Вы тут

Тэатральны фестываль пакажа спектаклі з вядучых пляцовак свету


«Лебядзінае возера» Пятра Чайкоўскага — самая частая і папулярная пастаноўка ў тэатрах па ўсім свеце. Балет можна знайсці ў Мінску, Санкт-Пецярбургу, Лондане, Пекіне, Парыжы, на галоўных і невялікіх пляцоўках, на марках, ва ўстойлівых выразах, у якасці ілюстрацыі ў патоку спадарожных тавараў, як сімвал жнівеньскага путчу 1991 года, дасканаласці, ідэальнага твора мастацтва, у спасылках, адсылках, інтэртэксце. Балет «Лебядзінае возера», першая пастаноўка якога, дарэчы, не атрымала папулярнасці, ставілася на тэатральных сцэнах як у традыцыйным, так і шматлікіх варыянтах мадэрнісцкага прачытання. Адной з самых вядомых з'яўляецца работа Мэцью Борна ў лонданскім тэатры Sadler's Wells, дзе партыі лебедзяў выконваюць танцоўшчыкі-мужчыны. Нашумелы балет пакажуць на вялікім экране ў Мінску на Летнім тэатральным фестывалі TheatreHD, які пачнецца ў кінатэатры «Цэнтральны» 13 ліпеня.


Ба­ле­ру­ны ў па­ста­ноў­цы «Ле­бя­дзі­нае во­зе­ра» Мэцью Бор­на.

Гэта ўжо вядомая нам практыка: глядзець на вялікім кінаэкране найлепшыя спектаклі (якія не могуць наведаць беларускія пляцоўкі) з найбуйнейшых тэатральных сцэн. Гэта практыка вядомая і іншым краінам: сучасныя тэхналогіі дазваляюць дзеля таго, каб паглядзець пастаноўку Metropolіtan Opera, абмежавацца квітком на бліжэйшую трансляцыю, а не набываць авіябілет да Нью-Ёрка. Гэтым разам Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт карпарэйшн» падрыхтаваў цэлую праграму спектакляў на вялікім экране, якія можна паглядзець у чаканні прамых уключэнняў, што пачнуцца толькі ў кастрычніку.

За «Лебядзінае возера» Мэцью Борн атрымаў тэатральную прэмію «Тоні» (гэта ўзнагарода мае для тэатра такое ж значэнне, як Оскар для кінематографа), гэта яго самая знакамітая пастаноўка, дзе ён выступае ў якасці рэжысёра і харэографа. У класічным балеце з'явіўся англійскі гумар, некаторая парадыйнасць, проціпастаўлены кананічнаму новы стыль у танцы і нарэшце зменены сюжэт, насычаны новымі сэнсамі. Толькі што імёны засталіся ранейшымі.

Мэцью Борн перайначыў не толькі «Лебядзінае возера» (яго варыянт нават увайшоў у школьную праграму Вялікабрытаніі), летні сезон TheatreHD пакажа і іншыя пастаноўкі аўтара, адметныя асаблівай харэаграфіяй і наватарствам, — «Кар Мэн», заснаваны на знакамітай оперы Жоржа Бізэ, якая перанесена ў амерыканскую аўтамайстэрню 1960-х гадоў; гатычная «Спячая прыгажуня» зноў на музыку Пятра Чайкоўскага, тут дзеянне пачынаецца ў 1890 годзе, у часы фей і вампіраў.

Цікавым пунктам праграмы фестывалю TheatreHD з'яўляецца пастаноўка п'есы Уільяма Шэкспіра «Рычард ІІІ» мастацкага кіраўніка лонданскага тэатра Алмейда Руперта Гулда, аб якой найбуйнейшыя выданні кшталту The Іndependent адазваліся са станоўчай крытыкай. Для акцёра сыграць караля Рычарда ІІІ — такі ж гонар, як сыграць Гамлета. У розныя часы гэты гонар мелі Лоўрэнс Аліўе, Алек Гінэс, Кевін Спейсі, Аль Пачына, Бенедзікт Камбербэтч і іншыя. Гэтым разам галоўную ролю выканаў Рэйф Файнс, вядомы шырокаму гледачу па стужках «Спіс Шындлера» Стывена Спілберга, «Англійскі пацыент» Энтані Мінгела, «Гатэль «Гранд Будапешт» Уэса Андэрсана і іншых.

У праграме сезона ёсць таксама італьянская опера «Любоўны напой» з Metropolіtan Opera (галоўную партыю спявае Ганна Нятрэбка), «Адзін слуга, два гаспадары» з лонданскага Каралеўскага Нацыянальнага тэатра (з удзелам брытанскага коміка Джэймса Кордэна), увасобленая п'еса Уільяма Шэкспіра «Венецыянскі купец» з лонданскага тэатра «Глобус».

У фестывалі TheatreHD ёсць яшчэ адна частка, якая нівелюе адлегласць паміж аматарамі сапраўднага мастацтва і найважнейшымі, але далёкімі яго прыкладамі. На вялікім экране будуць паказвацца дакументальныя фільмы, якія дазволяць наведаць найбуйнейшыя музеі, у падрабязнасцях разгледзець класічныя творы мастацтва ў суправаджэнні прафесійных мастацтвазнаўцаў. «Імпрэсіяністы» раскажуць пра Эдгара Дэга, Клода Манэ, Агюста Рэнуара, «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» сканцэнтруецца на знакамітай карціне Яна Вермеера,  найважнейшыя творы мастака будуць разглядацца ў фільме «Рэмбрант».

Апошні спектакль праграмы пройдзе 20 верасня. Расклад фестывалю можна знайсці ў афішы кінатэатра «Цэнтральны», які з'яўляецца нязменнай пляцоўкай для трансляцый спектакляў і адаптаваных да вялікага экрана тэатральных пастановак.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Балет Чайкоўскага можа быць смешным

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».