Вы тут

Пра тое, чаму нелюбоў нараджае нянавісць


Гэта не жанчына, а нейкая фурыя. Пачвара ў абліччы вытанчанай дамы. А сама сябе бачыць рэдкай птушкай, прыкладам самаахвярнасці. Вось толькі яе дзеці гэтага не адчуваюць. Адплачваюць эгаістычнай маці. Жудасна...


У шведскага пісьменніка і драматурга Аўгуста Стрындберга былі складаныя стасункі з жанчынамі, што адбілася на творчасці: вобразы кабет, з якіх не варта браць прыклад, у яго нярэдкія. Часам здаецца, што ён помсціць жанчынам са свайго жыцця, але пераносіць свае адносіны ці не на ўвесь жаночы род. Вось і п'еса «Пелікан» якраз у ліку твораў з цэнтральным вобразам жанчыны. Жанчыны-маці. Апошняе — істотна, таму што мяняе ўспрыманне твора. Асабіста-аўтарскае стаўленне абрастае кантэкстам, які прымушае разважаць пра чалавека, што вырастае ў асяроддзі, дзе пра мараль ніхто не памятае.

Стрындберг пра гэта разважаў у пачатку ХХ стагоддзя (адчуваючы кардынальныя змены ў грамадстве). Але актуальнасць яго разваг захоўваецца, на жаль, у наш час. Таму пастаноўку твора шведскага аўтара ўзяўся паставіць на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Гарцуеў. Ён любіць псіхалагічныя творы, з іх пачынаў як рэжысёр.

І вось зноў сваё, любімае: пра людзей і тое, што перашкаджае жыць — заганы, хлусня, жарсць. Такое суквецце зла.

Яго носьбіт — галоўная гераіня Эліза, ролю якой выконвае Людміла Сідаркевіч. Жанчына вытанчаная, прывабная. Хоча гэтым актыўна карыстацца: у яе ёсць малады палюбоўнік (акцёр Максім Брагінец), спакуснік з халодным разлікам (сярод усяго шэрага кідаюцца ў вочы чырвоныя дэталі яго вопраткі, гэта спрацоўвае як правакацыя ўвагі да яго з боку гераіні). Каб ён быў бліжэй, нават жыў увесь час у адной хаце, яна выдае за яго сваю ж дачку. На вяселлі зяць, каб парадаваць дарагую цешчу, прачытаў пранікнёны верш пра цудоўную птушку пелікана, якая ахвяруе сабой дзеля сваіх птушанят: калі няма чым іх карміць, то сілкуе ўласнай крывёю. Эліза расчуленая: гэта пра яе. Няўжо яна насамрэч так думае? Ці гуляе ў прыгожую сябе? Нездарма ж цягам усяго спектакля ў цэнтры сцэны ўзвышаецца абрыс птушкі з вялікімі крыламі. Гэтым абрысам (вобразам у вачах іншых) кіруе сама Эліза: то крылы, нібы ветразі, узносяць высока яе мары пра каханне і шчасце. То ападаюць: не можа лётаць той, хто скаваны цяжкімі кайданкамі зямных жарсцяў. Целесная юрлівасць кіруе ёй, інстынкт, за якім яна не бачыць нічога іншага. Нават уласных дзяцей.

Сын і дачка разумеюць, што маці ўвесь час іх падманвае. Што здраджвала нябожчыку-бацьку. Што фактычна абкрадвала сям'ю дзеля палюбоўніка. Эканамічныя справы сям'і ідуць кепска, і калі што-небудзь засталося ад бацькі, то сітуацыю гэта не ратуе. Будучыні няма. Так адчуваюць дзеці. Увесь спектакль яны ходзяць і размаўляюць як пакінутыя, беспрытульныя, маленькія істоты, пры тым, што ўжо дарослыя. Артысты Арцём Курэнь і Ганна Семяняка дасягаюць гэтага ўражання, каб падкрэсліць: бацькоўскі крайні эгаізм шкодзіць нават дарослым дзецям, яны губляюць самастойнасць з-за таго, што так ці інакш чакаюць увагі маці (прывязка да яе існуе). А яна працягвае клапаціцца пра свае інтарэсы, не бачыць іх. Яны паводзяць сябе як маленькія і зусім бездапаможныя (наўмысна?). Але нават у складанай сітуацыі пасля смерці бацькі клопат Элізы пра дзяцей несапраўдны. Фальшывыя адносіны не дазваляюць бачыць перспектывы ў жыцці наогул. Дзеці робяць свой выбар. Летуценны пелікан (ці матылёк) павінен загінуць. І ўсё, што ад яго сыходзіла.

Амаль фрэйдызм (пад уплывам якога знаходзіўся аўтар гэтай п'есы Аўгуст Стрындбер). Таму ўзроставае абмежаванне ў тэатры пазначана як «18+». Справа не столькі ў сцэнах з намёкамі на секс (усё вельмі ўмоўна і даволі пластычна абазначана). Справа ў псіхалогіі герояў, пра якую трэба думаць па-даросламу, у той глыбіні чалавечых таямніц, якія хаваюцца за будзённасцю, але могуць нечакана (у залежнасці ад сітуацыі) выбухнуць сапраўды вялікай бядой. Гэта ў Стрындберга п'еса «Пелікан» кампактная — сітуацыя асобна ўзятай сям'і, з малой колькасцю дзеючых асоб. Але ці не адсюль пачынаюцца вялікія драмы: ад дзіцячых псіхалагічных траўм узрастае чалавечая жорсткасць, якая можа прыводзіць да больш шырокіх і глабальных наступстваў ужо ў грамадстве. Нічога не ўзнікае на пустым месцы, і калі нешта недзе не так, то прычыны трэба шукаць вельмі глыбока, і сапраўды, у дзяцінстве.

Абстрагавацца ад асобна ўзятай шведскай сям'і пачатку ХХ стагоддзя ў гэтым спектаклі дазваляе стылістыка.

Па-першае, плаўнасць і пластычнасць рухаў саміх артыстаў (над гэтым працаваў рэжысёр Яўген Карняг), гэтаму спрыяе псіхадэлічная музыка Дзмітрыя Фрыгі. Таксама мастак па касцюмах Валянціна Няборская зрабіла вобразы не гістарычныя і не казачныя (хутчэй прытчавыя), і не зусім карыкатурныя (на мяжы), але да іх не ўзнікае цяпла і шкадавання — ні да кога. Хіба што да нябожчыка-таты, прывід якога мроіцца Элізе. Стрындберг і ў гэтым быў сабой (мужчына ў яго — наіўная ахвяра), але каб была зразумелая мараль, што для драматурга істотна, то патрэбны нейкі персанаж для кантрасту, няхай ён і не з'яўляецца на сцэне.

Мараль патрэбна і нам. Не толькі з твора драматычнага, але наогул, па жыцці. Таму замежную п'есу адмыслова для тэатра пераклалі на беларускую мову Ірына Гушчына і Андрэй Хадановіч. Пастаноўка ажыццявілася пры падтрымцы Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь. Пасол асабіста вітаў і высока ацаніў прэм'еру. З тымі ж думкамі, відаць, будуць сыходзіць пасля спектакля прыхільнікі творчасці Гарцуева — тут ён у сваёй стыхіі. Стылістыка, вобразы і сутнасць самой драмы могуць заінтрыгаваць не толькі тых, хто сочыць за тэатральнымі з'явамі ў Беларусі: гэта ж пра маці, якая не жыве дзеля дзяцей. Гэта неяк не па-нашаму? А калі так: маці, якая займаецца сабой і абыякавая да таго, што адчуваюць дзеці. Ужо бліжэй?.. Пра маці сямейства, якая дзеля таго, каб ёй было зручна жыць, гатовая заплюшчваць вочы на тое, як і чаго хочуць блізкія, што ім на карысць, а што — не. Тым самым падштурхоўвае іх да граху: лепш памерці, чым ёй сказаць, патлумачыць, ад чаго так балюча. Яна не зразумее. Не зменіцца. Няшчасная...

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Птушка, што ляцела на пажар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».