Вы тут

Ці ўмеюць маладзечанскія школьнікі сартаваць адходы?


Каб атрымаць адказ на гэтае пытанне, рэдакцыя часопіса «Родная прырода» завітала ў маладзечанскую бібліятэку сямейнага чытання «Верасок». Са школьнікамі першага, другога і трэцяга класаў гімназіі № 10 мы правялі гульню «Сартуем адходы»: такім спосабам прэзентавалі наш «часопіс у часопісе» для малых прыродазнаўцаў і эколагаў «Юны натураліст».


Сталы былі завалены розным смеццем: пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, старыя газеты і дыскі, томік мастацкай літаратуры, футболка, упакоўкі з-пад соку, касавыя чэкі. Мы падзялілі дзяцей на дзве каманды і прапанавалі ім раскласці смецце па кучках «шкло», «пластык», «папера», «змешаныя адходы», «небяспечныя адходы». Што тут пачалося! Некаторыя віды смецця дзеці вызначылі беспамылкова: ПЭТ-бутэлькі трапілі ў «пластык», старыя газеты — у «паперу». Але як быць з пратэрмінаванымі лекамі? Школьнікі вырашылі, што яны з'яўляюцца «небяспечнымі адходамі» і паклалі іх разам з адпрацаванымі батарэйкамі. Пасля нехта з дзяцей заўважыў, што абгортка таблетак зроблена з пластыку. Значыць, месца ім у адным кантэйнеры з ПЭТ-бутэлькамі. Давялося адкрыць праўду: самі таблеткі трэба змяльчыць і змыць у каналізацыю, а ўпакоўку кінуць у кантэйнер у залежнасці ад матэрыялу, з якога яна зроблена. Дарэчы, дыскі чамусьці таксама трапілі да «небяспечных» адходаў.

Дзяўчаты расказалі пра небяспеку адпрацаваных лямпачак і батарэек. Між іншым, не так даўно Маладзечна з'явіўся і на «Зялёнай карце» (greenmap.by), якая падкажа, дзе ў вашым горадзе можна здаць розныя віды адходаў.

Пакецік ад соку апынуўся ў кантэйнеры для паперы, хоць упакоўку тэтрапак вырабляюць з кардону, алюмінію і фольгі. Пакуль што іх выкідваюць разам з агульным смеццем. Чэкі спярша трапілі да папяровых адходаў. Падумаўшы, дзеці выказалі версію, што яны зроблены з незвычайнай паперы. Сапраўды, папера для касавых чэкаў месціць у сабе таксічнае рэчыва — бісфенол А, таму яе нельга аддаваць на перапрацоўку разам з адходамі паперы.

Зрабіўшы работу над памылкамі, мы яшчэ раз паглядзелі на гару смецця. Заданне змянілася: школьнікі прыдумвалі, як прадоўжыць жыццё рэчаў. Аказалася, што кніжку можна падарыць сябру, а не здаваць у макулатуру. Падарункавы пакет быў у добрым стане і мог саслужыць службу яшчэ раз. У спісанай асадцы варта проста замяніць стрыжань.

Нагадаем, што цягам канікул рэдакцыя часопіса «Родная прырода» праводзіць акцыю «Лета юнага эколага» — нашы адукацыйныя экалагічныя майстар-класы пройдуць у дзіцячых аздараўленчых лагерах.

Марына ШЫПУЛЬКА

Загаловак у газеце: Практычныя ўрокі па экалогіі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.