Вы тут

Якія віды небяспекі пагражаюць дзецям?


Тое, што лета — гэта не толькі радасць, гульні і плюханне ў рацэ, ведае кожны. Небяспека можа падсцерагчы дзе заўгодна і ў той момант, калі яе зусім не чакаеш. І асабліва ўразлівыя ў гэтым сэнсе нашы дзеці. На жаль, дарослыя пра гэта часта забываюць. І тады здараецца непапраўнае.


На ра­таў­ні­ка Ра­мэа спа­дзя­вай­ся, але і сам не спі ў шап­ку.

Дапамога побач

Спецыяліст вадалазнай службы Магілёўскага абласнога савета таварыства ратавання на водах Мікалай Гаўрыленка прыводзіць абуральны выпадак, які адбыўся не так даўно. Сямнаццацігадовы юнак патануў у рачулцы, дзе самая вялікая глыбіня — 1,5 метра. Але няшчасце адбылося. І каго ў гэтым вінаваціць?

— Мы часта разам з міліцыяй абыходзім патэнцыйныя дзікія пляжы, дзе любіць збірацца дзятва. Тлумачым падлеткам, што гэта небяспечна, што трэба купацца пад наглядам, што гэта можа каштаваць ім жыцця. Не разумеюць...

Адзін з праблемных участкаў, кажуць ратаўнікі, затока Дняпра паблізу ад вуліцы Соф'і Кавалеўскай у Магілёве, адкуль да вёскі Халмы рукой падаць. Там некалькі гадоў таму патануў 13-гадовы хлопчык. Ныраў разам з таварышамі са старых гумавых пакрышак і трапіў у глыбокае месца. Хлопчык патануў, яго сябры разбегліся, а на наступны дзень зноў сабраліся і пачалі ныраць.

У міліцыі і ратаўнікоў МНС лета — заўсёды гарачая пара, бо, акрамя звычайных візітаў ва ўстановы адукацыі і шматдзетныя сем'і, дадаюцца яшчэ школьныя і аздараўленчыя лагеры. На папярэджанне надзвычайных сітуацый, гібелі і траўматызму дзяцей у рэспубліцы працуе прафілактычная акцыя «Канікулы без дыму і агню». Толькі ў чэрвені па лініі МНС у Магілёўскай вобласці прайшло больш за 300 акцый у аздараўленчых лагерах, школьных і дашкольных установах. У мерапрыемствах узялі ўдзел больш за 22 тысячы дзяцей.

Ужо 12 гадоў на базе Цэнтра прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Магілёўскага абласнога УМНС у чэрвені дзейнічае аздараўленчы лагер «Ратаўнік», які прымае да 30 дзяцей.

— Гульні, конкурсы, экскурсіі чаргуюцца з заняткамі па асновах бяспекі жыццядзейнасці — дзеці вучацца аказваць першую дапамогу, знаходзіць выйсце са складаных жыццёвых сітуацый. З імі працуюць псіхолагі. Найбольш актыўныя выхаванцы лагера будуць адстойваць гонар Магілёўскай вобласці на рэспубліканскім злёце юных ратаўнікоў-пажарных, які штогод праходзіць у верасні ў «Зубраняці», — кажа старшы інспектар Цэнтра прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Сёлета на базе цэнтра запрацавала студыя для здымання відэапраграм для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту «Казка на ноч», якія транслююцца на рэгіянальным тэлеканале «Беларусь 4». Ужо знята больш за 35 сюжэтаў на тэму бяспекі. Акрамя гэтага, на старонках абласной газеты рэалізуецца сумесны праект, дзе галоўным дзеючым героем з'яўляецца сімпатычны Тушысцік з Лесамор'я. Жыхары казачнай краіны пастаянна трапляюць у надзвычайныя сітуацыі, а галоўны ратаўнік лесу не толькі дапамагае ім выбрацца з іх, але і вучыць, як сябе паводзіць пры небяспецы.

Магілёўскі інстытут МУС сёлета ўпершыню пасля доўгага перапынку арганізаваў кругласутачны грамадзянска-прававы аздараўленчы лагер «Дзяржынец».

— Дзесяць хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў мелі магчымасць далучыцца да курсанцкага жыцця. Акрамя мноства спартыўных і экскурсійных мерапрыемстваў, яны больш даведаліся пра паводзіны ў складаных жыццёвых сітуацыях, пра разбуральнае дзеянне наркотыкаў і спайсаў, — паведаміла старшы інспектар аддзялення прафарыентацыйнай работы, інфармацыі і грамадскіх сувязяў інстытута МУС Любоў Шумілка.

Непасрэдна з цяжкімі падлеткамі ці, як тут кажуць, «катэгарыйнымі», працавалі ў раённым лагеры «Надзея» пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Агат». Педагог-арганізатар гэтага цэнтра, а на час работы лагера намеснік яго начальніка Юлія Сямёнава з захапленнем расказвае пра сваіх выхаванцаў. Кажа, што гэтая іх яршыстасць праходзіць за першыя некалькі дзён. Дзецям проста не хапае элементарнай увагі з боку дарослых. Насуперак усім меркаванням аб іх замкнёнасці і непрыступнасці яны раскрываюцца.

Неўзабаве ў Магілёве з'явіцца Цэнтр бяспекі жыццядзейнасці. Яго будаўніцтва ідзе поўным ходам, але для карэспандэнта «Звязды» зрабілі выключэнне і правялі па будучых вучэбных аўдыторыях.

— На гэтых паверхах размесцяцца тэматычныя выставы, — паказвае прасторныя памяшканні памочнік начальніка Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС, палкоўнік унутранай службы Вадзім Урублеўскі. — Адна з аўдыторый стане імітацыяй звычайнай кватэры. Тут мы збіраемся мадэляваць тыя сітуацыі, што могуць адбыцца ў сценах жылога дома. Напрыклад, загарэўся тэлевізар або адбылося задымленне ў ліфце. Што рабіць? Для дзяцей рознага ўзросту будуць свае тэматычныя рэчы. Каб яны маглі памацаць усё сваімі рукамі, перажыць сапраўдныя сітуацыі.

А яшчэ ратаўнікі раяць спампаваць на мабільны тэлефон карысную праграму «МНС Беларусі: дапамога побач». Людзі часта губляюцца, што рабіць, калі, напрыклад, разбілі градуснік, апынуліся ў ДТЗ, убачылі падпалены лес, трапілі ў навальніцу. Праграма дзейнічае па прынцыпе «5 крокаў да ратавання». Яна дапамагае сабрацца і пачаць дзейнічаць. Бо, як вядома, паніка — дрэнны памочнік. Ужо сабрана каля 50 тэм, і ратаўнікі гатовыя дадаць новыя.

«Ура! Пажарныя прыехалі!»

Такімі словамі сустракаюць ратаўнікоў у дзіцячых аздараўленчых лагерах Гродзеншчыны падчас Дня МНС. Дарослыя тлумачаць школьнікам, як папярэдзіць пажар, як правільна паводзіць сябе на вуліцах, на вадаёмах і ў лесе, падчас навальніцы, як дапамагчы чалавеку, які церпіць бедства.

— Такія акцыі праводзім у кожным лагеры, прычым неаднойчы — для кожнай змены, — кажа прэс-сакратар Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Наталля ЖЫВАЛЕЎСКАЯ. — Пра важнае стараемся расказваць не ў форме павучальных лекцый, а праз дыялог, гульню, віктарыны і конкурсы, дэманстрацыю тэматычных відэафільмаў. Дзецям цікава. «Ура! Пажарныя прыехалі!» — сустракаюць яны ратаўнікоў і запрашаюць прыехаць зноў. А значыць, будзе карысць ад нашай прафілактычнай працы.

Напрыклад, падчас такой сустрэчы на беразе возера Юбілейнае з дзецьмі, якія адпачываюць у лагеры «Зорка», сапраўдным героем у вачах хлопчыкаў і дзяўчынак стаў службовы сабака па мянушцы Рамэа. Ён спецыяльна абучаны ратаваць тапельцаў, што і даказаў у вучэбнай сітуацыі. Але ж Рамэа не ўпільнуе за кожным вадаёмам, і таму трэба, як той казаў, самому не спаць у шапку, засвоіць правілы бяспечных паводзін на вадзе. Для гэтага і прыехалі да дзяцей супрацоўнікі МНС. Яны расказалі, дзе можна і дзе нельга плаваць, параілі, як правільна сябе паводзіць на вадзе, і ў рэальных умовах паказалі, што трэба рабіць, калі чалавек пачаў тануць, як аказаць яму першую медыцынскую дапамогу.

А ў лагеры «Свіцязь» навагрудскія ратаўнікі абмеркавалі з дзецьмі праблему папярэджання пажараў і правільных дзеянняў у сітуацыях, калі ўзгаранне ўсё ж здарылася. Загадзя падрыхтаваных тэкстаў не было, затое «на ўра» прайшлі розныя конкурсы і эстафеты, у якіх дзятва ўдзельнічала ў саставе 10 атрадаў. Спаборнічалі ў баявым разгортванні, праходзілі праз «задымлены калідор», гасілі ўмоўны пажар, ратавалі пацярпелага...

— На такіх сустрэчах абавязкова паказваем аварыйна-выратавальную тэхніку і абсталяванне, прычым дзеці быццам самі становяцца пажарнымі, — расказвае Наталля Жывалеўская.

Яны могуць не толькі пасядзець у кабіне сапраўднай баявой машыны, але і падаць гукавы сігнал трывогі, прымераць на сябе адзенне агняборцаў, апарат на сціснутым паветры, падаць ваду з пажарнага ствала...

Дарэчы, на такіх акцыях дзяцей не толькі вучаць правілам бяспекі, але і прапануюць самім даць парады дарослым, што таксама можа спатрэбіцца ў рэальнай жыццёвай сітуацыі. Напрыклад, у «Зорцы» дзеці параілі дарослым не піць піва на беразе вадаёма і не лезці ў ваду, калі не ўмееш плаваць. Быццам і банальна, прапісныя ісціны, але ж праз ігнараванне такіх «дробязяў» часта і прыходзіць бяда.

Пра замежныя летнікі трэба даведацца ўсё

Беларусы нярэдка адпраўляюць дзяцей у летнікі за мяжу, аднак, перш чым прыняць такое рашэнне, трэба як мага больш даведацца пра месца адпачынку, вывучыць водгукі, высветліць прававы статус установы, знайсці кантакты кіраўніцтва. Каб пазбегнуць трагедыі, якая сёлета адбылася ў Расіі, на возеры ў Карэліі, дзе загінулі 14 падлеткаў.

Старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці Антон Волкаў упэўнены, што бацькі і педагогі павінны ставіцца сур'ёзна і да калектыўных паездак дзяцей у туры за межы краіны. Турфірмы актыўна прапануюць школьнікам экскурсіі і адпачынак. Выязджаюць у такія паездкі як аднакласнікі, так і дзеці з розных класаў адной школы або зборныя групы. Як правіла, іх суправаджаюць настаўнікі, аднак юрыдычна яны не нясуць ніякай адказнасці, бо такая вандроўка арганізуецца не ўстановай адукацыі.

У тэму: На Віцебшчыне за сезон у аздараўленчых летніках адпачнуць каля 47 тысяч дзяцей — на ўзроўні мінулага года. У Бешанковіцкім і Дубровенскім раёнах бацькоўскую даплату дапамагаюць кампенсаваць выканкамы. Прыкладна 2,7 тысячы дзяцей правядуць час у лагерах працы і адпачынку. І каля 2 тысяч — у профільных лагерах, у тым ліку і палатачных.

97% падлеткаў Віцебшчыны, паводзіны якіх не былі ўзорнымі, у чэрвені праходзілі вытворчую практыку або знаходзіліся ў летніках. Некаторыя працавалі ў складзе будаўнічых і валанцёрскіх атрадаў. Ліпень і жнівень — найбольш праблемныя месяцы, каб заняць «няпростых» падлеткаў, бо не ўсе летнікі працуюць у тры змены. На прадпрыемствы таксама неахвотна бяруць на часовую працу старшакласнікаў, якія на «вы» з законам. У вобласці каля 1,5 тысячы дзяцей знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Міліцыянеры дапамагаюць знайсці ім занятак, наведваюць дома, гутараць з бацькамі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У згодзе з летам

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.