Вы тут

Як новыя паслугі палягчаюць жыццё сем'ям з дзецьмі-інвалідамі


«Мы даём бацькам магчымасць заняцца сабой. З'ездзіць на мора, аздаравіцца ў санаторыі. Ці проста выспацца». Паслугу сацыяльнай перадышкі ўвялі некалькі гадоў таму для сем'яў, якія выхоўваюць інвалідаў. На 28 дзён у годзе бацькі могуць пакінуць асаблівае дзіця пад апеку спецыялістаў, а самі ў гэты час адпачыць ці вырашыць свае праблемы. Мы пабывалі ў некалькіх інтэрнатах, каб паглядзець, наколькі запатрабавана гэтая паслуга сёння.


Любая прычына ўважлівая

У доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Навінках летась на сацыяльнай перадышцы былі пяць чалавек. На гэта лета заявы напісалі ўжо чатыры сям'і.

— У некаторых бацькоў ёсць боязь, бо гэта дзеці, якія, акрамя як у бальніцу разам з мамай, ніколі нікуды не выязджалі з дому, — кажа дырэктар установы Валерый СЯЎЦОЎ. — Гэта нармальная з'ява. Любыя бацькі будуць перажываць: як там дзіця без іх? Таму мы прапануем пачынаць з дзённага знаходжання. А потым, калі бацькі ўпэўняцца, што догляд тут на ўзроўні, яны могуць рашыцца на сацыяльную перадышку.

Паслуга платная, але сума невялікая. За месяц, што дзіця кругласутачна знаходзіцца ў інтэрнаце, бацькі аддаюць каля 110 рублёў. Па сутнасці, плацяць толькі за харчаванне. Выдаткі на астатнія паслугі — догляд, медыцынскую дапамогу — кампенсуе дзяржава. Для параўнання: месячная пуцёўка ў аздараўленчы лагер на чалавека каштуе 600 рублёў.

Малыя на сацыяльнай перадышцы могуць наведваць розныя творчыя майстэрні: ляпіць гліняныя фігуркі, вышываць, валіць з воўны. Стандартны набор гурткоў, накіраваных на развіццё дробнай маторыкі.

Адначасова інтэрнат можа прыняць на сацыяльную перадышку пяць чалавек.

— Мы не пытаемся, чаму сям'я вырашыла скарыстацца гэтай паслугай. Любая прычына з'яўляецца ўважлівай. Бацькі ўвесь час прывязаны да дзіця, абмяжоўваюць сябе ў нечым. Прынамсі гэтыя 28 дзён яны могуць прысвяціць сабе, — заўважае Валерый Генадзевіч.

Садок для дарослых

Мінскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат №4, які разлічаны на маладых інвалідаў, з мінулага года таксама прадастаўляе сацыяльную перадышку. Але, па словах дырэктара Алены ПАНЧАНКІ, у іх гэта паслуга непапулярная. А вось на пражыванне ў аддзяленне дзённага знаходжання просяцца часта.

— Там няма абмежавання па днях, — тлумачыць Алена Міхайлаўна. — Дзіця (у інтэрнаце хоць і пражывае катэгорыя 18+, для супрацоўнікаў яны ўсё роўна дзеці. — Аўт.) можна пакінуць на ўвесь рабочы дзень, з 8 да 18 гадзін.

Месяц каштуе каля 70 рублёў. Зноў жа бацькі аплачваюць толькі харчаванне (сняданак, абед і падвячорак), хоць дзеці атрымліваюць паўнацэнны догляд.

Маладыя людзі адчуваюць сябе ў аддзяленні дастаткова камфортна: пакуль ніводнай адмовы няма. Спачатку рабілі пробнае наведванне, тыдзень-два бацькі глядзелі, як пройдзе адаптацыя. У інтэрнаце заўважаюць: людзі з псіхічнымі асаблівасцямі цяжка прывыкаюць да новага асяродку. Першыя пару дзён і шторы зрывалі з карнізаў, і шкло білі, і адзенне рвалі. Як і ў дзіцячым садку: малога прыводзіш, ён устройвае істэрыку.

Вялікі плюс для саміх маладых людзей — тое, што яны не сядзяць дома. Тут яны кантактуюць з аднагодкамі, займаюцца фізкультурай. Пры інтэрнаце адкрыты майстэрня жывапісу, швейны гурток, кабінет дамаводства.

Цяпер аддзяленне наведваюць тры хлопцы і дзве дзяўчыны. Максімум, які можа прыняць інтэрнат на дзённае знаходжанне, — 12 чалавек.

— Нашы плошчы дазволілі адкрыць два пакоі для дзяўчат і толькі адзін — для хлопцаў. Хоць апошніх просяць прыняць часцей. У нас сітуацыя з мужчынскім псіхічным здароўем больш складаная, — прызнаецца дырэктар.

Пад наглядам спецыялістаў

Мама Святлана — адна з тых, хто карыстаецца паслугамі аддзялення дзённага знаходжання пры інтэрнаце. Возіць туды 22-гадовага сына Кірыла.

— Дагэтуль мы наведвалі карэкцыйны цэнтр у раёне. А потым аказалася, што нас нідзе не могуць узяць. У тэрытарыяльных цэнтрах, дзе працуюць аддзяленні дзённага знаходжання, ёсць пэўныя абмежаванні па медыцынскіх супрацьпаказаннях. Практычна любы выпускнік ЦКРАіРа падпадае пад іх, — у той момант Святлане, якая выхоўвае сына з глыбокай разумовай адсталасцю, сітуацыя здавалася бязвыхаднай.

Сядзець з Кірылам дома было складана. «Разумееце, ён у мяне здаровы двухметровы хлопец. Яму трэба кудысьці дзяваць сваю энергію. У кватэры сын канапы рухаў, граміў усё».

У аддзеленні пры інтэрнаце да цяжкіх дзяцей былі гатовы.

— Там добрыя ўмовы менавіта для такіх людзей, — заўважае жанчына. — Кірыл сустракаецца з сябрамі, ходзіць на прагулку. І галоўнае, што ў інтэрнаце ёсць медыкі. У тым жа тэрытарыяльным цэнтры — толькі сацыяльныя работнікі.

Святлана прызнаецца: для мам дзяцей-інвалідаў такія паслугі — значная падтрымка. Асабліва для тых, каму трэба працаваць. Праўда, сама жанчына на работу выйсці не можа. Пакуль старэйшы сын пад наглядам спецыялістаў, Святлана займаецца дома з малодшым. У 16-гадовага хлопца той жа дыягназ...

Дзяцей-інвалідаў прыводзяць у аддзяленне не таму, што хочуць перакласці клопаты на чужыя плечы, заўважае Алена Панчанка.

— Ніколі ад добрага жыцця бацькі сваё дзіця ў дзяржаўную ўстанову не аддадуць. Гэта або фінансавыя праблемы ў сям'і, або агрэсіўныя паводзіны інваліда. Ці маладыя людзі не могуць сябе самастойна абслугоўваць. Да нас трапляюць цяжкія дзеці, якіх трэба пастаянна даглядаць. Сачыць, каб да разетак не лезлі, хаваць нажы і відэльцы пад замок. І бабулі не заўсёды могуць такі догляд забяспечыць.

Афіцыйна

Паслуга сацыяльнай перадышкі аказваецца з 2013 года і даступная жыхарам усіх рэгіёнаў краіны. За гэты перыяд яе атрымалі больш за 200 сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Сярэдні кошт паслугі складае 120-150 рублёў у месяц.

— Пры гэтым сям'я, адпраўляючы сына ці дачку на час у інтэрнат, не пазбаўляецца мер сацыяльнай падтрымкі (пенсіі, дапамогі па доглядзе за малым-інвалідам) і іншых ільгот, якія ёй належаць па заканадаўстве, — адзначае начальнік упраўлення стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання і капітальнага будаўніцтва Мінпрацы і сацабароны Марыя ГАРБАЦЭВІЧ.

З 2013 года развіваюцца і іншыя новыя паслугі: сацыяльны патранат, дапамога нянькі і сядзелкі.

— Актыўна ўкараняецца суправаджальнае пражыванне, — дадае Марыя Гарбацэвіч. — Гэта садзейнічанне інвалідам у адаптацыі да ўмоў быту і працы, падрыхтоўцы да самастойнага жыцця па-за межамі стацыянарных устаноў. Цяпер у аддзяленнях суправаджальнага пражывання інтэрнатаў сацыялізуецца больш за паўтары тысячы маладых людзей.

Апроч гэтага, пры тэрытарыяльных цэнтрах краіны дзейнічаюць 153 аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў. Іх наведвае каля чатырох тысяч чалавек. Хлопцы і дзяўчаты ўзнаўляюць там навыкі самаабслугоўвання, займаюцца ў рабочых і творчых майстэрнях.

Наталля Лубнеўская

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Перадышка для ўсіх

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.