Вы тут

Ці ёсць эфект ад забароны рэалізацыі спіртнога?


Праблема алкагалізацыі для нас не новая. Яна актуальная, па вялікім рахунку, у меншай ці большай ступені для кожнага горада, мястэчка краіны. Сталіца, зразумела, выключэннем не з'яўляецца. У тым жа трактаразаводскім пасёлку, што прымыкае да МТЗ, супрацоўнікі міліцыі штодня складаюць пратаколы ў дачыненні аматараў кульнуць кілішак на свежым паветры. Зразумела, цалкам перамагчы падобную схільнасць некаторых асоб складана, але актыўная дзейнасць міліцыі плён усё ж такі прыносіць.


— Трактаразаводскі пасёлак — адзін з самых праблемных раёнаў горада. Ледзь не ў кожным пад'ездзе жыве былы асуджаны, — кажа Дзмітрый ЛАНЕЦ, старшы ўчастковы інспектар УУС адміністрацыі Партызанскага раёна сталіцы. — Сучасны Мінск калісьці пачынаўся менавіта з нашага раёна. Трактарны завод стаяў наводшыбе, за ім — лес. І ўсе рабочыя завода атрымлівалі жыллё тут. Працоўны клас і зараз пераважае ў насельніцтве мікрараёна. А што многія рабочыя робяць пасля змены? Збіраюцца каля чыгункі, на зялёнай зоне, хуценька выпіваюць, закусваюць сняданкам, які прыхапілі з сабой, і разыходзяцца. Зімой п'юць менш, вясной пачынаецца ўсплёск. Узнікае ўражанне, што многія з ланцуга сарваліся. Усіх насамрэч не пакараеш. Гэта зойме столькі часу, што пратаколаў не хопіць. Тым не менш мы актыўна працуем у гэтым кірунку. Пры паўторным правапарушэнні чалавек аўтаматычна ставіцца на прафілактычны ўлік. З ім праводзяць цэлы комплекс мерапрыемстваў. Калі і гэтая мера на яго не паўплывала, а ён зноў здзейсніў правапарушэнне ў стане алкагольнага ап'янення, на разгляд ставіцца пытанне аб прымусовым накіраванні ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

— Усіх падапечных, напэўна, ужо добра ведаеце.

— Я помню толькі некалькі чалавек, якія вярнуліся з ЛПП і адмовіліся ад спіртнога, ствараюць сем'і. Збольшага ўсе працягваюць піць. Толькі тэрмін у кожнага розны. Нехта вяртаецца да алкаголю праз месяц, а хтосьці церпіць год, два.

— Алкагалізм становіцца прычынай многіх злачынстваў?

— Так. Усё пачынаецца з алкаголю. Калі чалавек думае, здзяйсняць ці не здзяйсняць злачынства, у стане алкагольнага ап'янення аб гэтым ён нават не задумваецца. Тычыцца гэта не толькі сталых жыхароў, але і моладзі. Аднаму толькі-толькі васямнаццаць споўнілася, а ён ужо ў ЛПП паехаў. Лічу, што ўсё пачынаецца з сям'і. Усе мы назіраем за тым, як жывуць нашы бацькі, бяром з іх прыклад. І калі хлопец бачыць, як ягоны тата пастаянна выпівае, напэўна, таксама думае, што гэта нармальна. Дзеці пачынаюць выпіваць нават з падлеткавага ўзросту, ставяцца на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх. А ёсць прыклады, калі людзі п'юць цэлымі сем'ямі. Я іх кланамі адпраўляў у турмы і ЛПП.

— Ведаю, што пасля адной з такіх п'янак пазалетась, зімой на бульвары Трактарабудаўнікоў забілі хлопца...

— Было такое. Выпівалі якраз рабочыя завода. Паміж імі ўзнік канфлікт. Адзін з удзельнікаў меў пры сабе сцізорык, якім і прычыніў цялесныя пашкоджанні. Аднак, пастукаем па дрэве, забойствы ў нас — вялікая рэдкасць. Найчасцей правапарушальнікі б'юцца падчас сямейных скандалаў, крадуць нешта. Часта ўладальнікі аўтамабіляў самі гэтаму садзейнічаюць, калі навідавоку пакідаюць відэарэгістратар ці магнітолу.

— Ці часта атрымліваецца раскрываць злачынствы па гарачых слядах?

— Такіх выпадкаў шмат. Калі чалавек паведаміў аб знікненні маёмасці адразу, а не праз дзень, верагоднасць знайсці злачынца ёсць. Ну і, безумоўна, вельмі важна, каб ён не паспеў збыць украдзенае.

— Закрыццё кругласутачнага кіёска з фаст-фудам каля метро дапамагло вам у працы?

— Безумоўна. Да яго людзі спецыяльна прыязджалі па спіртное на таксі. Калі адміністрацыя раёна ў некаторыя дні забараняла продаж алкаголю ў крамах, яго ў кіёску прадавалі пастаянна. На гэтым пятаку здаралася панажоўшчына, бойкі. Людзі не маглі нават падзяліць чаргу. А зачынілі яго з-за хадайніцтва раённага ўпраўлення ўнутраных спраў. Усё было матывавана менавіта распіццём спіртных напояў.

— Самагон у хатніх умовах не гоняць?

— Не, але я ведаю кватэры, дзе па начах прадаюць спіртное. Гэтыя адрасы мы ўжо неаднаразова адпрацоўвалі.

— За дзесяць гадоў працы ў Трактаразаводскім пасёлку вы назапасілі пэўны вопыт і, напэўна, ведаеце, як трэба змагацца з алкагалізацыяй грамадства.

— Гэта вельмі цяжка. Паўтаруся, усё пачынаецца з сям'і. Але нормы па забароне продажу алкаголю ў некаторыя дні нам, безумоўна, дапамагаюць. У такія часы адміністрацыйных правапарушэнняў, злачынстваў становіцца менш. Мы таксама праводзім выязныя судовыя пасяджэнні ў актавых залах трактарнага, маторнага заводаў. Усё гэта робіцца дзеля таго, каб людзі бачылі, што падобныя рэчы абвяшчаюцца. За гэта можна патрапіць у ЛПП.

Тарас ШЧЫРЫ

 taras@zviazda.by

Загаловак у газеце: Забараніць нельга прадаваць

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.