Вы тут

Лазерам па венах


Лячэнне варыкознай хваробы сёння — гэта мінімум умяшання і максімум эфекту, у чым карэспандэнты пераканаліся на свае вочы.

На змену класічнай аперацыі па выдаленні варыкозных вен праз разрэзы скуры, болю пасля аперацыі, працягламу знаходжанню ў стацыянары і працяглай рэабілітацыі прыйшлі лазерныя ўмяшанні, якія выконваюцца амбулаторна. Нам, журналістам, назіраць за такой працэдурай было цікава, а хворы, як той казаў, не паспеў нават напалохацца. Мужчына войкнуў, можа, толькі адзін раз, а ўвесь час на пытанні хірурга пра яго самаадчуванне гаварыў, што ўсё добра, яму «не баліць». Для такой аперацыі не патрабуецца агульнай або спінальнай анестэзіі, так што па завяршэнні маніпуляцый... пацыент ужо ішоў следам за хірургам у яго кабінет з такім настроем, нібы гэта была 20-хвілінная рэлаксацыя.


Хвораму выконвалася самае ашчаднае абязбольванне — каля вены, якую неабходна выключыць з крыватоку, уводзіўся спецыяльны анестэзуючы раствор, які стварае вакол яе своеасаблівы футляр, змяншае вену і адначасова абараняе навакольныя тканкі ад уздзеяння лазера.

— Па венах кроў цячэ ад канечнасцяў да сэрца, і паколькі гэта адбываецца супраць сілы цяжару, то крыві паднімацца цяжка. Прырода прадугледзела ёй у дапамогу важны механізм — клапаны, якія пускаюць порцыю крыві ўгору і закрываюцца, каб яна не апускалася ўніз, — тлумачыць перад аперацыяй хірург-флеболаг Медыцынскага лячэбна-кансультацыйнага цэнтра Sante, урач 1-й кваліфікацыйнай катэгорыі Павел ГАЎРЫН. — Аднак калі вена пашырана, то клапаны не змыкаюцца, кроў падае ўніз, а там на чарзе другая порцыя, і гэтая вымушана шукаць сабе нейкае месца. Так бы мовіць, «лішняя кроў» пастаянна знаходзіцца ў нагах. Хворы адчувае пры гэтым боль, цяжар, ацёкі, сутаргі. Застойны працэс непазбежна прагрэсуе, нарастае рызыка ўтварэння тромбаў. Фактычна ў любы момант тромб можа адарвацца і з токам крыві дасягнуць лёгкага, дзе заблакіруе сасуд. Гэта будзе тромбаэмбалія лёгачнай артэрыі і нават пагроза раптоўнай гібелі...

Аднак да таго часу, як адбудзецца катастрофа, лішак крыві ў венах паступова пачне пашкоджваць навакольныя тканкі — прасочвацца і насычаць іх, што чыста знешне заявіць пра сябе карычневымі плямамі на скуры. Калі зацягнуць з лячэннем вен да гэтага моманту, то пазбавіцца наступстваў ужо не ўдасца нават у выпадку правядзення далейшага хірургічнага лячэння вен. Калі ж і пасля з'яўлення плям мы не пойдзем да ўрача, а будзем прыкладваць зёлкі, тканкі разбурацца да трафічнай язвы. Сама па сабе яна фактычна не загойваецца, аднак калі вылечыць вены, то і язва зажыве даволі хутка.

На распрацаваным беларускімі спецыялістамі сайце phlebology.by можна падрабязна азнаёміцца з усімі прычынамі хваробы вен. Аднак калі коратка, то адзін з галоўных ініцыятараў разбурэння — жаночыя палавыя гармоны (таму паталогія ў 4-5 разоў часцей сустракаецца ў жанчын), якія аслабляюць вянозную сценку, робяць яе тонкай. Асноўнымі «вінаватымі» ў захворванні аб'яўляюцца цяжарнасць, роды, бескантрольнае ўжыванне кантрацэптываў, спадчыннасць, стаячая або сядзячая праца.

— Умацаваць вены дапамагае комплексны падыход, — тлумачыць Павел Юр'евіч. — На пачатковых этапах развіцця захворвання прызначаюцца найноўшыя лекавыя прэпараты на аснове мікранізаванай ачышчанай флаваноіднай фракцыі. Арыгінальны прэпарат дэтралекс вылучаецца вельмі высокай біядаступнасцю. Прымаць яго неабходна курсамі — двойчы на год. Нашэнне кампрэсійнага трыкатажу будзе ўздзейнічаць чыста механічна. А самым важным, што нам неабходна, будзе фізічная нагрузка. Сэрцу вельмі няпроста прапампаваць кроў на вялікую адлегласць. А калі мы пастаянна сядзім ці стаім, то яшчэ больш ускладняем яму задачу. Наша мышачна-вянозная помпа павінна працаваць, каб мышцы рухаліся і выпіхвалі кроў наверх. Усё гэта разам крыху запаволіць працэс. Аднак чым далей будзе развівацца захворванне, тым вышэйшай будзе рызыка тромбаўтварэння...

І яшчэ раз: варыкозная хвароба кансерватыўна не лечыцца! Лячэнне — толькі хірургічнае, аднак калі раней гэта быў траўматычны шлях, то сёння ёсць стацыянаразамяшчальныя методыкі.

Да іх ліку адносіцца, напрыклад, хімічны спосаб, або склератэрапія — увядзенне ў вену спецыяльнага прэпарата, які спыняе рух крыві ў вене. Пры правільным выкананні працэдуры гэта можна лічыць беражлівым і эфектыўным выдаленнем вены з працэсу руху крыві. Кроў жа будзе працягваць свой бег па іншых, здаровых венах. Аднак у склератэрапіі ёсць абмежаванні. Калі вена пашырылася ўжо больш за 6-7 мм (у норме яна — каля 4 мм), то прэпарат не дасягне мэты, а проста растворыцца. І тут на дапамогу прыходзіць так званая офісная хірургія — эндавенозная лазерная каагуляцыя, тэрмічны спосаб лячэння. У свеце існуюць і іншыя методыкі (уздзеянні клеем, парай, радыёчастотная абляцыя), але ў Беларусі яны пакуль не прымяняюцца. У любым выпадку эфект адзін і той жа. Не важна, якім спосабам мы будзем склейваць ці «запячатваць» вену, галоўнае, каб быў эфект.

— Як жа яго нам забяспечвае лазерная каагуляцыя?

— Робім пракол вены і ўводзім у яе радыяльны лазерны святлавод, — гэта, дарэчы, аднаразовы матэрыял, — тлумачыць ход аперацыі хірург. — Радыяльны свеціць не наперад, а па баках. Можна ўбачыць гэткі светлавы парасончык... Гэта прынцыповы момант, бо толькі такое асвятленне дазваляе запякаць пашкоджаную вену проста ювелірна і ў любым месцы. Тым самым мы пазбегнем і ўскладненняў, і рэцыдыву. Выдаляць толькі ўчасткі вен можна дзякуючы таму, што ўсе вены звязаны паміж сабой перфарантнымі венамі, і таму калі мы выдалілі частку, кроў спакойна пачынае бегчы па суседніх. Аднак лазер — палова справы. Аперацыйнае ўмяшанне павінна праходзіць пад ультрагукавым кантролем. Там, дзе гэтага няма, якасць лячэння істотна зніжаецца. Праз некалькі гадоў вянозная праблема вяртаецца і патрабуе ўжо не такога ашчаднага ўмяшання...

Дарэчы, для пастаноўкі дыягназу таксама праводзіцца ўльтрагукавое даследаванне, якое ў ідэале павінен выканаць не ўрач ультрагукавой дыягностыкі, а менавіта ўрач-хірург, які ўлічыць некаторыя асаблівасці правядзення абследавання. Яго трэба выконваць толькі ў становішчы стоячы, бо рэфлюкс крыві — адваротнае яе закіданне — не працуе, калі мы ляжым. Таму прыкладна з сотні чалавек з пашкоджанымі венамі ў сямідзесяці не будзе рэфлюксу на ўльтрагуку, калі выконваць яго лежачы. Толькі калі пацыент падчас даследавання будзе стаяць, можна ўбачыць і сапраўдны дыяметр вен (у становішчы лежачы яны на 30-40 працэнтаў меншыя), што, як гаварылася вышэй, важна для вызначэння спосабу лячэння.

Радыяльны святлавод і ўльтрагукавы апарат дазваляюць хірургу выдаліць менавіта хворыя ўчасткі вены з непрацоўнымі клапанамі. Нягледзячы на тое, што вен у нас шмат, лішніх, што называецца, няма. Флеболагі сёння атрымалі магчымасць улічыць, што калі-небудзь іх пацыенту можа спатрэбіцца і аперацыя на сэрцы, а для аортакаранарнага шунціравання якраз можа спатрэбіцца вена.

Месцы праколаў пасля аперацыі не зашываюцца, а заклейваюцца спецыяльнымі пластырамі, накладваецца асептычная павязка і надзяваецца эластычная панчоха. Праз паўгадзіны-гадзіну пацыент можа ісці дадому.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.