Вы тут

У Беларусі ўпершыню пратэзавалі трахею


Журналістам паказалі пацыента, якому паспяхова было праведзена першае ў свеце пратэзаванне трахеі з выкарыстаннем тканкаінжынернага пратэзу.

Спробы хірургічнага лячэння трахеі ажыццяўляліся ў Расіі, Іспаніі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, аднак выратаваць хворых не ўдавалася. Айчынныя спецыялісты намагаліся каля пяці гадоў, каб адкрыць новую старонку ў гісторыі медыцыны.


Трэба патлумачыць, што максімальна бяспечная даўжыня ўчастку трахеі, які выдаляецца, складае ў сярэднім 3-4 см, а калі больш, то неабходна прымяненне пратэзаў. У свеце існуе некалькі падыходаў да пратэзавання трахеі, аднак выкарыстанне любога з іх звязана з высокай рызыкай развіцця ўскладненняў і гібелі пацыента. Беларускія спецыялісты прыйшлі да высновы, што самым перспектыўным напрамкам з'яўляецца выкарыстанне пратэзаў на аснове донарскай трахеі, адмытай ад клетак і заселенай уласнымі клеткамі рэцыпіента.

Распрацаваная ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава методыка якасна адрозніваецца ад замежных методык наяўнасцю этапу ўжыўлення пратэза (з мэтай падсілкоўвання) у мышцы жывата. Гэты этап дазваляе значна палепшыць прагноз пасляаперацыйнага перыяду. Сёння ажыццяўляюцца дадатковыя даследаванні, скіраваныя на паляпшэнне методыкі стварэння і імплантацыі тканкаінжынернага пратэза, што дазволіць у будучыні скараціць час падрыхтоўкі трансплантата. Дэталі методыкі не могуць быць раскрытыя поўнасцю. Аднак у агульных рысах журналістам растлумачылі галоўныя асаблівасці ўмяшання.

— Па прычыне пухлін у галіне анкалогіі сёння выдаляюць любыя органы, але чым іх замяніць? Сучасная медыцына ідзе па шляху стварэння штучных органаў — гэта і ёсць тканкаінжынерныя тэхналогіі. Нам удалося стварыць штучную трахею, — тлумачыць дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава Алег СУКОНКА. — Калі сказаць коратка, пацыенту была выдалена частка лёгкага з трахеяй. У яго ўзялі ствалавыя клеткі, ператварылі ў хандрацыты, прарасцілі імі донарскую трахею, і... яна прыжылася. Гэта ў сотні разоў складаней, чым перасадзіць сэрца...

Пасля абследавання дыягназ пацыента гучаў так: перыферычны рак верхняй долі правага лёгкага з урастаннем у трахею. У цэнтры анкалогіі прынялі рашэнне, што некалькі пацыентаў возьмуць удзел у навукова-даследчай рабоце па пратэзаванні тканкаінжынернай трахеі. Адзін з іх не дачакаўся свайго шанцу... Пошук адпаведнага донара пачаўся для 65-гадовага мужчыны з Гомельскай вобласці. Ён тым часам прайшоў хімія-прамянёвае лячэнне, у выніку якога памеры самой пухліны зменшыліся, аднак з'явіўся метастаз у левым наднырачніку. У донара тым часам ужо выдалілі трахею і падверглі яе працэсу ачысткі ад клетак. Пацыенту давялося выдаляць левы наднырачнік і імплантаваць трахею ў мышцу жывата для рэваскулярызацыі (падсілкоўвання клеткамі), адначасова быў узяты касцявы мозг для перадачы ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, дзе з яго культывавалі ствалавыя клеткі і назапасілі ў неабходнай колькасці. Да гэтага моманту ў сценцы сасудаў імплантаванай трахеі пачалі расці сасуды, адбылося засяленне ствалавых клетак у матрыцу. Нейкі час спатрэбіўся для прыжывання клетак. Урэшце было выканана выдаленне долі лёгкага справа з рэзекцыяй трахеі і пластыкай дэфекту тканкаінжынерным пратэзам на мышачнасасудзістай ножцы. Пасля аперацыі пацыент адчуваў сябе здавальняюча і быў выпісаны на 14-я пасляаперацыйныя суткі без ускладненняў. На сёння перыяд назірання складае тры месяцы. Ніякіх даных за прагрэсаванне або рэцыдыў захворвання не выяўлена, — паведаміў лечачы ўрач — таракальны хірург анкалагічнага таракальнага аддзялення РНПЦ анкалогіі Яўген ДЗЯМІДЧЫК.

— У пацыента было крытычнае звужэнне трахеі, а таму ён не мог нармальна дыхаць, — расказвае прафесар, доктар медыцынскіх навук, загадчык хірургічнага аддзела РНПЦ анкалогіі Уладзімір ЖАРКОЎ. — Смерць такіх хворых наступае часцей за ўсё ад пнеўманіі, паколькі дрэнажная функцыя трахеі парушаецца, збіраецца макрота, і даволі хутка чалавек гіне ў сне. Чаканая працягласць жыцця ў нашага пацыента была не больш за 2-3 месяцы. А ён жыве без прыкмет вяртання захворвання, і я лічу гэта прарывам у таракальнай хірургіі, у анкалогіі і ў клетачных тэхналогіях.

Усяго пацыенту выканалі чатыры аперацыі. Аднак унікальным і прарыўным стала тое, што прафесар Жаркоў прапанаваў перасадзіць донарскую трахею ў мышцу жывата пацыента — каб пратэз атрымаў сілкаванне, прарос уласнымі сасудамі і пачаў служыць менавіта гэтаму чалавеку. У гэтым жа наркозе былі ўзятыя і клеткі касцявога мозгу, якія адразу ж завезлі ў лабараторыю РНПЦ дзіцячай анкалогіі. Тут з касцявога мозгу былі выдзелены толькі ствалавыя клеткі — для нарошчвання іх колькасці, бо ўзяць столькі адразу немагчыма. Тры тыдні ўрачы кантралявалі прарастанне сасудаў, даследавалі пад мікраскопам, пакуль не пераканаліся, што арганізм не адрынае пратэз, і толькі тады ўвялі ў яго ствалавыя клеткі. Наперадзе заставалася асноўная аперацыя.

Цікава, што матэрыялу для замяшчэння выдаленай трахеі ў свеце яшчэ не існуе. Іншыя полыя органы і структуры чалавечага цела — тую ж аорту — паспяхова замяшчаюць, а тут пакуль атрымлівалася няўдача за няўдачай. Самы вялікі поспех па замяшчэнні трахеі быў у канадскіх спецыялістаў, якія штосьці спрабавалі зрабіць на аснове сілікону, аднак жыццё пацыента гэта падаўжала толькі на месяц. І вось — беларус, у якога штучная трахея забяспечвае прасвет, як у здаровага чалавека.

Ачышчаная ад клетак донарская трахея.

— Ствалавыя клеткі — гэта тое, з чаго зроблены ўсе клеткі нашага арганізма. Мы даўно супрацоўнічаем не толькі з анколагамі, але і з тымі ж кардыёлагамі, для якіх вырошчваем кардыяміяцыты, што дапамагаюць лячыць інфаркты міякарда, — адзначае член-карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар, доктар медыцынскіх навук, дырэктар РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Вольга АЛЕЙНІКАВА.

У РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ўжо створана аддзяленне, якое будзе займацца стварэннем штучных органаў. Надалей плануецца забіраць у донараў любыя трахеі любых памераў, ствараць банк даных і браць у работу тыя, што ёсць. Бо хворых не так і мала — з пухліннымі пашкоджаннямі трахеі, рубцовымі звужэннямі ў выніку траўмаў. Ёсць і такое захворванне, пры якім па невядомых прычынах прасвет трахеі няўмольна звужаецца, у выніку чаго чалавек гіне. Можна меркаваць, што не менш як 50 чалавек у год маюць патрэбу ў падобных аператыўных умяшаннях.

Пацыент, якому перасадзілі трахею, Анатоль Міхайлавіч Хлапкоў, адказаў на кароткія пытанні журналістаў:

— Вам выдалілі палову правага лёгкага. Як цяпер дыхаецца?

— Лёгка. Задышка крыху ёсць, калі іду па лесвіцы.

— Што можаце рабіць у побыце?

— Цалкам магу сябе абслугоўваць.

— Вы курылі?

— Так. Два гады таму вырашыў кінуць і амаль не курыў, але цяпер ужо кінуў зусім...

— Колькі гадоў курылі?

— Больш за сорак...

— Вы кашлялі?

— Ніколі.

— А як жа сюды трапілі?

— Глытаць стала балюча.

— І на якой стадыі выявілі захворванне?

— На 3-й.

— Што скажаце медыкам?

— Я ўдзячны ўсім медыкам — дзякуючы ім жыву.

— А што скажаце іншым людзям?

— Кожны ведае аб шкодзе курэння, але ж не задумваецца.

— А як вы паставіліся да таго, што гэта будзе першая аперацыя падобнага кшталту?

— Адназначна і адразу пагадзіўся — другога выйсця няма. Жыць ці памерці. А жыць мне хочацца — у мяне ўнукі малыя. І сын.

«Пухліны тым і небяспечныя, што доўгі час ніяк пра сябе не заяўляюць, няма ніякіх сімптомаў, а калі яны з'яўляюцца, то гэта ўжо далёка не ранні рак, — тлумачыць адказы Алег Суконка. — Флюараграфія тут не памочніца — толькі нізкадозная камп'ютарная тамаграфія здольная выявіць рак лёгкага на ранняй стадыі. Таму на базе Мінскага абласнога туберкулёзнага дыспансера мы праводзім скрынінг з выкарыстаннем менавіта такога метаду абследавання».

Святлана БАРЫСЕНКА

Загаловак у газеце: «Я ўдзячны ўсім медыкам!..»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.