Вы тут

«Адна зямля» спявае ва ўнісон


Рэгіянальны фестываль нацыянальнага значэння.

Сем раёнаў, 43 удзельнікі ў чатырох узроставых групах, 20 узнагарод і сем гадзін музыкі і песень. Непараўнальнае асабістае выкананне, яскравыя тэмпераменты, творчая натхнёнасць і мора ўражанняў. Усё гэта — пра самабытны рэгіянальны фестываль-конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні «Адна зямля», які сёлета амаль дзень у дзень супаў са святкаваннем Дня Незалежнасці, і адгрымеў 18-ы раз. Магчыма, з гэтай нагоды ён стаў асабліва натхняльным і каларытным і выклікаў думку, што, пэўна, наспеў час уключыць музычнае свята з гістарычным падтэкстам у шэраг нацыянальных фестываляў.


Хвіліна маўчання падчас урачыстага мітынга, прысвечанага Дню незалежнасці Беларусі, які распачаў праграму святочных мерапрыемтсваў на Астравеччыне.

Гістарычныя межы самадзейнага мастацтва

Конкурс праводзіцца па чарзе ў адным з раёнаў Беларускага Павілля: Смаргонскім, Ашмянскім, Астравецкім рэгіёнах Гродзенскай вобласці і Маладзечанскім, Вілейскім, Мядзельскім — Мінскай, а таксама на Валожыншчыне. Гістарычна ўсе гэтыя мясціны ўваходзілі некалі ў былую Маладзечанскую вобласць — адсюль і сімвалізм назвы конкурсу «Адна зямля», якая адначасова з'яўляецца і яго культурным брэндам. Выканаўцы — жыхары гэтых мясцін — сваімі выступленнямі нібы дэманструюць гэтую повязь гістарычнай акрэсленасці тэрыторыі з сучаснай мастацкай каштоўнасцю фестывалю.

Летась эстафету свята ад Ашмяншчыны атрымаў Астравец.

Драўляная “Казка з лесу” Астравецкага аддзела рамёстваў.

— Мы хацелі стварыць свята для людзей, каб гледачы іншымі вачыма паглядзелі на нашу эстраду, каб зразумелі, што гэта не проста «папса», а сапраўдная самабытная творчасць у выкананні таленавітых людзей, якія любяць і шануюць сваю краіну, — дзеліцца думкамі Наталля СЕНЮЦЬ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама. — Можна сказаць, што адзначаць Дзень Незалежнасці мы пачалі напярэдадні афіцыйнай даты і правялі свята ў двайным маштабе.

— Акрамя культурнага і мастацкага складнікаў, фестываль «Адна зямля» важны сваёй гістарычнай акрэсленасцю. Цудоўна, што сёлета ён супадае са святкаваннем Дня Незалежнасці. Усё гэта разам сталася цудоўным падарункам для жыхароў нашага раёна, сярод якіх яшчэ ёсць тыя, хто памятае пра існаванне Маладзечанскай вобласці, — падкрэсліў Віктар СВІЛА, намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама.

Галасы маладых

З кожным годам свята выклікае ўсё большую цікавасць не толькі мясцовых жыхароў, а і аматараў культуры з усяе краіны. Ужо трэці раз на «Адну зямлю» прыязджаюць артысты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра на чале з яго кіраўніком — Міхаілам Фінбергам.

Некаторыя нумары маладых выканаўцаў суправаджаліся падтанцоўкай.

— Фестываль «Адна зямля» дастойна прадстаўляе агульную нацыянальную культуру Беларусі. Гэта вельмі цікавае, своеасаблівае і непаўторнае свята, якое вельмі арганічна і важка дапаўняе ўсе мерапрыемствы, што адбываюцца ў Год культуры ў нашай краіне, — акрэсліў Іван ГАЛАБУРДА, спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры, старшыня журы конкурсу. — Маладзёжныя фестывалі карыстаюцца вялікім попытам, і трэба даць маладым талентам магчымасць рэалізоўваць свой патэнцыял, ахарактарызаваць які словам «вялікі» мала — ён велізарны. Ужо вядуцца перамовы, каб уключыць «Адну зямлю» ў шэраг рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў.

Сёлета ўпершыню пашырылі межы ўзросту артыстаў. Раней у ім удзельнічала моладзь ад 9-гадовага ўзросту да 31 года. Сёлета на правах арганізатара Астравецкі райвыканкам апусціў ніжнюю мяжу да васьмі гадоў спецыяльна, каб мог выступіць самы малодшы ўдзельнік Раман ВІТКЕВІЧ з Астравецкага раёна, які ў выніку атрымаў спецыяльны прыз газеты «Астравецкая праўда».

Галоўны пераможца сёлетняга конкурсу Павел ДАНІЛАЎ з Маладзечаншчыны.

Дэмакратычная і прывабная

Кожны выканаўца падбіраў у рэпертуар на першы выхад твор на беларускай мове або напісаны айчынным аўтарам, а на другі — любую кампазіцыю належнага ўзроўню на свой густ, у тым ліку замежныя або ўласнага складання. Такі падыход добра падкрэслівае думка міністра культуры Барыса Святлова, які ў прывітальным адрасе да ўдзельнікаў зазначыў, што «Эстрада — дэмакратычнае і прывабнае для людзей усіх узростаў мастацтва, якое робіць неацэнны ўнёсак у захаванне і развіццё нацыянальнай і мастацкай культуры».

Са сцэны прагучалі творы на беларускай, рускай і англійскай мовах. Ледзьве не кожнае выступленне станавілася асобным нумарам, які можна смела ўключаць у любую канцэртную праграму. Было сольнае і калектыўнае выкананне, якое суправаджалася танцамі і цудоўнай музыкай. Адна з удзельніц, Ксенія КІМСА (Астравецкі раён) выступіла нават без музычнага акампанементу.

Наталля СЕНЮЦЬ, начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама перадае своеасаблівую эстафетную палачку фестывалю – глобус “Адна зямля” – Галіне КРАЦЯНОК, дырэктару Смаргонскага цэнтра культуры.

Фестываль «Адна зямля» можна назваць своеасаблівай кузняй творчых талентаў. Імёны шмат каго з уладальнікаў галоўнай узнагароды фестывалю — Гран-пры — сталі вядомы ў краіне. Напрыклад, Артур Міхайлаў стаў салістам ансамбля «Песняры», а Аляксандр Салаўёў працуе ў аркестры Міхаіла Фінберга.

Наступным годам «Адна зямля» загучыць на Смаргоншчыне.

sіdarok@zvіazda.by

Фота аўтара і Івана Дзятловіча.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.