21 верасня, панядзелак

Вы тут

Як моладзь дапамагае ўзводзіць Астравецкую АЭС


Моладзь Беларусі, Расіі і Казахстана дапамагае будаваць аб'екты Астравецкай АЭС.

Пяць 11-гадзінных працоўных дзён у тыдзень, скарочаная да 15:00-16:00 змена ў суботу. Па вечарах і ў адзіны вольны дзень — нядзелю — грамадска-спартыўная і культурная праграма. Турніры па футболе, валейболе, баскетболе, сімвалічныя святы, экскурсіі па гістарычных мясцінах Беларусі. І ўсё гэта трэба паспець за два няпоўныя месяцы, пакуль доўжыцца змена ў студэнцкім атрадзе, што працуе на будоўлі аб'ектаў Беларускай атамнай электрастанцыі каля Астраўца.


Намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар СВІЛА ўручае камісару Ўсебеларускай маладзёжнай будоўлі Яўгеніі АГІБАЛАВАЙ партрэт маршала, двойчы Героя Савецкага Саюза М.І. Крылова ў межах патрыятычнай акцыі “Іх імёнамі названыя студэнцкія атрады”.

На будоўлю — па конкурсе

Усебеларуская маладзёжная будоўля (УМБ) на АЭС працуе ў Беларусі ўжо трэці год, кожны раз павялічваючы колькасць сваіх удзельнікаў. Летась тут адпрацавала больш за 400 студэнтаў: членаў грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і маладзёжнай грамадскай агульнарасійскай арганізацыі «Расійскія студэнцкія атрады». Сёлета чакаецца, што іх будзе каля 800. Больш як 300 студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта ў 2016-м ужо прайшлі тут працоўную практыку. А ў ліпені на станцыі пачаўся трэці працоўны семестр, які лічыцца ў моладзі самым пачэсным.

У ім удзельнічаюць 428 чалавек з 18 беларускіх і 5 расійскіх атрадаў. Упершыню да студэнцкага руху Саюзнай дзяржавы далучыліся і сем студэнтаў з Казахстана.

— Самая галоўная мэта працы моладзі на гэтым аб'екце — магчымасць уласнымі рукамі дакрануцца да нашай гісторыі. Сюды трапляюць самыя лепшыя і падрыхтаваныя. Большая частка будатрадаўцаў валодае спецыяльнымі навыкамі і вучыцца па адпаведных спецыяльнасцях накшталт атамнай энергетыкі і атамнага будаўніцтва, як, напрыклад, расійскія студэнты, — адзначыў Сяргей КЛІШЭВІЧ, другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ. — Каб трапіць на гэтую будоўлю, традыцыйна трэба адпавядаць умовам конкурсу. Падыходзіць па ўзросце (ад 18 гадоў), здароўі, актыўнай жыццёвай пазіцыі і, пажадана, мець будаўнічую спецыяльнасць не ніжэй за 2-3 разрад.

Яшчэ адно новаўвядзенне УМБ гэтага года — прысутнасць дзяўчат — на будоўлі будзе працаваць каля 20 юных прыгажунь. Летась была толькі адна студэнтка — на пасадзе камісара будоўлі. Найбольш запатрабаваныя сёлета прафесіі на АЭС сярод моладзі — муляр, бетоншчык, арматуршчык, маляр.

“Байцы” студатрада “Эўрыка” заліваюць сцяжку на другім паверсе вялікай сталовай.

Мікіта Фадзееў, камандзір расійска-казахскага атрада “Прайд”.

Цімур МІРЗАЕЎ, член атрада “Эўрыка”, які па выніках мінулага года стаў лепшым на будоўлі.

Мала спяць і шмат працуюць

Працоўны дзень моладзі пачынаецца а сёмай гадзіне раніцы. Дахаты, у інтэрнат кватэрнага тыпу, у які часова ператварыўся звычайны жылы будынак у Астраўцы, і да месца працы (больш як 20 кіламетраў ад горада) студэнтаў прывозяць.

Штодзень ім забяспечаны бясплатныя абеды ў сталовай АЭС. Астатняе харчаванне — за свой кошт.

Перад урачыстай цырымоніяй адкрыцця трэцяга семестра, на які запрасілі журналістаў, пытаюся ў хлопцаў, як ім жывецца. Працуюць яны ўжо тыдзень і паціху наладжваюць быт.

«Нас не бывае дома мінімум па 14 гадзін. Мала спім і шмат працуем, але задаволены, што трапілі сюды. У любым атрадзе галоўнае не сон, а дух. Тым больш зручна, што ўсе жывём побач. Так прасцей і адпачываць, і да мерапрыемстваў рыхтавацца. На гэтым тыдні, напрыклад, пачынаецца спаборніцтва за кубак па футболе», — адказвалі студэнты. І відаць было, што яны па-сапраўднаму зацікаўлены ўсім, што адбываецца на будоўлі і па-за яе межамі.

Праца на УМБ залічваецца студэнтам як стаж. З кожным з іх заключаны тэрміновы працоўны або грамадзянска-прававы дагавор. А ў суботні дзень заробак налічваецца па двайным тарыфе. Летась, кажуць студэнты, за семестр многія атрымалі каля 18 млн на старыя грошы. Выніковыя лічбы ў кожнага залежаць ад аб'ёмаў выкананай работы.

Велічыня будоўлі Астравецкай АЭС заварожвае сваімі памерамі і размахам.

Упершыню на УМС з’явілася каля 20 студэнтак. У мінулым годзе сярод больш як 400 хлопцаў была толькі адна дзяўчына – камісар будоўлі.

. Студэнты атрада “Прайд” займаюцца бетоннымі работамі ў самым сэрцы будучай станцыі.

Сту­дэн­ты По­лац­ка­га дзяр­жаў­на­га ўні­вер­сі­тэ­та Мак­сім Пра­фа­ці­еў і Аляк­сандр Лар­чан­ка.

Спецыялісты з дыпломам і стажам

На ўручэнні атрадам працоўных пуцёвак і сімвалічных касак пачэсныя госці падкрэслівалі, што на АЭС ад моладзі патрабуюць якасці і дысцыпліны. Аднак разам з тым такі вопыт стане для іх бадай што самым паўнаважным, бо менавіта тут на практыцы яны змогуць засвоіць тое, з чым не сутыкнуцца ў найлепшых тэарэтычных выкладках.

Атмасферу, што пануе на будоўлі, добра акрэсліў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір ДЗЯШКО.

— Студатрад — бясцэнны вопыт работы ў камандзе, узаемавыручкі і падтрымкі. Працуючы на гэтай пляцоўцы, вы атрымаеце добры зачын на ўсё жыццё, і захаваеце ў памяці бяссонныя астравецкія ночы з гітарай, сяброў і, магчыма, першае каханне.

— Вельмі важна, што кожны год на пляцоўцы моладзь аб'ядноўваецца, каб будаваць не толькі будучыню, але і добрыя цёплыя адносіны. Студэнты атрымліваюць каласальны вопыт практычных ведаў і работы ў калектыве — а гэта і ёсць працяг традыцый студатрадаўскага руху яшчэ тых савецкіх часоў, — дадаў першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Андрэй БЕЛЯКОЎ.

Самі студэнты таксама добра разумеюць выгады, што нясе ім практыка на УМБ.

— Я, як і кожны, хто пабываў на гэтай будоўлі, цяпер маю цудоўнае ўяўленне, што такое атамная станцыя. Трапіць на практыку на АЭС, якая працуе, амаль нерэальна. Тым больш апынуцца ў тэрмаабалонцы і ўбачыць абсталяванне першага контуру. А тут можна ўсё не толькі разгледзець ужывую, а і памацаць, убачыць, як і дзе што зманціравана і падключана, як усё будуецца і функцыянуе, — падзяліўся Раман КАПЫЛОЎ, куратар працы расійскіх атрадаў. — Пасля ўніверсітэта я выйду ўжо не толькі з дыпломам, але і з вопытам практычнай работы на атамнай станцыі і стажам.

Некаторыя студэнты ўжо цяпер спадзяюцца, што гэтая АЭС стане іх будучым месцам працы. Прычым прыехаць на астравецкую зямлю згодная не толькі айчынная моладзь.

Мікіта Фадзееў, камандзір атрада «Прайд» імя М. Акцябрскай Нацыянальнага даследчага Томскага політэхнічнага ўніверсітэта вучыцца на кафедры атамных электрастанцый. Ён і яшчэ шасцёра ўраджэнцаў Казахстана, што летам далучыліся да будоўлі на Беларускай АЭС, марылі трапіць у Беларусь яшчэ з 2014 года:

— Працаваць тут цяжка, але цікава. Пакуль у нас няма вышэйшай адукацыі, дапускаюць да больш сур'ёзнай працы толькі па электрамантажных і бетонных работах. Мы бетануем перакрыцці і робім падлогавае пакрыццё. Я прыехаў не толькі папрацаваць і набрацца вопыту, але і паглядзець, як і што ўстроена ў Беларусі і Астраўцы, якія тут людзі. Пакуль толькі станоўчыя эмоцыі. Магчыма, калі прапануюць, то і на пастаянную працу да вас пераеду.

Яўгенія Агібалава, камісар УМБ, сустракае на Беларукай АЭС сваю пятую практыку. Летась дзяўчына была камісарам на будоўлі ў Новаваронежы. Яўгенія атрымлівае другую вышэйшую адукацыю, педагагічную. Па першай яна фінансіст, і ўпершыню выехала за межы Расіі.

— Для мяне гэта цудоўны шанц атрымаць грандыёзны вопыт міжнароднай работы са студэнтамі. Я адказваю за арганізацыю ўсіх непрацоўных мерапрыемстваў на будоўлі. Акрамя культурнай праграмы, гэта яшчэ і штотыднёвыя лінейкі, дзе ўзнагароджваюцца пераможцы конкурсаў, адзначаюцца лепшыя байцы тыдня, падводзяцца прамежкавыя вынікі працы.

Праца “кіпіць” на 26-метровай вышыні аднаго з аб’ектаў АЭС, які па выніку будзе 76 метраў.

Геадэзісты – такая ж запатрабаваная спецыялізацыя на будоўлі АЭС, як і бетоншчыкі, муляры, арматуршчыкі.

Уявіць памеры будынка, дзе змесціцца рэактар і іншае абсталяванне, над стварэннем якога на АЭС зараз працуюць студэнты і спецыялісты, можна зірнуўшы на гусенічны кран. На першай частцы здымка ён бачны ледзьве не на трэць у вышыню. На другой – карэспандэнт “Звязды”стаіць побач з гусеніцай крана.

 

 

У сэрцы атамнай станцыі

 

Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця працоўнага семестра журналісты змаглі крыху павандраваць па будоўлі і паглядзець, дзе працуюць студэнты. У цэху №1 рэжуць і вяжуць арматуру для будучых металаканструкцый. Студэнты тут, як і паўсюдна на будоўлі, працуюць побач са штатнымі супрацоўнікамі і пад іх пільным наглядам.

Дзмітрый ЧАРАНКОЎ, баец атрада «Барс» з Обнінска працуе на Беларускай АЭС ужо другі год. У мінулым годзе хлопцы працавалі на 1-ым і 2-ім энергаблоках. Наразалі арматуру на пліты перакрыцця, манціравалі ўнутраную ахоўную абалонку энергаблока:

— Цяпер мы рыхтуем арматуру для 1-га і 2-га блокаў: наразаем разьбу, згінаем. Адказнасць высокая, але побач заўжды спецыялісты, якія падкажуць. Я вучуся на эксплуататара атамных электрастанцый, таму, калі атрымаецца, буду тут працаваць.

Яшчэ адзін аб'ект, куды наведаліся журналісты, — сталовая. Тут на другім паверсе заліваюць сцяжку на падлозе байцы атрада «Эўрыка» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Менавіта полацкія студэнты летась сталі лепшым атрадам будоўлі па колькасці напрацаваных гадзін і актыўным удзеле ў культурным і спартыўным жыцці.

Цімур МІРЗАЕЎ, баец атрада «Эўрыка», студэнт 5 курса інжынерна-будаўнічага факультэта па спецыяльнасці прамыслова-грамадзянскае будаўніцтва таксама марыць трапіць на работу на АЭС па размеркаванні.

Пабывалі мы і ў самым сэрцы будучай станцыі — на будоўлі тэрмаабалонкі, дзе будзе знаходзіцца абсталяванне першага контуру: атамны рэактар, парагенератар, галоўныя цыркуляцыйныя насосы.

— 26 метраў уніз-наверх штодня — гэта добрая зарадка перад работай, вельмі бадзёрыць, — кажа Мікіта Фадзееў, які тут працуе. — А да вышыні хутка прывыкаеш.

Пэўна што так, але асабіста ў мяне дрыжыкі па целе былі ад такой вышыні ды абсягу навокал. Аднак атрыманыя ад наведвання АЭС эмоцыі вартыя такіх перажыванняў.

Маладзёжная змена на станцыі скончыцца 26 жніўня.

Ірына СІДАРОК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Сюды трапляюць самыя падрыхтаваныя

Выбар рэдакцыі

Культура

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

Пра калег — настаўнiкаў, старэйшых таварышаў, паплечнiкаў распавядае доктар педагагiчных навук, прафесар матэматыкi, заслужаны дзеяч навукi Рэспублiкi Беларусь.

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.