Вы тут

Пра што нагадвае нам Неба?


Хмара над праспектам навісла сваімі шэра-бялёсымі вантробамі і нешта няўцямна злавесна буркатала.


Цяжкое вільготнае паветра застыла ў нерухомасці і прадчуванні, з боку Дражні адчувальна пацягнула трывожным пахам серавадароду... Было ў той навальніцы, што абрынулася на сталіцу і наваколле ў сераду, 13 чысла, у тым, як яна пачыналася, нешта сапраўды інфернальнае — гэта нават зусім не містычна настроеныя скептыкі могуць пацвердзіць. Праз гадзіну ўжо ўсё Сеціва было завалена выкарчаванымі дрэвамі, сплясканымі машынамі, на шматлікіх відэа бушавала страшная віхурыстая залева, лёталі ў паветры часткі рэкламных шчытоў, імчаліся патокі вады па вуліцах, а з «ліўнёвак» білі сапраўдныя фантаны. А над горадам ужо свяціла сонца, гуляў лёгкі вецярок, нібы і не было таго паўгадзіннага шаленства. Неба нас пашкадавала: на двухмільённы горад — адзін пацярпелы, астатнія проста пад уражаннем. Пабітыя машыны, шыбы і нават папсаваныя ў аэрапорце самалёты ў разлік не бяруцца. Самалёты адрамантуюць, машыны — таксама (або атрымаюць страхоўку і купяць новыя), шыбы зашкляць, дахі накрыюць... Усё гэта такія дробязі ў параўнанні з жыццём, якое, дзякуй Богу, гэта стыхія ні ў кога не забрала.

Мне ўвогуле здаецца, што нейкая вышэйшая сіла апошнім часам усё часцей пасылае нам падобныя прыродныя з'явы, каб мы задумаліся. Гэткае штармавое папярэджанне ад Усявышняга, зашыфраванае паведамленне з нябёсаў пра зразумелыя, але моцна забытыя намі рэчы.

Пачынаючы ад агульна-патэтычнага — пра тое, што ніякія мы не гаспадары прыроды, а ўсяго толькі карыстальнікі яе дабротаў, якія ў нас у любы момант без нашай згоды могуць адабраць, і да асабіста-простага — пра тое, што няма нічога больш каштоўнага, чым жыццё і здароўе (не, нават не цябе самога, любімага) блізкіх і родных людзей. Каб адчуць і ўспомніць гэта спрадвечнае веданне, трэба літаральна, як у той вядомай прыказцы, каб грымнуў гром. Проста над галавой, секануўшы маланкай пад ногі. Мы пахаваліся цяпер у надзейныя цагляныя каробкі, якія вытрымліваюць і буру, і патоп. Мо таму стыхія і бушуе з кожным годам усё мацней і страшней, спрабуючы да нас дастукацца?

Я ведаю, пра што кажу, бо гадоў восем назад жорсткі паказальны ўрок атрымала напоўніцу. Тое лета было няпростае — не ладзілася і на працы, і дома. Былі на тое розныя прычыны, але адна з галоўных, як сёння разумею, — мая ўласная ўпартасць, нежаданне аналізаваць сітуацыю і ісці на кампраміс. (Як жа гэта мяне, такую дарослую і разумную, такую самадастатковую нехта спрабуе паправіць ці са мной паспрачацца?!) Пакрыўджаная на ўвесь белы свет за тое, што не разумее маёй тонкай душэўнай арганізацыі, з вялікімі фінансавымі праблемамі, якія на той момант здаваліся проста невырашальнымі, я ехала ў пятніцу вечарам у родную вёску, ведаючы дакладна, што і там нічога добрага мяне не чакае: мама будзе «дзёўбаць», дапытваючыся, што здарылася, астатнія сваякі пачнуць даставаць нейкімі сваімі пытаннямі — карацей, выхадныя абяцалі быць невясёлымі.

Да маёй вёскі з ускрайку суседняй, ад аўтобуса, было тэпаць кіламетры чатыры. Спачатку нас ішоў цэлы натоўп, але ўсе вельмі хутка разбрыліся па сваіх маршрутах і на Кавальцы па зусім пустой гравійцы пакіравала я адна. Дабегчы ў лёгкіх прыцемках было — нейкія паўгадзіны... Але тут пачалося. Лёгкія прыцемкі літаральна за некалькі секунд ператварыліся ў суцэльную цемру. Усё сцішылася, і раптоўна на зямлю абрынулася вада. Суцэльная сцяна, нібы нейкі жартаўнік уверсе перакуліў поўны цэбар.

Але самае страшнае было не гэта. Такой жудаснай навальніцы за ўсё сваё немалое ўжо жыццё я не бачыла больш ніколі (паверце, тое, што было ў Мінску 13 ліпеня — дзіцячая забаўка). Гром ператварыўся ў суцэльны злавесны гул. Маланка — без перабольшвання — лупіла проста пад ногі, здавалася, рэальна бачыш, як яна ўпіваецца ў мокрую зямлю.

Асабліва страшна было ісці каля возера — вялікая колькасць вады прыцягвала да сябе ўсю энергію раз'юшаных нябёсаў. Схавацца не было дзе, спыніцца не было як. Заставалася толькі ісці наперад, з цяжкасцю перастаўляючы ногі ў прамоклых да ніткі джынсах, і маліцца.

Калі я, прамоклая і знясіленая, увалілася нарэшце ў хату, мама заплакала. Яна ўвесь гэты час не знаходзіла сабе месца, бо нават не магла мне патэлефанаваць — баялася справакаваць удар маланкі ў мой мабільны. Прыгода абышлася без наступстваў, толькі двое сутак вельмі моцна балела галава. (Што магло скончыцца нашмат горш, мы рэальна зразумелі, калі даведаліся, што тым вечарам блізу майго шляху маланка забіла двух цялят, навязаных каля дарогі)...

Але былі іншыя наступствы. Разуменне, якое гэта шчасце — калі мама, хвалюючыся за цябе, нешта бубніць і спрабуе вучыць жыццю, бы малую дзяўчынку. І як здорава, што ёсць родныя людзі, якія маюць у табе патрэбу, якім не ўсё роўна. І як хораша быць маладым і жывым-здаровым, з рукамі-нагамі, з недурной галавой на плячах, з цікавай любімай работай. І якія добрыя вакол людзі, і як прыемна з імі знаходзіцца побач, і з імі можна дагаварыцца ў любым выпадку, трэба толькі не ленавацца думаць, слухаць і чуць, старацца зразумець. Тая маланка раз і назаўсёды асвяціла і яскрава абазначыла галоўнае ў жыцці, чым належыць кіравацца. Яно і сёння застаецца галоўным і неаспрэчна правільным.

...Сёння зноў штармавое папярэджанне абвясцілі і дождж ліў, як з вядра, і навальніца ў хмарах шалела. А пасля была вясёлка. У Кнізе Кніг напісана: гэта Бог нам гарантуе, што патопу не будзе. Выходзіць, Ён усё яшчэ ў нас верыць?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Штармавое папярэджанне

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.