каманды ўласніка па-за сваёй «рабочай» пошукавай дзейнасцю? Прафесіяналы ў працэсе падрыхтоўкі сабак да пошуку наркатычных рэчываў выкарыстоўваюць шэраг спецыяльных методык, ні адна з якіх не дапускае ўжыванне наркотыкаў у якасці заахвочвання ці стымулявання сабакі.

Больш чым за 30 гадоў работы з сабакамі я ні разу не сутыкаўся з праявай «сабачай наркаманіі».

Міф 4. Пра сабак-нянек

Правільна выхаваны сабака не праявіць агрэсіі да дзіцяці ні пры якіх умовах, якія б дзеянні ў дачыненні да яе той ні рабіў. Такія якасці ўласцівы практычна любой пародзе сабак. Але вопытны сабакавод заўжды папярэдзіць, што лепш не пакідаць сабаку з маленькімі дзецьмі без нагляду! Існуе міф, што сабака... ніколі не кране дзіця. Для любога сабакі дзіця — гэта перш за ўсё «шчаня». Але дзеці не могуць рабіць тыя ж позы і дзеянні шчанюкоў, а сабака з першага разу не можа разабрацца, хто перад ім.

Як сабака выхоўвае шчанят? Каб малы зразумеў, што ім незадаволены, маці гыркае, калі шчаня не слухаецца — хапае за карак і трасе альбо проста прыкусвае. Яна не наносіць траўм шчаняці, хоць яно пры гэтым можа скавытаць і вішчаць. А што, калі сабака вырашыць так зрабіць з дзіцем?

Сабака не пусціць малога ў небяспечнае месца? Хоць некаторыя сабакі сапраўды перакрываюць шлях малым дзецям, гэта не гарантуе абароны ад магчымай небяспекі. Для абароны малога сабака мусіць уяўляць сабе, дзе можа знаходзіцца крыніца небяспекі. І ў кватэры, і на вуліцы існуе маса месцаў, спалучаных з рызыкай для дзіцяці, якія сабака наўрад ці адчуе і ўспрыме як небяспечныя.

Сабака не можа быць адэкватным вартаўніком для дзіцяці.

Сабака можа бяспечна гуляць з малым? Сабакі бываюць розныя. Уявіце сабе асобіну буйной пароды, якая падчас гульні незнарок зачэпіць яго ці вырашыць скокнуць, а пасля гулліва прыкусіць. У лепшым выпадку дзіцяці будзе непрыемна. У сваю чаргу, сабаку можа раздражняць назойлівая ўвага, якая выражаецца ў спробах пакалупацца ў носе, патузаць за хвост. Але ў большасці выпадкаў сабака з'яўляецца клапатлівым і адданым сябрам для дзіцяці, калі ён добра
выхаваны, а гаспадары ў момант яго гульні з малым знаходзяцца побач.

Андрэй ШКЛЯЕЎ, Інструктар-кінолаг

Загаловак у газеце: Міфы пра сабак

Каментары

Цікавы матэрыял. Я згодна з аўтарам – шмат што ў паводзінах сабакі залежыць ад таго, як яго выхавалі. Але што рабіць з тымі, хто не ведае ці не хоча ведаць пра асаблівасці дрэсіроўкі сабак розных парод? Ды нават так званых дварнякоў не імкнецца хоць колькі-небудзь стрымліваць у паводзінах… Сын маіх знаёмых аднойчы прывёз да бацькоў каўказскую аўчарку. Шчанюком яна была любіміцай усёй вёскі, а калі вырасла, стала яе гразой. Больш за ўсё аўчарка чапала хатнюю жывёлу (кур, авечак), а потым пераключылася і на людзей. На шчасце, жанчыне, якую пакусаў сабака, сур’ёзных траўмаў удалося пазбегнуць. Але колькі жахаў было для дзяцей і дарослых ад гэтай грамадзіны! У выніку бацька хлопца забіў сабаку, каб жывёла не нарабіла больш сур’ёзных спраў. І што вы думаеце?.. Праз некаторы час на яго двары зноў з’яўляецца “цуд” (не ведаю дакладна пароду, але здаецца, сабака быў падобны да масціфа). Ізноў пачаліся жахі. Сабака не быў прывязаны, ён часта гуляў па вуліцы, кідаўся на дзяцей. Пачаліся папрокі гаспадарам гэтага сабакі ад мясцовых жыхароў… Для мяне гэтая гісторыя – яркі прыклад таго, наколькі безадказна людзі адносяцца да сабак і да тых, хто жыве побач. І большая віна тут, мне здаецца, не знаёмых, а іх сына – сапхнуць на бацькоў тое, што павінен быў рабіць ён… Я ўпэўнена – толькі тады, калі чалавек гатовы адказваць за паводзіны сабакі, ён можа стаць яе гаспадаром.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.