Вы тут

Рэктар МІТСО — пра важнасць тэорыі і попыт на спецыялістаў


«У нас зашмат юрыстаў і эканамістаў? Наадварот, спецыялістаў не хапае», — упэўнены рэктар Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО» Станіслаў КНЯЗЕЎ. Якой павінна быць сучасная вышэйшая адукацыя? Ці паспявае яна рэагаваць на змены на біржы працы? Чаму балы за ЦТ не адзінае, што павінна ўплываць на выбар прафесіі? Пра гэта рэктар прафсаюзнай ВНУ расказаў у інтэрв'ю «Звязде».


— Летась універсітэт адзначыў юбілей — 85 гадоў. Што сёння ўяўляе сабой прафсаюзная адукацыя?

— Яна дае тэхналогіі рашэння розных дзяржаўных задач. Акрамя класічнага профільнага ўніверсітэта, у нас ёсць яшчэ і Рэспубліканскі вучэбна-метадычны цэнтр прафсаюзаў, які ахоплівае ўсю краіну (яго аддзелы знаходзяцца ў кожнай вобласці). Такім чынам мы наладзілі сістэмнае навучанне прафсаюзнага актыву па ўсёй краіне. Бо для таго, каб людзі эфектыўна працавалі, ім патрэбны перш за ўсё веды.

Цяпер складаная сітуацыя ў многіх працоўных калектывах, і мы ўзбройваем прафсаюзныя кадры ўменнем даходліва расказаць людзям аб тым, што крызіс не такі страшны, як пра яго гавораць. Крызіс (у перакладзе з грэчаскага) — гэта зыходны пункт і пачатак шляху. Ён сведчыць, што папярэдняя мадэль развіцця састарэла. Гэта проста абазначэнне таго, што ў нашым жыцці назбіралася шмат навізны, мы пераходзім на новы этап развіцця. Трэба прывыкаць да тых рэалій, якія сёння ёсць.

— А наколькі адукацыя паспявае мяняцца разам з інавацыямі і ладам жыцця?

— Трэба, каб паспявала. Універсітэт не можа паказаць, што будзе заўтра. Але мы павінны хаця б раскрыць тэндэнцыі развіцця і падказаць чалавеку, да чаго ён мусіць быць гатовы.

Чаму мы кажам пра важнасць тэарэтычнай падрыхтоўкі? Калі ты маеш добрую базу, значыць, самастойна можаш ўжыцца ў тыя змены, якія адбываюцца ў вытворчасці. Практыка ж дапамагае працаваць у сённяшніх умовах. Гэтаму складніку мы таксама надаём увагу. Нашы студэнты праходзяць практыку ў Міністэрстве юстыцыі, судах, адміністрацыях раёнаў, буйных адвакацкіх і юрыдычных бюро, банках, прамысловых прадпрыемствах.

— Ваш універсітэт ладзіць кантакт са школамі, праводзіць семінары для педагогаў. Чаму вам важна гэта супрацоўніцтва?

— Сёння ёсць праблема з падрыхтоўкай матэматыкаў і настаўнікаў, якія ўмеюць гэту дысцыпліну выкладаць. Некалі існавалі фізіка-матэматычныя школы. Цяпер гэта работа неяк замерла. Кожны год, калі абітурыенты прыходзяць здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне, мы адчуваем, якія ў іх слабыя веды па матэматыцы. Мы не проста гаворым аб праблеме, а рэальна спрабуем дапамагчы яе вырашыць. Матэматычны талент праяўляецца ў раннім узросце, таму мы працуем, пачынаючы з чацвёртага класа. Дапамагаем школам выяўляць у дзецях гэтыя здольнасці. Дырэктары школ, якія ўдзельнічалі ў эксперыменце, былі вымушаны прызнаць, што ўніверсітэцкія выкладчыкі даюць веды лепш. Пра гэта казалі і самі навучэнцы.

— Дарэчы пра абітурыентаў. Цяпер ідзе ўступная кампанія. Многія выбіраюць месца навучання на падставе балаў, атрыманых за ЦТ. А на што яшчэ варта было б звяртаць увагу пры выбары ВНУ?

— У многіх прафесіях, апроч ведаў, патрэбны яшчэ і асабістыя якасці. Таму кожнаму абітурыенту варта задумацца, да чаго ён мае схільнасці. Вельмі часта спецыяльнасць выбіраюць па прыкладзе бацькоў, суседзяў, зыходзячы з фільмаў ці кніг. Але лепш пратэсціраваць сябе. Кожны чалавек таленавіты, проста неабходна знайсці гэтыя таленты. Юрыстамі, напрыклад, не ўсе могуць стаць. Тут і пэўны педантызм патрэбен, скрупулёзнасць, каб вывучыць масу дакументаў і знайсці ў іх памылкі ці адхіленні, і філасофская схільнасць розуму, каб бачыць прычынна-выніковую сувязь нейкіх падзей.

— Сёння кажуць пра перанасычанасць рынка юрыстамі і эканамістамі. Чаму, нягледзячы на гэта, у моладзі такія спецыяльнасці па-ранейшаму карыстаюцца папулярнасцю?

— Камусьці сапраўды падабаецца прафесія. Некага прыцягвае «лёгкасць»: маўляў, гэта ж не на інжынера адвучыцца. Хоць часцяком гэтыя спецыяльнасці бывае куды складаней засвоіць. Цяпер, дарэчы, ёсць запатрабаванасць у сумяшчальных прафесіях: эканамісты дадаткова атрымліваюць дыпломы юрыстаў, а юрысты — эканамістаў. Гэта лагічна, бо любыя эканамічныя адносіны ўключаюць нарматыўна-прававы бок.

Так, папулярная думка, што на біржы зашмат юрыстаў і эканамістаў. Я адразу скажу: у нас не перавытворчасць спецыялістаў, а неразвітасць грамадскіх адносін.

Кожная сям'я павінна мець уласнага юрыста. Нашы людзі не ведаюць, як сябе абараніць, і невялікія наборы адвакацкіх асацыяцый не здольны забяспечыць сёння належную прававую падтрымку.

Юрысты павінны суправаджаць дзейнасць любой установы ці прадпрыемства. І для гэтага патрэбен не работнік на палову стаўкі, а цэлы штат спецыялістаў. На Захадзе ў вялікіх фірмах працуюць юрыдычныя ўпраўленні, куды ўваходзяць дзясяткі людзей. Там і кантракты складаюць не на пару старонак, а на дзвесце, дзе кожная пазіцыя прапісана. І ўсё гэта юрысты прапрацоўваюць.

Такая ж сітуацыя з эканамістамі. Стан нашых прадпрыемстваў сёння такі, што там патрэбен цэлы атрад добрых спецыялістаў. Мы цяпер для аднаго з заводаў рыхтуем бізнес-план, які павінен рабіць не ўніверсітэт, а само прадпрыемства. Але што маем? У бухгалтэрыі трымаюць аднаго-двух эканамістаў, якія проста рыхтуюць зводкі, — ні прапаноў ніякіх, ні распрацовак.

— На вашу думку, што павінен даваць сёння ўніверсітэт? Наўрад ці проста інфармацыю: яе і ў сеціве знайсці можна...

— Адрозненне ўніверсітэцкай адукацыі ад самаадукацыі — сістэмнасць. Важна бачыць сувязь паміж ведамі. Сістэма дазваляе чалавеку ўпэўнена дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі. Працэс адукацыі сусветнага ўзроўню прадугледжвае, што выкладчык павінен толькі зацікавіць прадметам і скласці праграму паслядоўнага навучання. А студэнт мусіць актыўна займацца самастойна па плане, які яму дадзены, шукаць веды ў бібліятэцы, электронных базах даных. У нас цяпер лекцыйна-семінарскі метад. Мы імкнёмся да дыялогу. Свае вучэбныя матэрыялы ўніверсітэт выстаўляе ў электронным выглядзе. Так бы мовіць загадзя раздаём іх, каб людзі былі гатовы да дыскусіі. Тады ў навучальным працэсе з'яўляецца навуковая навізна.

— Цяпер у цане высокакваліфікаваныя спецыялісты. Як імі стаць? Хто выйграе ва ўмовах амаль усеагульнай вышэйшай адукацыі?

— Той, хто паказвае найлепшыя вынікі. Канкурэнцыю ніхто не адмяняў. Да таго ж ва ўсім свеце людзі ведаюць, што яны павінны чатыры ці пяць разоў перавучвацца, пастаянна атрымліваць дадатковыя веды. Напрыклад, у Злучаных Штатах у сістэме перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі занята 60 працэнтаў працаздольнага насельніцтва, у Японіі — 70 працэнтаў, а ў Паўднёвай Карэі — 85. Пастаянна змяняюцца ўмовы працы, таму і прынцып сёння — адукацыя праз усё жыццё. Удасканальвацца трэба пастаянна.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Універсітэт дае сістэмнасць»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».