Вы тут

Звяры жывуць на... грашах


Выява чалавека на грашовым банкноце і манеце — сведчанне яго значнасці для жыцця краіны ў пэўны перыяд гісторыі. Але не толькі партрэты палітыкаў, вучоных, пісьменнікаў змяшчаюць на грашах. Нярэдка на іх можна ўбачыць сланоў, тыграў, мядзведзяў, баброў і нават маленечкіх малпаў. Аб тым, калі ў манетнай чаканцы з'явіўся падобны трэнд, каго са звярынага царства найчасцей малююць на грашах, расказаў Усевалад ЮРГЕНСОН, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


Ад дэльфінаў да мурашоў

— Першыя манеты на тэрыторыі нашай краіны з'явіліся яшчэ ў раннім Сярэднявеччы, — пачынае лікбез суразмоўца. — Яны былі рымскага паходжання, чаканкі І—ІІІ вякоў нашай эры. Выкарыстоўваліся пераважна як каштоўны матэрыял для ювелірных вырабаў. Менавіта для гандлёвага абарачэння ў нас пачалі ўводзіць сярэбраныя дырхемы, арабскія грошы. Чаму ў нас былі запатрабаваныя манеты з Усходу? У Арабскага халіфата былі багатыя радовішчы серабра. Акрамя таго, у арабаў добра развіваўся гандаль, вытворчасць, і дырхемы распаўсюдзіліся па ўсёй Усходняй Еўропе, Скандынавіі. У Х—ХІ стагоддзях у халіфаце пачалі вычэрпвацца руднікі, настала палітычнае бязладдзе. У выніку ў нас увайшлі ў абарачэнне еўрапейскія манеты. Што да папяровых грошай, яны ўзніклі ў Кітаі ў ХІІІ стагоддзі. У Еўропе з'явіліся праз чатыры стагоддзі, у Швецыі.

— А ці праўда, што раней замест грошай выкарыстоўвалі жывёльныя шкуркі?

— Падобная гіпотэза існуе, але яна цалкам не пацверджана. Напэўна, дзесьці іх сапраўды выкарыстоўвалі. Магчыма, гэта былі шкуркі вавёркі, собаля, але ў гандлёвых адносінах на тэрыторыі сучаснай Беларусі найчасцей выкарыстоўвалі прасніцы і зліткі.

— Калі ўпершыню на манетах пачалі з'яўляцца выявы звяроў?

— Яшчэ ў Антычнасці. У старажытнай Грэцыі вельмі часта на манетах адлюстроўвалі львоў, дэльфінаў, розных птушак. Падобнае было звязана з міфалогіяй. І гэта былі не столькі выявы прадстаўнікоў фаўны, колькі сімвалы, якія ўвасаблялі багоў, полісы. Такі сімвалізм быў характэрны ажно да ХІХ стагоддзя. Аднак нават у ХХ, напрыклад у Бельгіі, выпускалі банкноты з ільвамі. Усе ведаюць, што львы там не жывуць. Гэта такі геральдычны сімвал, які азначае моц і высакароднасць.

— Цікава, а якіх звяроў найчасцей адлюстроўвалі на манетах і банкнотах?

— У ХVІІІ стагоддзі на адным з наміналаў кантынентальных долараў ЗША можна было ўбачыць дзіка. Пасля на грашах пачалі з'яўляцца козы, каровы, ягуары, пумы. У ХХ стагоддзі тэма звяроў на грашах стала вельмі запатрабаванай. У Шры-Ланцы, напрыклад, на іх змяшчалі вобразы тыграў, сланоў, у Казахстане — снежнага барса, у Джыбуці — антылопаў, у Эфіопіі — леапардаў, ільвоў, сланоў, у Індыі — тыграў. І пры каралю, і пры камуністах актыўна адлюстроўваюць звяроў на грашовых адзінках у Непале. У Еўропе гэтая тэма не надта запатрабаваная. Хоць на бельгійскай купюры ў 5 тысяч франкаў, якая была ў абарачэнні з 1982 па 1992 год, адлюстравалі страказу. Дацкая серыя грошай 1972 года таксама была прысвечана фаўне. І калі ў нас вавёрачка ўпрыгожвала самую дробную купюру ў 50 капеек, у іх — самую буйную ў тысячу крон. У 1977 годзе на 100 нідэрландскіх гульдэнах з'явіўся бакас. На 50 швейцарскіх франках, выпушчаных у 1978 годзе, ёсць выява савы. Годам раней швейцарцы выпусцілі купюру (1000 франкаў) з партрэтам неўрапатолага Агюста Фарэля і выявай мурашоў.

Фарэрскія астравы хоць і належаць Даніі, але маюць сваю валюту. І сучасная серыя фарэрскіх крон таксама прысвечана звярам. Сярод тых, што былі ў абарачэнні, мне вельмі падабаецца манета ў 100 бразільскіх крузэйра з грывастым ваўком. У Харватыі зверы ёсць толькі на манетах. Дарэчы, грашовая адзінка ў гэтай краіне завецца кунай. Але назва неабавязкова пайшла ад куніцы, якую харваты сімвалічна размяшчаюць на манеце. Назва таксама можа паходзіць ад лацінскага слова «кунас», якое перакладаецца як каваны. Сёння звяры «захаваліся» пераважна на папяровых банкнотах. Пры гэтым яшчэ нядаўна, да ўвядзення еўра, яны прысутнічалі на славенскіх манетах.

— Атрымліваецца, што звяроў малююць на грашах паўсюдна і на ўсіх кантынентах.

— Так, але гэтая мода ў Еўропе пакрысе знікае. Такі бум, хутчэй за ўсё, больш адчуваўся ў 70-90-х гадах мінулага стагоддзя, калі даволі актыўна пачалі абмяркоўваць экалагічныя праблемы. А пасля, калі з'явіўся еўра, на грашах стала дамінаваць архітэктурная тэматыка. Пры гэтым фаўна вельмі запатрабавана ў калекцыйных манетах і вельмі добра рэалізуецца сярод калекцыянераў.

Пераблыталі барыбала з бурым мядзведзем

— Якія манеты падобнага кшталту найбольш рэдкія?

— Антычныя. Яны вельмі дарагія. Некаторыя з іх могуць каштаваць дзясяткі тысяч долараў. Праўда, за некаторыя з іх можна заплаціць і ў дзесяць разоў менш. Звычайны кошт на аўкцыёнах — 100—200 долараў.

— Ці сустракаюцца на манетах з выявамі звяроў памылкі?

— Безумоўна. Рабілі іх і ў нашай краіне. Самая вядомая зроблена на 50-рублёўках, выпушчаных у 1992 годзе. На іх замест бурага мядзведзя змясцілі барыбала, які ніколі не насяляў нашы лясы, а пражывае ў Паўночнай Амерыцы. Відаць, пераблыталі.

— Але як так атрымалася?!

— Серыю рабілі наўздагад, спяшаліся. На рублёвай купюры, напрыклад, з'явіўся заяц, выява якога раней друкавалася ў адной з энцыклапедый, а пасля і на савецкай паштовай марцы. Як разумею, дзе ўбачылі малюнак, адтуль яго і запазычылі.

— 24 гады таму ў Беларусі ўпершыню змясцілі звяроў на грашах. Якая была перадгісторыя?

— Узорам для іх стала даволі добрая з дызайнерскага пункту гледжання літоўская серыя, выпушчаная ў 1991 годзе. Праз год у нас з'явіліся свае грошы. Для купюр выбралі, напэўна, самых распаўсюджаных і вядомых звяроў краіны: вавёрку, зайца, бабра, ваўка, рысь, купюра з якой мне падаецца найбольш удалай, няшчаснага бурага мядзведзя і зубра. Старублёўка з зубрам, дарэчы, стала сярод іх доўгажыхаром і выйшла з абарачэння толькі вясной 1999 года. Серыю маглі працягнуць, але вырашылі спыніцца на архітэктуры. Памятаю, у маёй школе нават хадзіў наступны жарт: «У беларускіх лясах водзіцца шмат звяроў. Ад вавёркі да вакзала». Рэч у тым, што на двухсотцы была якраз змешчана мінская Прывакзальная плошча.

— Дзякуючы выявам звяроў, нашы грошы пачалі называць «вавёркамі» і «зайчыкамі». А ці ёсць іншыя падобныя прыклады ў гісторыі?

— Так, і я ведаю выпадак, зацверджаны афіцыйна. У Гватэмале грашовай адзінкай з'яўляецца кетцаль, якая атрымала сваю назву ў гонар нацыянальнай птушкі. Яна таксама адлюстроўвалася і на манетах, і на даўнейшых банкнотах.

— Якая з беларускіх купюр найбольш цэніцца сярод нумізматаў?

— Усе яны не вельмі дарагія. Самая каштоўная з усіх нашых банкнот — 5-тысячная купюра 2000 года серыі АГ з выявай «Раўбічаў» і Палаца спорту. Грошы гэтай серыі былі надрукаваны ў невялікай колькасці. Ведаю, што адзін такі банкнот нават у падраным выглядзе прадалі за некалькі тысяч долараў. Калекцыянераў цікавяць пераважна рэдкія серыі ў вельмі добрым стане. Многія, дарэчы, палююць на 50-капеечную серыю. Як вядома, серыя выстаўлялася на грашах наміналам ад рубля і вышэй, але ёсць неправераная інфармацыя, што з нумаратарам надрукавалі і 50-капеечнік. Ужывую такія банкноты ніхто не бачыў. Аднак, калі яны насамрэч існуюць, будуць каштаваць вельмі дорага.

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».