Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд


«Звязда» падводзіць вынікі выступлення нашых атлетаў на чэмпіянаце Еўропы, расказвае пра медалі мастацкіх гімнастак на Кубку свету і бліскучае выступленне скакуноў на батуце.


1. У Амстэрдаме завяршыўся чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы. Зборная Беларусі ў выніковым медальным заліку размясцілася на 12-м месцы. У скарбонцы нашай каманды тры медалі: «золата» ў кіданні кап'я заваявала Таццяна Халадовіч, Аліна Талай прынесла «серабро» ў бегу на 100 метраў з бар'ерамі, а Іван Ціхан — у кіданні молата.

— Разумею, што паказала сур'ёзны вынік. Вельмі рада! Хоць сваёй пераможнай спробай не задаволена. Адчуваю, што магу больш. Наперадзе Алімпійскія гульні. Не будзем нічога загадваць, будзем працаваць, — адзначыла пасля выступлення ў Амстэрдаме Таццяна Халадовіч.

Нягледзячы на ўзнагароды, не вельмі задаволеныя сваім выступленнем засталіся і іншыя медалісты нашай зборнай.

— Вынік атрымаўся сярэдні, магло б быць і лепш, хацелася скласці канкурэнцыю Паўлу Файдэку. У першых пяці спробах імкнуўся аптымізаваць рух, быў пераломны момант. Трохі не атрымалася, хацелася больш выразнасці, — пракаментаваў Іван Ціхан.

Першае месца ў медальным заліку заняла зборная Польшчы, другімі сталі атлеты з Германіі, тройку лідараў замкнула каманда Вялікабрытаніі.

2. Чатыры медалі выйгралі беларускія грацыі на этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы. Тры з іх на рахунку лідара зборнай Меліты Станюты. Пасля пятага месца ў індывідуальным мнагаборстве ў першы дзень спаборніцтваў у асобных відах спартсменка здолела падняцца на п'едэстал у практыкаванні з мячом (бронза), кампазіцыі з булавамі (бронза) і ў выступленні са стужкай (серабро).

У групавых практыкаваннях (у складзе Ксеніі Чалдышкінай, Ганны Дудзянковай, Марыі Кадобінай, Валерыі Пішчэлінай і Арыны Цыцылінай) дзяўчаты сталі сярэбранымі прызёркамі ў мнагаборстве.

3. Маладзёжная зборная Беларусі (U-20) па валейболе выйшла ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы-2016. У кваліфікацыйным турніры, які прайшоў у мінскім Палацы спорту, нашы валейбалісты саступілі чэхам, перамаглі датчан і славакаў. Такі вынік дазволіў падапечным Уладзіміра Майсіевіча заняць другое месца ў групе і адабрацца на першынства кантынента.

Фінальная частка турніру пройдзе ў Балгарыі 2-10 верасня 2016 года. Зборная Беларусі на групавым этапе сустрэнецца з камандамі Італіі, Расіі, Сербіі і Турцыі.

4. У Партугаліі завяршыўся апошні ў гэтым сезоне і перад Алімпіядай у Рыа-дэ-Жанейра этап Кубка свету па скачках на батуце. Нашы спартсмены заваявалі там тры залатыя і два сярэбраныя медалі.

У індывідуальных скачках, якія з'яўляюцца алімпійскай дысцыплінай, Уладзіслаў Ганчароў і Таццяна Пятрэня падняліся на найвышэйшую прыступку п'едэстала, Ганна Гарчанок заняла другое месца.

У сінхронных скачках наш жаночы дуэт (Таццяна Пятрэня/Ганна Гарчанок) паказаў найлепшы вынік турніру і заваяваў залатыя медалі. Мужчынскі (Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў) заваяваў сярэбраныя ўзнагароды.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Кантрольны старт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».