Вы тут

У Нарачы адкрыецца новая школа на 510 месцаў


Новыя магчымасці для вучняў і настаўнікаў.

Да новага навучальнага года ў курортным пасёлку Нарач Мядзельскага раёна адкрыецца новая школа на 510 вучняў. Навучальная ўстанова такога кшталту першая на Міншчыне.


Кожны дзень да новабудоўлі збягаецца мясцовая дзетвара, за высокую агароджу іх не пускаюць — небяспечна. Але дзеці здалёк назіраюць за работай будаўнікоў. Малым цікава, як мяняецца аб'ект, што тут з'яўляецца новага.

Падыходжу да купкі дзяўчынак.

— Вельмі задаволеныя, што будзем тут вучыцца, — кажа смялейшая з іх Ясенія Шчыглова. — У новай школе будзе ўсё новае, сучаснае. І наўрад ці там нехта нешта можа зламаць, усё будуць адсочваць відэакамеры. А гэта яшчэ і бяспечна для нас, вучняў.

— Тут будуць вучыцца дзеці з 1 па 11 класы ў адну змену. Пачаткоўцы размесцяцца на першым і другім паверхах. Для першакласнікаў абсталюем асобны блок, што для малых асабліва зручна. Праектам прадугледжана спартыўная зала плошчай 540 квадратных метраў з пляцоўкамі для заняткаў рознымі відамі спорту, абсталяваннем, інвентаром, а таксама трэнажорная зала амаль на 100 квадратаў. Будзе і актавая зала на 152 месцы з сучасным аснашчэннем, сцэнай. Раней мы сутыкаліся з праблемай пазакласнай, пазаўрочнай работы, паколькі спартзала выкарыстоўвалася як актавая, канферэнц-зала, для правядзення ўсіх масавых мерапрыемстваў, гуртковай работы. Ды і сама школа, узведзеная ў 1978 годзе, разлічана на 200 вучняў. Займалася ж у ёй больш як 300 дзяцей. Зразумела, было цеснавата, вымушаны былі вучыцца ў дзве змены, — расказаў дырэктар школы №2 Генадзь Крыштафовіч.

Акрамя таго, у новым будынку размесцяцца сучасныя кабінеты інфарматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, майстэрні тэхнічнай абслуговай працы для дзяўчынак і хлопчыкаў. Уразіць любога і спартыўная вонкавая зона: вялікі стадыён, пляцоўкі як для навучальнага працэсу, так і пазакласнай работы: геаграфічная, па вывучэнні правіл дарожнага руху. Прычым, пры іх уладкаванні часткова выкарыстана сучаснае пакрыццё на аснове гумавай крошкі, у спалучэнні з газонамі, тратуарнай пліткай, асфальтам.

За аснову ўзяты праект, што рэалізаваны ў Астраўцы Гродзенскай вобласці. Але на Міншчыне яго цалкам адаптавалі да мясцовых умоў, да ўжо існуючай інжынернай інфраструктуры: водаправодных, электрычных, каналізацыйных, ацяпляльных сетак. Усё гэта дазволіла патанніць кошт будаўніцтва. Гэты праект максімальна просты, без нейкіх празмернасцяў, лішкаў. Але прадугледжвае ўсё неабходнае, каб якасна арганізаваць навучальна-выхаваўчы працэс у адну змену.

Дзяржаўнай праграмай развіцця Нарачанскага краю на 2011—2015 гады меркавалася да аднаго з карпусоў старой школы, што ў цэнтры, зрабіць прыбудову. Але пасля дэтальнага аналізу сітуацыі было вырашана, што больш разумна пабудаваць школу ў новым мікрараёне «Аэрапорт». Менавіта там, за кальцавой дарогай у асноўным узводзіцца жыллё. Тут сканцэнтравана 85% дзяцей. У той час як у цэнтры пасёлка 10-15%.

Дадам, што новая школа не толькі функцыянальная, але і перспектыўная. Курортны пасёлак Нарач багаты на турыстычныя аб'екты, шматлікія здраўніцы, санаторыі, дамы і базы адпачынку, пансіянаты. Натуральна, што ў іх працуе шмат моладзі, насельніцтва так званага роўнага ўзросту — ёсць такі тэрмін. І населены пункт з кожным годам будзе прырастаць людзьмі, якія будуць ствараць сем'і, нараджаць дзяцей.

— Сёння маладыя сем'і абзаводзяцца і другім, і трэцім дзіцем, і мы адчуваем гэта. А населены пункт, як ведаем, не памірае, пакуль тут ёсць школа, — выказвае задаволенасць Генадзь Крыштафовіч.

— Школа будуецца, так бы мовіць, з запасам?

— Так. І ў перспектыве тут хопіць месца ўсім, — упэўнены суразмоўца.

З раніцы дапазна на пляцоўцы кіпіць работа. Кожны, як салдат, на сваім участку. Адны тынкуюць сцены, іншыя кладуць плітку ў харчовым блоку, санвузлах, манціруюць электраправодку і вентыляцыю. Паралельна вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі. Генеральным падрадчыкам выступае Мядзельскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм, субпадрадчык — Барысаўскі будтрэст №21.

— Да канца жніўня справіцеся? — пацікавілася ў аднаго з будаўнікоў.

— Разлічваем на тое. Ступень гатоўнасці даволі нядрэнная, — адказвае ён.

— Узвядзенне аб'екта пад пільнай увагай мясцовай улады. Кожную пятніцу тут праводзяцца планёркі з удзелам старшыні райвыканкама, штодня наведваюцца прадстаўнікі ўпраўлення капітальнага будаўніцтва. І мы бачым, што будаўнікі ў асноўным не выбіваюцца з графіка, — дадае Генадзь Віктаравіч.

— А хто будзе працаваць у новай школе?

— Сюды пяройдуць педагогі, тэхнічныя работнікі з папярэдняй установы адукацыі. Будзем рады і маладым спецыялістам, што прыедуць у раён па размеркаванні. Дадатковыя кадры не спатрэбяцца. Магчыма, толькі ў тым выпадку, калі хтосьці пойдзе на пенсію або ў дэкрэтны адпачынак, — упэўнены ён.

У тэму

Падчас абласнога сходу ўдзельнікаў Усебеларускага народнага сходу старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра нагадаў, што за наступныя пяць гадоў у цэнтральным рэгіёне плануецца пабудаваць чатыры школы: у Барысаве і Бараўлянах. Запланавана таксама ўзвесці 11 дзіцячых дашкольных устаноў.

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Населены пункт не памірае, пакуль тут ёсць школа

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.