Вы тут

Хто здаваў ЦТ у рэзервовы дзень?


«Мне трэба было на экзамен ва ўніверсітэце, таму ў асноўны дзень на тэсціраванне прыйсці не змагла». Прыгажуню з Маладзечна Анастасію сустракаем ва ўнутраным дворыку БДУ. У рэзервовы дзень дзяўчына здае хімію. Студэнтка БДТУ вырашыла змяніць спецыяльнасць, таму сёлета зноў апынулася ў шэрагах абітурыентаў. Балы ЦТ па астатніх прадметах Насця не агучвае, але мяркуе, што шанцы паступіць на больш прывабны кірунак ёсць. У любым выпадку, нічога не страчвае.


Выпускнік сталічнай школы Генадзь спяшаецца на матэматыку. Адкласці напісанне тэстаў на апошні дзень высокаму шыракаплечаму хлопцу прыйшлося праз спартыўныя спаборніцтвы.

— Я ўдзельнічаў у чэмпіянаце Еўропы сярод моладзі па трыятлоне, — тлумачыць ён. — Як вынікі? Калі шчыра, так сабе выступіў. Сышоў з гонкі.

Гена думае паступаць у БНТУ, на спартыўна-тэхнічны факультэт. Будзе інжынерам на спартыўных аб'ектах.

На лавачках, як заўсёды, сядзяць і хвалююцца бацькі абітурыентаў. Мама Вольга прыехала падтрымаць сына, які цяпер піша ЦТ па рускай мове.

— Мінулым разам Мікіта не змог да канца тэсты парашаць. Перахваляваўся, страціў прытомнасць у аўдыторыі. Нам дазволілі пераздаць сёння.

Гэтым разам, упэўнена мама, усё атрымаецца. Усё ж такі за плячыма ўжо тэсціраванні па фізіцы і матэматыцы. З імі Мікіта справіўся даволі паспяхова. Калі руская мова не падвядзе, будзе спрабаваць прайсці на праграмаванне ў сябе, у Віцебску.

Усяго на рэзервовы дзень запісаліся 797 абітурыентаў. Здаць ЦТ можна было па ўсіх 15 прадметах. Рашаць тэсты ўчора дапусцілі толькі тых, хто быў папярэдне зарэгістраваны, але з аб'ектыўных прычын (дакументальна пацверджаных) не змог прыйсці ў асноўны дзень.

— Да ўважлівай прычыны адносіцца хвароба, удзел у міжнародных спаборніцтвах, — прыводзіць прыклад член рабочай групы Дзяржкамісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах Леанарда МАЛЕЦ. — Паколькі ўступныя выпрабаванні здаюць не толькі выпускнікі школ і гімназій, але і людзі, якія працуюць, іх адсутнасць можа быць абумоўлена вытворчай неабходнасцю: чалавек знаходзіўся ў камандзіроўцы. Ёсць і чыста тэхнічныя прычыны, напрыклад затрымаўся рэйс самалёта.

А вось абітурыентаў, якія не трапілі на іспыты ў асноўны дзень, бо не мелі з сабой пашпарта (захапілі, напрыклад, толькі яго копію ці пасведчанне кіроўцы), на пераздачу не пусцілі.

— У пастанове выразна прапісана, што толькі дакумент, які пацвярджае асобу, з'яўляецца падставай для пропуску ў аўдыторыю. Тое, што пашпарт быў на візе, таксама не лічыцца ўважлівай прычынай. Тэрміны правядзення ўступнай кампаніі вядомы даўно, таму трэба вызначацца, што важнейшае: паехаць адпачыць ці атрымліваць вышэйшую адукацыю. Выключэнняў не бывае, — катэгарычна сцвярджае Леанарда Малец.

Паглядзець, як праходзіць рэзервовы дзень тэсціравання, прыехала старшыня Дзяржкамісіі, намеснік прэм'ер-міністра Наталля КАЧАНАВА. «Хочам убачыць, ці папярэджваюць хлопцаў і дзяўчат чарговы раз, што нельга мець пры сабе ні шпаргалак, ні мабільных тэлефонаў», — заўважыла яна. Нагадаем, што сёлета за такія парушэнні з аўдыторый выдалілі 14 чалавек.

Віцэ-прэм'ер таксама паведаміла, што падчас правядзення тэсціравання ў рабочую групу дзяржкамісіі паступіў 21 зварот (5 пісьмовых і 16 вусных). У асноўным людзі хацелі пракансультавацца наконт рэгістрацыі на рэзервовы дзень. Калі задаволіць просьбу заяўнікаў было немагчыма, Дзяржкамісія падбірала альтэрнатыўныя варыянты для паступлення абітурыентаў у гэтым годзе. Напрыклад, прапаноўвала падаць дакументы ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, дзе набор адбываецца па конкурсе сярэдняга бала атэстата.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: У апошні вагон

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.