Вы тут

Гісторыя партызанскага руху


У гэтыя дні — роўна 75 гадоў таму — на беларускай зямлі ствараліся першыя партызанскія атрады. Вайна толькі пачалася, а народ ужо паўстаў на барацьбу.

Народнае супраціўленне акупантам у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі — беспрэцэдэнтная з'ява не толькі ў гісторыі нашай краіны, а ўвогуле ў сусветнай гістарыяграфіі. У партызанскіх атрадах з нямецка-фашысцкімі захопнікамі змагаліся 374 тысячы чалавек. Актыўнымі ўдзельнікамі еўрапейскага руху Супраціўлення сталі 40 тысяч савецкіх грамадзян. Усе, ад малога да вялікага, паўсталі на абарону сваёй зямлі — вялася ўсенародная барацьба ў тыле ворага.


Пра магутную сілу партызанскага супраціўлення на тэрыторыі акупаванай Беларусі мы пагутарылі са старшым навуковым супрацоўнікам аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам Анатолем КРЫВАРОТАМ.

— Анатоль Аляксеевіч, існуе меркаванне, што калі б не партызанскія фарміраванні, якія ўжо ў 1943 годзе кантралявалі 60% тэрыторыі акупаванай Беларусі, то беларускі этнас перастаў бы існаваць...

— Сапраўды, напрыканцы 1943 года партызаны кантралявалі каля 60 працэнтаў акупаванай тэрыторыі. Сам факт існавання ў глыбокім тыле ворага больш як 20 вялікіх партызанскіх зон меў вялікае палітычнае значэнне, садзейнічаў росту ўсенароднага супраціўлення гітлераўцам. Пад аховай партызан у гэтых зонах жыла значная колькасць савецкіх людзей. Насельніцтва масава ўцякала ў партызанскія зоны з тэрыторыі, занятай акупантамі. Часта перасяляліся цэлымі вёскамі. Пад аховай і пры дапамозе народных мсціўцаў жыхары партызанскіх зон сеялі і збіралі збожжа. У некаторых зонах працавалі савецкія школы. Каб не дапусціць на сваю тэрыторыю ворага, партызаны пастаянна вялі баі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

— А з пункту гледжання ваеннай стратэгіі ці быў партызанскі рух эфектыўным?

— Партызанскі рух разглядаўся савецкім ваенна-палітычным кіраўніцтвам як важны стратэгічны фактар у змаганні з гітлераўскай Германіяй і яе сатэлітамі. Дапамога беларускіх партызан гераічным дзеянням Чырвонай Арміі праяўлялася найперш праз нанясенне народнымі мсціўцамі ўдараў па камунікацыях праціўніка для зрыву перамяшчэння салдатаў, паставак ваеннай тэхнікі, боепрыпасаў, паліва і харчавання. Падчас бітвы на Волзе Цэнтральны штаб партызанскага руху запланаваў шэраг буйнамаштабных баявых аперацый на камунікацыях праціўніка з мэтай іх поўнай дэзарганізацыі. У аперацыях пад кодавымі назвамі «Дуб», «Лямпа», «Труба», «Пустыня», якія праводзіліся ў верасні—лістападзе 1942 года, актыўны ўдзел прынялі беларускія партызаны. Напрыклад, злучэнне партызанскіх атрадаў Мінскай і Палескай абласцей 3 лістапада 1942 года ўзарвала 150-метровы чыгуначны мост цераз раку Пціч на лініі Брэст — Гомель. Рух варожых цягнікоў на ўчастку дыверсіі быў спынены на 18 сутак. Названыя аперацыі папярэднічалі знакамітай «рэйкавай вайне», у якой прыняло ўдзел каля 74 тысяч беларускіх партызанаў. Да сярэдзіны верасня 1943 года яны поўнасцю ці часткова вывелі са строю 8 чыгуначных ліній, пусцілі пад адхон 834 варожыя эшалоны і 3 бронецягнікі, узарвалі 184 чыгуначныя масты і 556 мастоў на шашэйных і грунтавых дарогах. Перавозкі для нямецкай групы армій «Цэнтр» скараціліся на 40 працэнтаў. Усяго за тры гады баявых дзеянняў у тыле ворага беларускія патрыёты падарвалі і пусцілі пад адхон 11 129 воінскіх эшалонаў і 34 бронецягнікі, разграмілі 29 чыгуначных станцый, падарвалі і знішчылі больш як 18 700 аўтамашын, узарвалі, спалілі і разбурылі 819 чыгуначных і 4710 іншых мастоў, перабілі больш за 300 тысяч чыгуначных рэек. Гэтыя баявыя вынікі — красамоўнае пацвярджэнне эфектыўнасці партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У партызанскім руху супраць германскіх акупантаў на беларускай зямлі гераічна дзейнічалі 374 тысячы партызан, што пацвярджаецца дакументамі, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Да папярэдніх лічбаў неабходна дадаць, што з чэрвеня 1941 года па ліпень 1944 года народныя мсціўцы Беларусі знішчылі і паранілі звыш паўмільёна акупантаў, збілі ў паветры і спалілі на аэрадромах 305 самалётаў, вывелі са строю 1355 танкаў і бронемашын ворага. Гітлераўскае камандаванне было вымушана лічыцца з дзейнасцю беларускіх партызанаў. З першых месяцаў яно стала арганізоўваць супраць іх карныя экспедыцыі, якія прыраўноўваліся да ваенных дзеянняў на фронце. Ужо ў красавіку 1942 года для правядзення карных акцый на акупаванай тэрыторыі Беларусі акупацыйны рэжым сканцэнтраваў 4 ахоўныя дывізіі, 2 брыгады СС, 11 артылерыйскіх батарэй, 229 пяхотных і 12 танказнішчальных рот. У далейшым колькасць карных сіл пастаянна павялічвалася. Для барацьбы з беларускімі партызанамі гітлераўскае камандаванне нярэдка здымала баявыя воінскія часці з Усходняга фронту.

— Не аднойчы ў віну партызанам ставіліся спаленыя фашысцкімі карнікамі разам з людзьмі беларускія вёскі. А некаторыя нашы суайчыннікі, на жаль, і сёння ўпэўнены, што партызаны толькі забівалі, гвалцілі і кралі, а фашысты, маўляў, такія добранькія, цукеркі давалі. Як маладому пакаленню разабрацца, дзе праўда, а дзе фальсіфікацыя?

— Сутнасць нямецка-фашысцкай акупацыйнай палітыкі ў адносінах да славянскіх народаў была адлюстравана ў заўвагах і прапановах па так званым генеральным плане «Ост». Мерапрыемствы па ўсталяванні «новага парадку» на акупаваных тэрыторыях, у тым ліку ў Беларусі, прадугледжвалі фізічнае вынішчэнне, высяленне і анямечванне цэлых нацый, у тым ліку і беларусаў. Гэтая фашысцка-тэрарыстычная праграма была ў асноўным аформлена яшчэ да нападу на СССР. Такім чынам, злачынствы акупантаў на тэрыторыі Беларусі — масавыя забойствы людзей, вываз насельніцтва на прымусовую працу ў Германію, спаленне і разбурэнне гарадоў і вёсак, рабаванне нацыянальных багаццяў і рэсурсаў — вынік планамернага ажыццяўлення дзяржаўнай палітыкі фашысцкай Германіі.

Неабходна мець на ўвазе, што разгортванне беларускага партызанскага руху адбывалася пад непасрэдным кіраўніцтвам партыйных структур. Падпольныя камітэты КП(б)Б звычайна размяшчаліся ў месцах дыслакацыі партызанскіх фарміраванняў і актыўна ўплывалі на ўсе бакі дзейнасці народных мсціўцаў, у тым ліку і на ўзаемаадносіны з мясцовым насельніцтвам. Паводле дакументальных сведчанняў, выяўленыя факты неправамерных адносін да мірных жыхароў станавіліся аб'ектам строгага разбіральніцтва з прыняццем жорсткіх мер да вінаватых.

— Ужо не сакрэт, што, каб падарваць у мірнага насельніцтва давер да партызанаў, на тэрыторыі акупаванай Беларусі ствараліся лжэпартызанскія атрады. Але гісторыя лжэпартызанскага руху мала даследавана...

— У айчыннай гістарыяграфіі сустракаюцца асобныя звесткі аб стыхійна ўзнікшых фарміраваннях, так званых «зялёных» з ліку дэзерціраў і крымінальных элементаў, якія пад выглядам партызан займаліся рабаваннем мясцовага насельніцтва. Восенню 1941 года на тэрыторыі Лоеўскага, Чачэрскага і Гомельскага раёнаў былі выяўлены і абясшкоджаны мясцовымі партызанамі некалькі лжэпартызанскіх груп. Летам 1942 года атрады «зялёных» дзейнічалі на тэрыторыі Полацкага раёна. Перыядычна яны рабілі налёты на вёскі, рабуючы насельніцтва пад выглядам партызанаў. З такімі фарміраваннямі вялі барацьбу падпольныя партыйныя органы і беларускія партызанскія сілы.

Некаторая інфармацыя ёсць у літаратуры аб ілжэпартызанскіх падраздзяленнях, падрыхтаваных гітлераўскімі спецслужбамі ў розныя перыяды акупацыі для барацьбы з беларускімі партызанамі і кампраметацыі партызанскага руху ў цэлым. Перад такімі лжэфарміраваннямі ставіліся задачы: маскіруючыся пад савецкіх партызанаў, устанавіць з імі сувязі, а затым разбурыць партызанскія атрады знутры і знішчыць іх камандна-палітычны састаў. У канцы 1942 года органамі паліцыі бяспекі і СД у лясныя масівы на захад ад Мінска, у раёны Баранавіч, Ліды і Брэста было накіравана некалькі груп і атрадаў колькасцю ад 15 да 45 чалавек з задачай высветліць адносіны насельніцтва да беларускіх партызанаў, выявіць і захапіць, а пры немагчымасці — знішчыць дыверсійныя групы, што дзейнічалі на чыгуначных лініях. Падчас гэтай акцыі германскім спецслужбам не ўдалося дасягнуць пастаўленых мэт. Таксама пацярпела крах спроба абвера стварыць летам 1943 года з ліку здраднікаў буйны лжэпартызанскі атрад у зоне базіравання 1-й Беларускай партызанскай брыгады. З прычыны няўдалай акцыі германскія спецслужбы адмовіліся ад выкарыстання ў далейшым вялікіх ілжэпартызанскіх атрадаў і рабілі стаўку на невялікія групы і спецыяльна падрыхтаваныя падраздзяленні «паляўнічых» за партызанамі. Такія лжэпартызанскія групы восенню 1943 года з'явіліся ў раёне дзеянняў партызанскай брыгады імя В.І. Чапаева Баранавіцкага злучэння. Нават у першай палове 1944 года разам з правядзеннем супраць беларускіх партызанаў буйных карных экспедыцый з выкарыстаннем франтавых часцей германскія акупанты с мэтай вядзення разведкі ў партызанскіх зонах стваралі лжэпартызанскія групы з ліку здраднікаў і падраздзяленняў СС.

— Амаль у кожнай сям'і «рэспублікі-партызанкі» былі тыя, хто калі не ваяваў на фронце, то змагаўся з ворагам у тыле. Чаму, на ваш погляд, нягледзячы на шматлікія ініцыятывы, і дагэтуль мы не святкуем Дзень партызанаў і падпольшчыкаў?

— Кожны год у нашай краіне на дзяржаўным узроўні азначаюцца Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці Беларусі (Дзень Рэспублікі). У гэтыя дні па ўсёй рэспубліцы праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы ў гонар тых, хто ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, змагаўся з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў партызанах і падполлі, каваў перамогу ў савецкім тыле. Акрамя таго, знамянальнай у гісторыі беларускага партызанскага руху з'яўляецца дата 16 ліпеня 1944 года. У гэты дзень у Мінску ў гонар яго вызвалення ад акупантаў прайшоў мітынг працоўных і партызанаў з удзелам дэлегацыі воінаў Чырвонай Арміі. Пасля мітынгу адбыўся партызанскі парад, у якім удзельнічала больш як 30 тысяч партызанаў Мінскага, Магілёўскага і іншых злучэнняў. Напэўна, гэтых дат дастаткова, каб ушанаваць памяць і подзвіг тых, хто ў 1945-м здабыў для нас Перамогу.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Партызанская вайна

Каментары

У партызанскія атрады ішлі людзі, якія не атрымлівалі загаду ваяваць. Гэта былі сапраўдныя патрыёты, якія не маглі дапусціць, каб на іх тэрыторыі пасяліліся чужаземцы. Мой бацька таксама быў у партызанах. Ён добра разумеў, які лёс чакае тых, хто трапіў у палон. Таму без усялякага страху (магчыма, гэта ён нам так казаў) ішоў на любыя партызанскія заданні – вырашыў помсціць ворагу да апошняга. Можа, гэтая неверагодная смеласць і дапамагла яму дажыць не толькі да Дня Перамогі, а і сустрэць яшчэ не адну яе гадавіну. У мясцовасці, адкуль я родам, былых франтавікоў і партызанаў ведалі ўсе, часта збіраліся, каб паслухаць іх успаміны. У кожнага з іх была свая гісторыя, якая сёння падаецца вялікім подзвігам. А колькі людзей не мела магчымасці расказаць пра свой баявы шлях... Мне падаецца, што ўсё ж такі ў Беларусі, якая сапраўды стала сімвалам партызанскага руху, павінен з'явіцца Дзень партызана, як гэта ёсць у Расіі. Каб увекавечыць памяць людзей, якія сапраўды без павестак, без загадаў, без усялякіх прымусаў станавіліся ў рады змагароў супраць нямецкіх захопнікаў. Каб нагадаць цяперашнім і будучым пакаленням, якой цаной далося іх продкам мірнае жыццё сёння.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?