Вы тут

Чым быў выкліканы турэцкі путч і чаму ён захлынуўся?


Мяцежнікі пацярпелі фіяска.

На выхадныя гэтая навіна насамрэч стала «топавай» для сусветных медыя. У Турцыі была здзейснена спроба ваеннага перавароту. Група афіцэраў пры падтрымцы шэрагу вайсковых злучэнняў імкнулася сілавым шляхам захапіць уладу ў краіне. Аднак прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган і яго ўрад здолелі ўтрымаць кантроль над Турцыяй. За ўдзел у спробе перавароту арыштавана звыш 6 тысяч чалавек, сярод якіх вышэйшыя афіцэрскія чыны, прадстаўнікі судзейскага корпусу і органаў пракуратуры. Паводле звестак адміністрацыі прэзідэнта Турцыі, у канфлікце загінула звыш 260 чалавек, каля 1,5 тыс. параненых. Чым быў выкліканы турэцкі путч і чаму ён захлынуўся?


Па слядах ГКЧП

Гэтыя факты дакладна ўвайшлі ў падручнікі найноўшай гісторыі. 15 ліпеня каля 23 гадзін па мінскім часе група мяцежных вайскоўцаў паспрабавала ўстанавіць кантроль над двума найбуйнейшымі гарадамі Турцыі — Анкарой і Стамбулам. Як стала вядома, асноўныя завадатары беспарадкаў служылі ў ваенна-паветраных сілах Турцыі. Таксама касцяк мяцежнікаў узначальвалі прадстаўнікі жандармерыі і вайскоўцы з бранятанкавых падраздзяленняў.

Над сталіцай Турцыі па загадзе змоўшчыкаў паднялі ў паветра верталёты і самалёты, таксама ў горад увялі танкі. Пачалася стральба, прагучалі першыя выбухі. Прыкладна ў той жа час у Стамбуле вайскоўцы пад камандаваннем мяцежнікаў перакрылі два масты праз Басфор. Бранятэхніку змоўшчыкі падагналі да міжнароднага аэрапорта Стамбула «Атацюрк», які часова спыніў працу.

Мяцежнікі спрабавалі захапіць будынкі органаў дзяржаўнай улады, ваенныя штабы, рэдакцыі вядучых СМІ, транспартныя вузлы і задушыць супраціў на гэтых аб'ектах.

Эрдаган звярнуўся да нацыі: «Я заклікаю турак збірацца на плошчах і ў аэрапортах! Я заўсёды верыў, што няма ўлады, вышэйшай за ўладу народа! Мы выйдзем пераможцамі!» Па закліку кіраўніка краіны тысячы людзей выйшлі на вуліцы падтрымаць законную ўладу. Лаяльныя прэзідэнту часці задушылі выступы мяцежнікаў. Праўда, ужо да раніцы суботы верным прэзідэнту Рэджэпу Таіпу Эрдагану сілай удалося ўзяць сітуацыю пад кантроль. Мяцеж быў ліквідаваны. Вінаватымі ў арганізацыі перавароту былі названы асобныя прадстаўнікі вайсковых колаў і ўплывовы прапаведнік Фетхулах Гюлен, што жыве ў выгнанні (дарэчы, Гюлен катэгарычна абверг сваю датычнасць да гэтых дзеянняў). Правал бунту стаў не толькі фіяска апазіцыйна настроенай часткі вайсковай эліты, але і паражэннем Рэспубліканскай народнай партыі, якая пазіцыянуе сябе спадчынніцай кемалізму.

Цікава, што спробу перавароту ў Турцыі асобныя аналітыкі адразу параўналі з путчам ДКНС (ГКЧП па-руску) у апошні год існавання Савецкага Саюза — ужо вельмі яскравыя паралелі.

Абодва бунты праходзілі па падобным сцэнарыі: захоп тэлебачання і радыёстанцый, аб'вяшчэнне кіраўніка краіны недзеяздольным. І змоўшчыкі, і турэцкія ваенныя колы апраўдвалі пераварот неабходнасцю выратаваць радзіму ад распаду. Як і ў СССР, мяцежнікі стварылі часовы камітэт для кіравання дзяржавай — «Мірную раду». І, нарэшце, жнівеньскі путч адбыўся, калі Міхаіл Гарбачоў быў на адпачынку ў Фаросе, а турэцкія мяцежнікі паспрабавалі ўзяць уладу, пакуль Эрдаган знаходзіўся ў курортным Мармарысе.

Два ўдары

Многія назіральнікі ўжо пракаментавалі тое, што здарылася, фразамі кшталту «Турцыі канец», «Турцыя спаўзае да канфліктнага стану». Аднак гэтыя ацэнкі не выглядаюць пераканаўчымі. Іншыя аналітыкі сцвярджаюць: цяпер мы будзем назіраць працэс стварэння зусім іншай Турцыі — краіны, пра якую даўно марыў Эрдаган. Бо доўгі час вайскоўцы былі гарантам таго, што Анкара не збочыць са свецкага шляху развіцця. Яны здзейснілі тры перавароты ў перыяд паміж 1960 і 1980 гадамі і маюць даўнюю гісторыю супрацьстаяння з Партыяй справядлівасці і развіцця, якая кіруе ў краіне.

Калі вайскоўцам здавалася, што свецкія асновы аказваюцца пад пагрозай, улада перамяшчалася гвалтоўным шляхам. «У Турцыі паміж ісламам і дэмакратыяй заключаны шлюб. Дзіця гэтага саюза — свецкасць. Часам дзіця захворвае, і турэцкая армія якраз той лекар, хто ратуе яго. У залежнасці ад цяжару хваробы мы ўводзім патрэбныя лекі, каб дзіця ачуняла», — так апісваў ролю ўзброеных сіл ва ўнутранай палітыцы краіны генерал Чэвік Бір, адзін з лідараў ваеннай змовы 1997 года, тагачасны намеснік кіраўніка генштаба. Цяпер, падобна, пра гэтую схему можна забыцца.

Спрэчную традыцыю атрымалася разбурыць яшчэ напрыканцы 2000-х. Насамрэч цяперашняя хуткая перамога Эрдагана стала заканамерным вынікам яго барацьбы за зніжэнне ролі і ўплыву ваенных у палітычным жыцці. Ён ужо нанёс па іх два моцныя ўдары. Перш за ўсё гэта працэс супраць тайнай арганізацыі «Эргенекон» (названая ў гонар міфічнага месца ў гарах Алтая — радзімы продкаў цюркаў) у 2007 годзе. Тады шэраг высокапастаўленых вайскоўцаў, чыноўнікаў і грамадскіх дзеячаў былі абвінавачаны ў падрыхтоўцы перавароту.

Справа «Эргенекона» і судовы працэс над сілавікамі сталі паваротным момантам у турэцкім палітычным жыцці. Па гэтай справе праходзілі былыя ваенныя чыноўнікі і адстаўныя афіцэры сілавых структур Турцыі, журналісты, колішнія рэктары буйных турэцкіх універсітэтаў і ваенных акадэмій.

Самы суровы прысуд быў вынесены экс-кіраўніку турэцкага генштаба генералу Ількеру Башбугу. Ён быў прызнаны вінаватым «у спробе змяніць канстытуцыйны лад сілавымі мэтадамі». Турэцкія ўлады абвінавацілі членаў гэтай тайнай супольнасці ў серыі забойстваў журналістаў і палітычных дзеячаў.

Гэта быў першы ўдар па ваенных колах у Турцыі. Многія назіральнікі тады са скепсісам ацэньвалі перспектывы барацьбы Эрдагана супраць асноў кемалізму. Ім здавалася, што прыхільнікі свецкага шляху развіцця (нацыяналісты) у тандэме з ваеннымі зробяць пераварот і пасля недаўгачаснага праўлення ваенных улада пяройдзе да рэспубліканцаў-кемалістаў. Але ваганне і разброд сярод апазіцыйных колаў не дазволілі ім тады аб'яднацца ў барацьбе супраць Партыі справядлівасці і развіцця, чый аўтарытэт сярод насельніцтва ўмацоўваўся дзякуючы эканамічнаму росту і паспяховай сацыяльна-эканамічнай палітыцы, якая праводзіцца партыяй.

Другі ўдар па кемалістах і ваенных быў нанесены Эрдаганам у ліпені 2011 года, калі вайсковае кіраўніцтва ў поўным складзе аб'явіла аб сыходзе ў адстаўку. Падставай для канфлікту стала прызначэнне прыхільнікаў Эрдагана на важныя пасады ў вайсковых структурах. Начальнік генеральнага штаба Ішык Кошанер абвінаваціў Эрдагана і прэзідэнта Абдулу Гюля ў тым, што кіраўніцтва краіны «паставіла мэтай дыскрэдытацыю, а таксама прадстаўленне ў грамадскай думцы арміі як злачыннай арганізацыі». Тое, што заявіць пратэст вайскоўцы не змаглі інакш, акрамя як падаўшы ў адстаўку, было расцэнена як перамога Эрдагана. Ён здолеў атрымаць верх над раней недатыкальнымі палітычнымі і ваеннымі фігурамі, якія лічылі сябе вартавымі дзяржавы, створанай Мустафой Кемалем Атацюркам. Пры гэтым варта мець на ўвазе, што турэцкая армія, калі не браць пад увагу ядзерную зброю, лічыцца другой пасля ЗША па сваім баявым патэнцыяле сярод краін — членаў НАТА, ваеннага блока, куды гэтая краіна ўваходзіць з 1952 года.

Напярэдадні рэформаў

Прычын правалу цяперашняга перавароту называюць некалькі.

Як заўважаюць аналітыкі, план бунту не быў старанна прапрацаваны — ваенныя дзейнічалі вельмі агрэсіўна, але без якога-небудзь парадку. Больш за тое, пераварот арганізаваны не вышэйшымі вайсковымі коламі, а сярэднім звяном. Кіраўніка генштаба ў гэты час путчысты трымалі ў палоне.

Лідары вядучых сусветных дзяржаў і арганізацый падтрымалі Эрдагана і дзейныя ўлады Турцыі. Прэзідэнт Барак Абама заклікаў усе палітычныя сілы краіны выступіць за дэмакратычны ўрад. Тое ж гаворыцца ў сумеснай заяве кіраўніцтва ЕС. Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг стэлефанаваўся з кіраўніком МЗС Турцыі Меўлютам Чавушаглу і заклікаў да спакою і павагі да дэмакратычных інстытутаў. Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун заявіў аб недапушчальнасці ўмяшання вайскоўцаў у справы дзяржавы. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у размове з Рэджэпам Эрдаганам падкрэсліў, што прынцыповая пазіцыя Расіі — недапушчальнасць у жыцці дзяржавы антыканстытуцыйных дзеянняў і гвалту. Падтрымку і салідарнасць з легітымнай уладай выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Важную ролю ў правале перавароту сыграў асобасны фактар. Фактычна Эрдаган па ступені аўтарытэтнасці саступае толькі самому Атацюрку. Пры гэтым, у цяжкі час яго падтрымалі такія ўплывовыя фігуры турэцкай палітыкі, як экс-міністр замежных спраў Ахмет Давутоглу і былы прэзідэнт Абдула Гюль. І гэта нягледзячы на тое, што сёння адносіны з імі ў Эрдагана далёка не бясхмарныя.

Прафесар Давутоглу, катэгарычны праціўнік ваенных пераваротаў, у сваіх працах і заявах асуджаў мецяжы 1972 і 1997 гадоў. Больш за тое, у адным інтэрв'ю ён прама заявіў, што лічыць сябе галоўным прыхільнікам змены канстытуцыі, неабходнай, каб узмацніць прэзідэнцкія паўнамоцтвы.

Па словах Давутоглу, цяперашні варыянт асноўнага закона — спадчына ваенных і не адпавядае інтарэсам турэцкага грамадства.

Цяпер жа можна сказаць, што правал перавароту — заключны і лагічны вынік супрацьстаяння вайскоўцаў (кемалістаў-нацыяналістаў) і Эрдагана. Яго пазіцыі ўнутры краіны дастаткова моцныя. На думку экспертаў, неўзабаве Эрдаган паспрабуе правесці жорсткія палітычныя рэформы. «Старой Турцыі больш няма», — канстатаваў прэзідэнт. Ён заявіў, што «здраднікі заплацяць высокую цану» і паабяцаў правесці «чыстку армейскіх радоў». Зразумела, Эрдагану прыйдзецца дзейнічаць асцярожна: турэцкае грамадства расколатае і новы пераварот можа прывесці калі не да змены ўлады, то да зацяжнога грамадзянскага канфлікту.

Захар БУРAК

burak@zvіazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Путч па-турэцку

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.