Вы тут

У Віцебску адсвяткавалі 129-ю гадавіну з дня нараджэння Марка Шагала


Пасля 19-гадовага перапынку адбыўся міжнародны пленэр, прысвечаны Майстру. У ім бралі ўдзел мастакі з Расіі, Беларусі, Латвіі, Германіі.


Шагалаўскія пленэры да гэтага праводзіліся ў 1994 і 1997 гадах. Як падкрэслілі ў музеі Шагала ў Віцебску, тады яны былі больш маштабнымі. Дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры, збіралі каля 40 мастакоў. І тады культурная падзея выклікала добры рэзананс на міжнародным узроўні.

Нягледзячы на такі доўгі перапынак, арганізатарам сёлетняга пленэру не прыйшлося доўга шукаць кандыдатаў для паездкі ў Віцебск. На працягу 1,5 тыдня 10 мастакоў, якія працуюць у розных жанрах, працавалі над сваімі творамі. У вольны час наведвалі мясціны, звязаныя з Шагалам, музеі, у тым ліку і ў Полацку.

Тэмы для сваіх карцін яны выбіралі самі. Адзіная ўмова арганізатараў — мастакі былі абавязаны падарыць па два творы. У выніку ў музейны фонд перадалі 20 палотнаў. Іх творы таксама можна будзе ўбачыць у дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Падчас прэзентацыі вынікаў пленэру арганізатары падкрэслілі, што будуць рабіць усё магчымае, каб не было больш такой працяглай паўзы. Ёсць надзея, што наступны раз мастакі з розных краін змогуць ужо праз год папрацаваць у горадзе над Заходняй Дзвіной.

Па добрай традыцыі ў дзень нараджэння Марка Шагала ў дворыку дома, дзе ён жыў (на вуліцы Пакроўскай, недалёка ад аўтавакзала) адбылося свята «У гасцях у Марка і Бэлы». Гэта адзін з віцебскіх культурных «брэндаў». Публіка ўбачыла выступленні самадзейных калектываў, артыстаў. Многія з іх частыя і жаданыя госці на розных фэстах. Гучалі яўрэйскія песні, іграла скрыпка, усе ахвотныя маглі далучыцца да танцораў. Не абышлося без яўрэйскага гумару. Прыемным сюрпрызам сталі ружы сорту «Марк Шагал».

У наступным годзе шырока адсвяткуюць 130-гадовы юбілей мастака. Ужо распрацоўваюцца планы. Чакаецца прыезд з-за мяжы ўнучак Шагала. Нагадаю, што нядаўна ў Віцебску з'явілася вуліца, якая носіць імя славутага сына віцебскай зямлі. І так хочацца верыць, што калісьці на малой радзіме Шагала назаўсёды застанецца хаця бы адна з арыгінальных жывапісных работ. Графіку можна ўбачыць у мясцовым музеі, а вось жывапісу няма.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Фота Віктара Нікалаева

Загаловак у газеце: Шагал па Віцебску

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.