Вы тут

Чаму дзеці падаюць з вокнаў?


Гэты свет для малога чалавека — увесь патэнцыяльная небяспека.


Сёння дзяўчынку Кіру выпісваюць з бальніцы. У свае чатыры гады яна ўжо стала вядомай, таму што засталася жывой там, дзе шанцы выжыць былі мінімальныя. Малая выпала з акна шостага паверха дома ў сталічнай Малінаўцы. Бабуля была на кухні, дзяўчынка круцілася побач. Раптам выбегла ў пакой (вырашыла дагнаць кошку), ускочыла на падаконнік адчыненага ў гарачыню акна, абаперлася на маскітную сетку і... разам з ёй спланіравала ўніз. Бабуля, якая выбегла за ўнучкай у пакой літаральна праз некалькі імгненняў, убачыла дзіця ўжо на зямлі...

Трагедыя ледзь не адбылася ў мінулую нядзелю, а ўжо сёння шчаслівая маці, якая, пэўна, дагэтуль не можа адысці ад шоку, забярэ любімую дачушку дамоў. Урачы інакш як цудам гэты выпадак не называюць: у малой толькі трэшчына на косці. Бог падставіў гэтаму дзіцяці далоні, і яно засталося жыць. Пэўна, ва Усявышняга на дзяўчынку нейкія адмысловыя планы...

Няшчасныя выпадкі з дзецьмі здараюцца, на жаль, кожнае лета. Але такога масавага падзення з вокнаў, як сёлета, не было, бадай, ніколі. За чатыры першыя гарачыя дні ліпеня — чатыры падзенні. Пашанцавала адной Кіры. Пяцігадовая дзяўчынка з Гродна, трохгадовы хлопчык з Мінска, двухгадовая дзяўчынка з Лоева пасля палёту з вышыні не выжылі. Родным — непапраўнае гора і боль на ўсё жыццё. Сведкам — па сутнасці, усім нам, бо жудасныя навіны былі «ў топе» і тэлеканалаў, і інтэрнэт-парталаў — чарговая нагода задумацца і зрабіць высновы.

Сапраўды, самы час задацца пытаннем: чаму? Самы лёгкі адказ, які на паверхні, — ва ўсім вінаватыя новыя вокны. Сучасныя шклопакеты стаяць сёння ці не ў кожнай кватэры, яны зручныя, лёгка і плаўна адчыняюцца, устаноўшчыкі яшчэ і дадатковыя выгоды за бясцэнак або ў падарунак прапануюць — маскітныя сеткі, напрыклад. У спёку расчыніў сабе акно — і не трэба непакоіцца, што ўсякія куслівыя «жужы» ў пакой паналятаюць. Файна! Добра — для сям'і, дзе няма малых дзяцей. Бо ўсе названыя выгоды — фактар крайняй небяспекі для дапытлівых, спрытных і яшчэ зусім не разумных. У трох з чатырох ліпеньскіх палётаў прычынай падзення малых была маскітная сетка, на якую дзеці абапіраліся рукамі і з якой разам вывальваліся з акна. Следчы камітэт нават збіраецца правесці праверку: наколькі сеткі, што ўстанаўліваюць на нашы вокны, адпавядаюць тэхналагічным патрабаванням...

Але, выбачайце, сеткі ж тыя так і называюцца — «маскітныя». Яны павінны затрымліваць маленечкіх насякомых, а не вытрымліваць вагу дзіцяці! І, спакушаючыся на ўстаноўку гэткага «цуду цывілізацыі», хай сабе і бясплатна, пра гэта трэба думаць у першую чаргу!

Летась, калі мяняла акно, мне таксама прапаноўвалі падобны бонус за трэць кошту. Спакуса, канешне, была, бо ў нашым Сухараве, дзе калісь было балота, камароў улетку — процьма, дый кватэра на сонечны бок, так хочацца насцеж акно адчыніць. А потым паглядзела ў вочы істоце, якую прыручыла і якая ад мяне цалкам залежыць, і адмовілася. Бо ўявіла, як, гуляючы, кошка скокне на тую сетку і паляціць разам з ёй з сёмага паверха. І што я буду адчуваць, і якое пачуццё непапраўнай віны будзе мяне тузаць... Дык тое кошка, а што казаць пра дзіця?! Можа, лепш хай яго ўкусіць камар, які выпадкова заляціць праз прыадчыненае «на шчылінку» акно?

Калі ўжо казаць пра вытворцаў новых вокнаў... Яны, акрамя маскітных сетак, прапануюць яшчэ процьму дадатковага рыштунку, палова якога, як мінімум, прызначана для таго, каб папярэдзіць няшчасныя выпадкі з дзецьмі. Чаго там толькі няма: і ручкі з замком, якія дзіця не адчыніць, і тросікі, што вытрымліваюць сотні кілаграм, і фіксатары-грабеньчыкі, якія замацоўваюць адчыненую шыбу ў пэўным становішчы і якім ні ў якім разе не дадуць рады дзіцячыя пальчыкі... Усё гэта, несумненна, каштуе грошай, і немалых. Але, калі знайшліся грошы на новае акно, няўжо не знойдзецца на бяспеку самага дарагога?

Зрэшты, увішнае малое, калі яму будзе карцець, пралезе ў любую шчыліну і адамкне любы замок. І галоўным ва ўсіх правілах і засцярогах было спрадвеку і застаецца такое, здавалася б, простае і зразумелае: іх нельга пакідаць адных! Нават на некалькі імгненняў. Гэты свет для малога чалавека — увесь патэнцыяльная небяспека (варта ўспомніць яшчэ адзін нядаўні выпадак, калі на Брэстчыне чатырохгадовы хлопчык утапіўся ў невялікай копанцы для палівання агароду: бабуля і бацька толькі на некалькі хвілін страцілі пільнасць, не заўважыўшы, куды малы пайшоў на падворку. А дзяўчынка з Магілёўшчыны, якая абварылася кіпнем фактычна на вачах у маці...). Усявышні не ўсім падстаўляе рукі, дый не павінен. Ён жа для нечага даў розум нам.

...У маёй сям'і наглядным дапаможнікам бяспекі для некалькіх пакаленняў стаў стары дубовы стол, дакладней дзірка на ім. Яе прапаліла ваша пакорная слуга, калі ў чатырохгадовым узросце вырашыла даведацца прынцып дзеяння вялікага кіпяцільніка, якім бабка грэла скаціне ваду. Дачакаўшыся, пакуль бабуля выйшла з хаты, уткнула прыладу ў разетку, паклала на стол і пачала чакаць, што будзе далей. Што было пасля — з памяці выпала, помню толькі, як бабуля, лямантуючы, цягнула мяне за ногі з самага далёкага кутка з-пад самага дальняга ложка...

Усе нашы маладыя матулі (дзякуй Богу, сям'я расце, нараджаюцца новыя дзеці) ведаюць гісторыю гэтага стала, я не стамляюся ім паўтараць яе зноў і зноў, як завучаны ўрок. Можа, менавіта дзеля гэтага бабуля тады хутка вярнулася ў хату?..

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Палёты наяве

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».