Вы тут

Сем дзён, каб вызначыцца з прафесіяй


14 ліпеня інфармаванне абітурыентаў спыніцца а 15 гадзіне!

Сёння прыёмныя камісіі вышэйшых навучальных устаноў распачнуць прыём дакументаў у абітурыентаў.


У параўнанні з папярэднім годам тэрміны прыёму дакументаў на бюджэтную форму навучання былі скарочаны сёлета на адзін дзень: прыёмныя камісіі чакаюць абітурыентаў да 14 ліпеня. А з 15 ліпеня распачынаюцца ўступныя выпрабаванні, якія праводзяцца непасрэдна ва ўстановах адукацыі. Маюцца на ўвазе экзамены па творчасці, фізічнай культуры, а таксама экзамены для абітурыентаў, якія паступаюць на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі на скарочаныя тэрміны навучання. Уступныя іспыты арганізаваны толькі ў адну сесію: як для асоб, якія паступаюць за кошт сродкаў бюджэту, так і на платнай аснове.

Новыя спецыяльнасці

У 2016 годзе на ўсе формы навучання ў вышэйшыя навучальныя ўстановы плануецца прыняць больш за 63 тысячы чалавек — гэтая лічба неістотна адрозніваецца ад леташняй. За кошт сродкаў бюджэту будуць атрымліваць адукацыю ў ВНУ каля 28 тысяч чалавек (з іх на дзённай форме навучання — 22,6 тысячы). У прыватныя ВНУ плануецца прыняць 8,2 тысячы чалавек.

У вышэйшых навучальных установах сёлета адкрываюцца шэсць новых спецыяльнасцяў: «Cудовыя крыміналістычныя экспертызы» — у Акадэміі МУС, «Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій» — у БДТУ, кірунак «Шахматы» на спецыяльнасці «Спартыўна-педагагічная дзейнасць» — у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. А ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце будзе весціся набор адразу па чатырох новых спецыяльнасцях: «Гісторыя і сусветная мастацкая культура», «Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа» (абедзве на гістарычным факультэце), «Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога» на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій і «Музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура» — на факультэце эстэтычнай адукацыі.

Без экзаменаў

Дарэчы, Міністэрства адукацыі пашырыла ў гэтым годзе пералік педагагічных спецыяльнасцяў у ВНУ, пры паступленні на якія асобныя катэгорыі абітурыентаў залічваюцца без уступных выпрабаванняў.

Нагадаем, што для таго, каб прыцягнуць добра падрыхтаваных абітурыентаў на педспецыяльнасці, два гады таму было прынята рашэнне залічваць туды медалістаў і выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў з дыпломам з адзнакай без уступных экзаменаў — пры ўмове наяўнасці ў апошніх рэкамендацыі педагагічнага савета сваёй навучальнай установы. Тое ж тычыцца і пераможцаў трэцяга абласнога тура прадметных школьных алімпіяд. Уладальнікам дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступеняў трэцяга (абласнога і Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзеных Міністэрствам адукацыі ў бягучым навучальным годзе, дадзена права паступаць без уступных іспытаў на педагагічныя спецыяльнасці, для якіх гэты прадмет вызначаны прадметам першага профільнага экзамену.

У гэты пералік увайшлі наступныя спецыяльнасці: «Дашкольная адукацыя», «Пачатковая адукацыя», «Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны», «Біялогія і геаграфія», «Матэматыка і інфарматыка», «Біялогія» (навукова-педагагічная дзейнасць), «Хімія» (навукова-педагагічная дзейнасць), «Геаграфія» (навукова-педагагічная дзейнасць), «Матэматыка» (навукова-педагагічная дзейнасць), «Фізіка» (навукова-педагагічная дзейнасць), «Фізіка і інфарматыка», «Фізіка і тэхнічная творчасць», «Беларуская мова і літаратура», «Руская мова і літаратура», «Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва», «Абслуговая праца і прадпрымальніцтва», «Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва», «Лагапедыя», «Сурдапедагогіка», «Тыфлапедагогіка», «Алігафрэнапедагогіка», «Сацыяльная педагогіка» — усяго 22.

Цяпер пералік папоўнілі яшчэ тры спецыяльнасці: «Прафесійнае навучанне» (па кірунках), «Беларуская філалогія» (па кірунках) і «Руская філалогія» (па кірунках). Новыя спецыяльнасці, што адкрываюцца ў БДПУ сёлета, пакуль што ў пералік не ўвайшлі.

Да асаблівасцяў прыёму 2016 года можна аднесці і адкрыццё ў Інстытуце пагранічных войскаў прыёму асоб жаночага полу па спецыяльнасці «Кіраванне падраздзяленнямі пагранічнага кантролю» (для іх выдзелена 20 месцаў).

Пасля шматгадовага перапынку падрыхтоўка для асоб жаночага полу адноўлена і ў Ваеннай акадэміі па спецыяльнасцях «Практычная псіхалогія ў ваеннай справе» (2 месцы), «Эксплуатацыя аўтаматызаваных сістэм інфармацыі» (5 месцаў), «Тэхнічная эксплуатацыя электрасістэм і пілатажна-навігацыйных комплексаў лятальных апаратаў» (2 месцы) і «Авіяцыйныя радыёэлектронныя сістэмы» (3 месцы).

Не памыліцца з падлікамі

Як сёлета ўкамплектуюцца вышэйшыя навучальныя ўстановы, як укамплектуюцца педагагічныя і інжынерна-тэхнічныя спецыяльнасці, як будуць запаўняцца платныя месцы, даволі цяжка спрагназаваць. Колькасць удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання сёлета зменшылася нязначна. Затое колькасць уладальнікаў максімальнага выніку ўзрасла (у гэтым годзе будзе выдадзена 330 стабальных сертыфікатаў), як павялічылася і колькасць абітурыентаў, якія набралі больш за 50 балаў. А гэта азначае, што на традыцыйна папулярных у моладзі спецыяльнасцях прахадныя балы акажуцца сёлета вельмі высокімі. Ды і на іншых спецыяльнасцях прахадныя балы таксама падрастуць.

Раздумваць і падлічваць свае шанцы на паступленне абітурыенты змогуць да 14 ліпеня. Інфармацыя аб ходзе прыёму дакументаў будзе абнаўляцца прыёмнымі камісіямі штодня кожныя тры гадзіны: у 9.00, 12.00, 15.00 і 18.00 гадзін. Але ў апошні дзень прыёму дакументаў інфармаванне абітурыентаў спыніцца а 15 гадзіне! І галоўнае тут — не памыліцца з падлікамі, спрабуючы пралічыць свае шанцы на паступленне. Лепш усё ж такі не адкладваць падачу дакументаў на апошні дзень: калі такіх жа разумнікаў акажацца шмат, конкурсная сітуацыя можа рэзка змяніцца ўжо пасля закрыцця прыёмнай камісіі, і абітурыент мае ўсе шанцы застацца за бортам.

Графік прыёмных камісій

Тэрміны залічэння на «бюджэт» наступныя:

па 22 ліпеня — на дзённую і завочную формы атрымання адукацыі ў ВНУ сілавых ведамстваў;

па 28 ліпеня — на дзённую і завочную формы атрымання адукацыі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў;

па 24 ліпеня — на вочную і завочную формы атрымання адукацыі ў іншых дзяржаўных установах вышэйшай адукацыі (акрамя завочнай формы атрымання адукацыі ў сельскагаспадарчых ВНУ);

па 20 снежня — на завочную форму атрымання адукацыі ва ўстановах вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю.

Прыём дакументаў на вакантныя бюджэтныя месцы (дадатковы набор) у большасці ВНУ будзе весціся тры дні: з 26 па 28 ліпеня, у творчых ВНУ — з 29 па 30 ліпеня, у ВНУ сілавых ведамстваў — з 24 па 26 ліпеня. Залічэнне ў кола студэнтаў пройдзе не пазней за 31 ліпеня. У ВНУ сілавых ведамстваў — па 27 ліпеня.

А вось тэрміны залічэння на платнай аснове былі павялічаны на адзін дзень, каб ВНУ маглі правесці больш якасную працу па заключэнні дагавораў на навучанне. Падаць дакументы тым, хто не прайшоў на бюджэтную форму навучання, у ВНУ сілавых ведамстваў трэба не пазней 28 ліпеня, у творчых ВНУ —
да 30 ліпеня і ў іншых ВНУ — да 1 жніўня. Залічэнне ў ВНУ сілавых ведамстваў — да 29 ліпеня, у творчых ВНУ —
па 31 ліпеня і ва ўсіх іншых ВНУ — па 4 жніўня.

Любыя пытанні, што датычацца ўступнай кампаніі, выпускнікі і іх бацькі могуць задаць па «гарачай лініі» Міністэрства адукацыі (223-43-12) ці патэлефанаваўшы ў штаб Дзяржаўнай камісіі па кантролю за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў (327-66-80).

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.