Вы тут

«Модны прысуд» бабы Франі


Перад першай сядзібай вёскі Брыялёва, калі ехаць з райцэнтра Беразіно, заўсёды «людна». Кожны, хто першы раз праязджае праз гэты населены пункт і бачыць незвычайную «грамаду» каля плоту, абавязкова спыняецца, узіраецца ў «постаці» і ў «абліччы», дастае тэлефон альбо фотаапарат (кажу пра сябе) і пачынае здымаць фота на памяць. На тварах чытаецца ўсмешка і здзіўленне: з якой нагоды і хто прыдумаў усю гэтую гратэскную экспазіцыю? Найбольшае здзіўленне выклікае тое, што «людзей» зрабіла і выстраіла каля плота пенсіянерка. Сёлета аўтарцы своеасаблівага лялечнага тэатра Франі Іванаўне Сушынскай 75 гадоў.

Творчая натура бабы Франі праявілася яшчэ ў тыя часы, калі яна працавала лесніком. Каб на агарод з бульбай у лясным надзеле не наведваліся дзікі, жанчына зрабіла некалькі пудзілаў у натуральную велічыню — прататыпамі герояў быў вясковы люд, суседзі, нават свой аўтапартрэт Франя змайстравала. Сапраўды, дзікі больш не паказвалі свае лычы на яе лясных сотках. Баба Франя прыгадвае: «Ішлі аднойчы нашы жанчыны ў лес па ягады, убачылі мой «аўтапартрэт», падумалі, што гэта я і сталі клікаць: «Франя, Франя!..»


Далей — болей. Калісьці пасадзіла Франя Іванаўна каля брамкі блакітныя елкі. Калі дрэвы падраслі, гаспадыня вырашыла паставіць пад яловымі лапкамі Дзеда Мароза і Снягурку — якраз набліжаўся Новы год. Аднавяскоўцы ацанілі казачную інсталяцыю Франі. Потым пашыла і прыбрала Бураціну, Дзіка, Рыбака, Лесніка-дрывасека, Салдата, Паляўнічага. Праўда, у апошняга героя нехта зняў з пляча «стрэльбу» (ён і дагэтуль стаіць без яе).

Сваіх лялек-людзей майстрыха вырабляе са звычайнай тканіны, робіць каркас, набівае сенам. Паверх лялькі апранае адзежу, якую ёй прыносяць прыхільнікі яе творчасці, добразычліўцы. Напрыканцы размалёўвае фарбамі твар, надае яму эмоцыі і здаровы выгляд. Усе «людзі» атрымліваюцца ў натуральную велічыню, у натуральных позах — так патрабуе вопратка, дыктуе мода.

Не раз пазычалі герояў з брыялёўскай калекцыі на раённыя святы і нават на «Дажынкі». Давалі Франі і заказы на выраб нейкай знакамітай асобы. А ўжо колькі турыстаў прыязджала, нават з замежжа, цяжка падлічыць. Улетку Франя Іванаўна ўсё больш праводзіць часу на агародзе — трэба збіраць жукоў і рваць пустазелле, даглядаць козачак і іншую жыўнасць. І толькі пры неабходнасці (калі хто папросіць) альбо ў рэдкія хвіліны адпачынку яна бярэ гармонік і ўспамінае песні сваёй маладосці.

Анатоль Кляшчук

Фота аўтара

Бярэзінскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».