Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» наведала самую буйную папраўчую калонію


Тут наогул не карыстаюцца мабільнымі тэлефонамі, амаль не ведаюць, што такое інтэрнэт, вядуць здаровы лад жыцця і ставяць рэкорды ў спорце. Гэтае месца можна было б лічыць узорным, калі б не падзеленая ўздоўж і поперак металічнымі кратамі тэрыторыя з замкамі на каваных дзвярах. Бо гэты горад створаны для людзей, якія не пажадалі жыць у згодзе з законам. І менавіта тут яны маюць усе шанцы пачаць свае жыццё зноў — з чыстай старонкі.


Аляк­сандр Ка­за­ке­віч чы­тае па 300 ліс­тоў на дзень.

Наша служба і небяспечная, і цяжкая

Летась самай буйной у Беларусі бабруйскай папраўчай калоніі №2 споўнілася паўстагоддзя. Яе начальнік Юрый Трутко дэманструе кнігу, прысвечаную гісторыі ўстановы. У альбоме шмат фота былых і цяперашніх супрацоўнікаў. І калі асуджаныя — толькі часовыя насельнікі гэтага своеасаблівага горада, то тыя, хто тут працуе, праводзяць у сценах калоніі палову свайго жыцця. Прычым па асабістым жаданні.

— Нічога звышнатуральнага ў гэтым няма, — кажа Юрый Трутко. — Мы жывём звычайным жыццём, крыху больш патрабавальныя да парадку, чым цывільныя. Ёсць супрацоўнікі, якія спачатку служылі, а потым прыйшлі сюды вольнанаёмнымі. Працуюць цэлыя дынастыі — генеральны дырэктар нашага прадпрыемства Сяргей Казлоў і яго сын Дзяніс, начальнік атрада Дзмітрый Бабкоў, які прыйшоў сюды ўслед за бацькам, мой намеснік Сяргей Гарадноў, у якога сын таксама закончыў акадэмію МУС. Шмат хто з дзяцей супрацоўнікаў паступае ў акадэмію. Гэта прэстыжна, плюс афіцэрскае званне і заробак добры.

У гісторыі калоніі было шмат розных падзей. Нават уцёкі аднаго з асуджаных. Тэарэтычна гэта зрабіць немагчыма, але так склаліся зоркі. Праўда, уцякач не доўга пабыў на волі. На працягу сутак яго вярнулі, але пакаранне адправілі адбываць у калонію ўжо з больш жорсткім рэжымам. У ПК №2 застаюцца толькі тыя, хто спатыкнуўся ў жыцці ўпершыню. Ашуканцы, зладзеі, рабаўнікі, хабарнікі — тут можна пабачыць рэальнае ўвасабленне ўсіх чалавечых заган. Але больш за ўсё забойцаў і наркаманаў. Супрацоўнікі прытрымліваюцца мер бяспекі, але ніколі невядома, што ў асуджаных наўме. Таму ў мэтах бяспекі абслуговага персаналу калонія разбіта на лакальныя ўчасткі, якія закрываюцца. А дзеля папярэджання ўсякіх непаразуменняў тут працуе цэлы штат псіхолагаў.

Жыццё па хвілінах

У 6.00 пад'ём, паверка, сняданак, праца, абед, праца, вольны час, зноў паверка, адбой. Прыкладна па такім раскладзе жыве калонія. Парушаць яго сабе даражэй. Можна трапіць у штрафны карцар, пазбавіцца доўгачаканага спаткання, або, самае галоўнае, шанцу трапіць на волю датэрмінова.

Дзеля лепшага лёсу трэба навучыцца не толькі жыць па раскладзе, але і адмовіцца ад шкодных звычак. Адзінае, што можа сабе дазволіць асуджаны, гэта пакурыць. І тое ў строга адведзеным месцы. Пад забаронай таксама гульня ў карты. Нарды, шашкі, даміно — іншая справа. На гэтыя гульні няма ніякіх абмежаванняў. Пад строгай забаронай мабільныя тэлефоны. Замест гэтага тут ёсць перагаворны тэлефонны пункт. Можна патэлефанаваць сваякам і знаёмым, але пад кантролем адміністрацыі. Таксафон, дарэчы, не бясплатны. Пластыкавыя карткі прадаюцца ў краме на тэрыторыі калоніі. Там жа можна купіць гарбату, каву, каўбасы, садавіны, прысмакі, цыгарэты. Было б за што.

Асуджаныя жывуць на ўсім казённым, але, як той казаў, без грошай у любым месцы адчуваеш сябе адзінока. Умовы іх зарабіць ёсць.

Да занятасці зняволеных тут маецца шматпрофільнае прадпрыемства. Ёсць участкі дрэва- і металаапрацоўкі, швейны цэх, нават участак вытворчасці прадуктаў харчавання. Прадпрыемства нават зарабляе валюту на гумавай сумесі, якую ахвотна бяруць у Расіі. А гумавыя палкі, якімі ўзброены беларускія праваахоўнікі, выключна вытворчасці бабруйскай ПК №2.

Праца на розны густ, але грашовых вакансій кот наплакаў. Максімум, што можна зарабіць на прадпрыемстве — каля 3,5 мільёна. Але такія заробкі толькі ў зваршчыкаў, і тое, калі ёсць заказы. У астатніх заробкі вымяраюцца некалькімі нават не сотнямі, а дзясяткамі тысяч. Атрымаць рабочую прафесію, у тым ліку зваршчыка, можна ў мясцовым ПТВ. Так што тут усё ў руках самога асуджанага, кажа генеральны дырэктар прадпрыемства Сяргей Казлоў. Дарэчы, сам ён пачынаў тут сваю кар'еру 30 гадоў таму ў якасці майстра. Цяпер пад яго кіраўніцтвам працуе не толькі вытворчасць бабруйскай калоніі, але і ў Магілёве пры ЛПП.

У ка­ло­ніі мож­на стаць са­праўд­ным спарт­сме­нам.

Ад сумы ды ад турмы...

Бабруйская калонія вядомая яшчэ і тым, што займаецца перавыхаваннем не толькі радавых грамадзян. У інтэрнэце можна знайсці інфармацыю, што ў розны час тут сядзелі вядомыя шырокаму колу людзі — праваабаронца Алесь Бяляцкі, былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, дырэктар «Магілёўдрэва» Андрэй Усаў, які сёлета пасля датэрміновага вызвалення атрымаў назначэнне на пасаду выканаўчага дырэктара па вытворчасці магілёўскага прадпрыемства «Строммашына». Але пра тых, каму прыходзіцца адбываць пакаранне ў ПК №2, Юрый Трутко не лічыць патрэбным гаварыць. «Тут усе роўныя», — каротка тлумачыць ён.

Яно так і ёсць. Цывільныя касцюмы або дэмакратычныя джынсы тутэйшым насельнікам замяняюць чорныя робы. Першыя хвіліны, калі ў суправаджэнні супрацоўніка трапляеш на тэрыторыю, зняволеныя нават здаюцца ўсе на адзін твар. Кароткая стрыжка, аднолькавае адзенне, нават думкі, здаецца, адзін у адзін. Кожны запэўнівае, што асэнсаваў свае паводзіны і збіраецца выправіцца. Хочацца верыць, што не хлусяць. Бо для большасці з тых, хто тут знаходзіцца, яшчэ ўсё жыццё наперадзе. Звыш 40% асуджаных — маладыя людзі ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў, амаль траціна — ад 30 да 40. Ёсць, вядома, і тыя, каму менш за 20, або пенсіянеры, але гэта адзінкі. Тэрміны пакарання таксама розныя. У адных абмяжоўваецца 3 гадамі, амаль траціна адбывае тэрмін ад 5 да 10 гадоў, кожны пяты — ад 10 да 15, ёсць нават з тэрмінам 25 гадоў — за асабліва цяжкае злачынства. Большасць асуджаных з Мінска і Мінскай вобласці, на другім месцы Гомельская, потым Віцебская і ўсе астатнія.

У ка­ло­ніі ўсё ро­біц­ца з вы­ха­ваў­чым ухі­лам.

Вяселле за кратамі

Трапіць за межы папраўчай калоны да канца тэрміну для асуджанага амаль немагчыма, адзіная сувязь са светам — гэта блізкія і знаёмыя. Дзеля таго, каб пачуць іх, а яшчэ лепей пабачыць, большасць тутэйшых жыхароў імкнецца добрасумленна выконваць усё, што ад іх патрабуецца.

Па законе ў калоніі можна разлічваць на два доўгатэрміновыя і два кароткатэрміновыя спатканні на год. Але за прыкладныя паводзіны могуць заахвоціць дадатковымі спатканнямі. Правесці тры дні побач з блізкім чалавекам — запаветная мара любога асуджанага. Гасцініца хоць і на тэрыторыі калоніі, але ўмовы там амаль хатнія. Ёсць нават невялічкі дворык з кветнікам.

Тым, у каго сям'і няма, застаецца толькі марыць пра такія вось вакацыі. Доўгатэрміновыя спатканні дапускаюцца толькі з роднымі. Але ёсць магчымасць знайсці нявесту па перапісцы і ажаніцца. «Вяселлі ў нас не рэдкасць, — кажа Юрый Трутко. — Мы рыхтуем дакументы, да нас прыязджае работнік ЗАГСа і распісвае. Маладым замест мядовага месяца прадастаўляецца доўгатэрміновае спатканне. Наколькі моцныя такія шлюбы, казаць не бяруся, але некаторыя захоўваюць сям'ю пасля свайго вызвалення.

На жаль, хапае і прыкладаў адваротных, калі распісаліся, развяліся і зноў ажаніліся. І так па 2-3 разы. Гэта больш характэрна для тых, хто сядзіць па 10—25 гадоў.

800 лістоў за дзень

У Аляксандра Казакевіча, інспектара аператыўнага аддзела, праца такая, што не засумуеш. Ён разам яшчэ з двума напарнікамі павінен вывучаць карэспандэнцыю. Калі сустракаецца нешта правакацыйнае, ліст вяртаюць аўтару для выпраўлення.

— Калі там нецэнзурная лаянка, мы не павінны прапускаць, — тлумачыць ён. — Гэта датычыцца і асуджаных, і тых, хто ім піша. Такое здараецца, на жаль, вельмі часта. Абкласці трохпавярховым могуць нават бацькоў, асабліва калі тыя пасылку не прыслалі своечасова або грошы не паклалі.

Нельга таксама маляваць схему калоніі, пасылаць зробленыя на яе фоне фота. Гэта ўсё ж такі рэжымная ўстанова. Асабліва цяжка прыходзіцца на святы, калі на аднаго цэнзара прыпадаюць тысячы паштовак і лістоў на дзень. А так у сярэднім даводзіцца чытаць па 300 лістоў кожнаму. Інтэрнэту няма, але папера і ручка заўсёды пад рукой. Некаторыя могуць пагаварыць па тэлефоне і тут жа напісаць ліст. Каб выказаць усё, што не паспеў. Або размаўляў з дзяўчынай, але не пажадаў нешта казаць пры сведках. Бывае, усе эмоцыі ўмяшчаюцца на адной старонцы, а бывае, не хапае сшытка.

— Ёсць людзі, якія добра пішуць, чытаеш, як раман — прыгожа і даволі-такі шчыра, — усміхаецца Аляксандр Віктаравіч. — Вельмі часта пішуць пра каханне. Гэтага тут не хапае. І словы падбіраюць вельмі чулыя. Сумняваюся, што іх аднекуль спісваюць. Пад кальку і па некалькіх адрасах пішуць толькі тады, калі жадаюць пазнаёміцца. Так верагоднасць, што нехта адкажа, большая.

Некаторыя знаёмствы заканчваюцца спатканнем, нават вяселлем. А для некаторых дастаткова і таго, што нехта будзе слаць пасылкі з волі. Калі ўвесь заробак ідзе на аліменты, застаецца толькі ціснуць на чыюсьці спагаду.

Спорт як сродак ад агрэсіі

Інтэрнэт і мабільныя тэлефоны зняволеным замяняе насычаны вольны час. «Тэатр, тэлецэнтр, радыё, розныя конкурсы», — пералічвае начальнік аддзела папраўчага працэсу Валянцін Сакірка спосабы перавыхавання. Але найбольш вялікіх поспехаў асуджаныя дасягнулі ў спорце.

— Па гэтым кірунку калонія займае лідзіруючае месца, — адзначае ён. — Перавыхаваўчае значэнне спорту цяжка пераацаніць. Да нас часта прыязджаюць азлобленыя людзі, і спорт шмат каго прымірыў.

Тое, што гэта не простыя словы, пераконваюся на свае вочы. На адной з пляцовак ідзе такая гарачая гульня, што нават запавольваеш крок, каб даглядзець, хто ж мацнейшы. Валянцін Сакірка з задавальненнем дэманструе мне дзве трэнажорныя залы. Адчуваецца, на спорце тут не эканомяць.

— У калоніі штогод пры падтрымцы Беларускай федэрацыі бокса на чале з Дзмітрыем Ціхамолавым праводзіцца турнір па боксе, а таксама па ўсіх відах усходніх адзінаборстваў. Па тайскім боксе, вольнай барацьбе, армрэслінгу, бодзібілдынгу, сілавым трохбор'і. Пяты год запар праводзіцца турнір па хакеі паміж асуджанымі і прыезджымі камандамі. Першыя, хто дапамог арганізаваць такое мерапрыемства, — ветэраны хакея горада Бабруйска. У госці прыязджалі хакейныя клубы «Аматар», «Ва-банк», «Сокал». І нашы «Ледасекі» дэманструюць высокі клас, — уводзіць у курс справы мой суправаджальнік.

На вочы трапляе малады ўсмешлівы чалавек. «Гэта, лічы, Назара заслуга, — Валянцін Сакірка знаёміць мяне з мясцовай спартыўнай славутасцю. — Ён капітан каманды па хакеі ПК №2. Гэта яго дзецішча, ён яго ствараў, трэніраваў людзей, вучыў. Цяпер мы маем 15 дзейных гульцоў асноўнага складу».

Няўзброеным вокам відаць, што Назар не проста жыве спортам, а дыхае ім. Сам ён хакеіст, але яму цікава ўсё — вялікі тэніс, футбол, баскетбол. А яшчэ займаецца тайскім боксам. Падлеткам трэніраваўся ў дзіцячай хакейнай школе ў Мінску. Потым жыццё пайшло з пакату. У калонію трапіў, калі яму было 19 гадоў. Цяпер 31. У хуткім часе на волю. Дома яго чакаюць маці, малодшыя брат і сястра. Вельмі перажывае за мінулае. Там цень былога зэка, забітага ім разам з напарнікам. Прызнаецца, што калі б у той час займаўся спортам, ніколі не пайшоў бы на злачынства. «Як сказаў адзін чалавек: агрэсія — прыкмета слабасці, — рэзюмуе ён. — А я малады быў, разышоўся на ўсе застаўкі — клубы, дыскатэкі. А там нічога добрага няма — распуста і алкаголь. Сёння лічу, лепш у хакей пагуляць, у басейн з'ездзіць. Зараз я знайшоў бы шмат чаго, чым можна заняцца».

«Калі гутарыш з тымі, хто мае вялікі тэрмін зняволення, відаць, як яны перажываюць, што так надоўга адарваны ад жыцця, — кажа Валянцін Сакірка. — Шмат хто з іх аднагодкаў за гэты час стварыў сем'і, пабудаваў бізнес, нарадзіў дзяцей. Людзі шкадуюць, што праз сваё глупства марнуюць каштоўны час. Бо яны таксама маглі б ажаніцца, выхоўваць сыноў і дачок, працаваць, плаціць падаткі, прыносіць карысць грамадству».

— Мне тут сапраўды дапамаглі. Я быў дрэнны, але выправіўся, — адводзіць вочы Назар, і амаль фізічна адчуваеш, колькі ў гэтых словах болю за сваё мінулае.

Нядаўна БТ здымала тут мерапрыемства, прысвечанае Дню незалежнасці і Міжнароднаму дню барацьбы з наркотыкамі. 13 чэрвеня пры падтрымцы Федэрацый бокса і бодзібілдынгу прайшлі паказальныя выступленні па гэтых відах спорту. У іх прымалі ўдзел сапраўдныя «зоркі» — беларускі баец муай-тай Дзмітрый Валент і майстар спорту міжнароднага класа, чэмпіён Еўропы сярод аматараў і прафесіяналаў Максім Маруга.

Аб­раз у го­нар свя­то­га апе­ку­на ка­ло­ніі — Іа­а­на Прад­це­чы.

Іх абагульніў лёс

Гэтыя людзі апынуліся за кратамі не выпадкова. Тут асабліва востра адчуваецца, што здараецца, калі забываеш, што такое закон. Магчыма, іх гісторыі стануць для кагосьці нагодай для роздуму. Бо, як выказаўся адзін з суразмоўцаў, ніякія багацці свету не вартыя таго, каб апынуцца тут.

Сяргей — адзіны з беларусаў, які доўгі час знаходзіўся ў вядомым расійскім тэлепраекце і стаў там чалавекам года. А цяпер вось ужо год, як ён адбывае пакаранне ў калоніі. Засталося яшчэ 2.

— Калонія — гэта не здымачная пляцоўка, тут усё па-іншаму, — уздыхае ён. — Тут пачынаеш пераасэнсоўваць усё сваё жыццё і вельмі востра адчуваеш, хто табе сапраўды блізкі і дарагі. Тут я зразумеў, што трэба мяняць круг зносін, максімальна звужаць яго.

Сяргею асабліва не хапае блізкіх людзей, зносін з маці. Не хапае яе позірку, усмешкі. На лаўцы падсудных ён апынуўся нечакана для сябе. Працаваў юрыстам у Маскве, аднойчы аказаў юрыдычную дапамогу сябру, які займаўся продажам машын. І пайшоў як саўдзельнік. «Каб трапіць сюды, зусім не абавязкова самому ўчыніць злачынства, можна аказаць дапамогу злачынцу і апынуцца ў пастцы. Таму лепш нікуды не ўлазіць, — перажывае ён і дадае: — У мяне з'явілася вялікае жаданне працаваць, павышаць узровень ведаў, бо я зняславіў сваіх блізкіх, сям'ю. Разумею, што ад турмы ніхто не застрахаваны, але ад гэтага не лягчэй. Хочацца хутчэй выйсці і паказаць, што я не стаў горшым».

Руслан працуе ў храме ў гонар Іаана Прадцечы. Гэта адно з месцаў калоніі, куды асабліва часта звяртаюцца забойцы. Руслан пайшоў далей, ён стаў старастам. У калоніі ўжо 9 гадоў, нясе крыж за асабліва цяжкае злачынства — забойства. Наперадзе яшчэ 9 гадоў. «У душы кожны перажывае за ўчыненае, кожны баіцца кары Божай, — прызнаецца ён. — Я не выключэнне. Нясу послух, чытаю малітвы, спавядаюся. Спадзяюся, што Бог даруе мне гэты грэх. Да калоніі ў царкву хадзіў ад выпадку да выпадку, а тут уцарковіўся. Тут прасцей, а на волі шмат спакус».

Віталя дома чакае сям'я, яго дачцэ споўнілася 5 гадоў — роўна столькі, колькі ён тут знаходзіцца. Да вызвалення засталося яшчэ крыху болей чым 2 гады. Спадзяецца, што зможа жыць далей без марыхуаны і амфітамінаў, за якія заплаціў воляй. «За такі вялікі перыяд цвярозасці ўпершыню ўбачыў, як шмат існуе вакол карысных рэчаў. Спорт, напрыклад, — прызнаецца ён. — Я не хацеў бы, каб мае дзеці ўжывалі наркотыкі, алкаголь і нават цыгарэты. Гэтыя рэчавы звужаюць светапогляд, абмяжоўваюць у развіцці. Раней раздражняўся, псіхаваў. Цяпер стаў спакайнейшы. Былі перыяды, калі я ўжываў наркотыкі, не аддаючы сабе справаздачы. А потым думаў: навошта? Дома адбываліся скандалы, я раскайваўся, але потым зноў браўся за сваё. Спадзяюся, што яшчэ паспею правільна выхаваць сваіх дзяцей».

Уладзіміра да турмы таксама давялі наркотыкі. «Падставіў чалавек, які сам жа мне іх і прадаваў, — цяжка ўздыхае ён. — Перад міліцыянерамі выдаў мяне за распаўсюджвальніка». Зараз Уладзімір сам сочыць за маральным станам у атрадзе. «Бывае, людзі духам падаюць, прыходзіцца супакойваць, — кажа ён і дадае. — Ніводнае задавальненне не каштуе таго, што мы тут адчуваем. На жаль, гэта ўсведамленне прыйшло да мяне толькі тут».

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота аўтара і з архіваў ПК №2

Загаловак у газеце: Горад, дзе жывуць надзеямі

Каментары

Случайно никто в тюрьму не попадает. Очень сомневаюсь в искренности тех, кто там сидит. Убийцы, наркоманы, воры -- не дай Бог встретиться с кем-то из этих товарищей где-нибудь в темном переулке. Правильно говорит один из этих типов: на свободе больше соблазнов.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.