Вы тут

Як мінчане сустрэлі дэнамінацыю


Учора ў краіне пачалі дзейнічаць новыя грошы. Замест тысяч цяпер — рублі і капейкі. Але старымі купюрамі таксама можна карыстацца: крамы і рынкі будуць прымаць іх да канца снежня. Ёсць час прывыкнуць да цэннікаў без нулёў... Як прадаўцы рыхтаваліся да дэнамінацыі, ці арыентуюцца людзі ў новых цэнах і чаму пакуль лепш мець пры сабе старыя тысячы, чытайце ў нашым рэпартажы.


Рэшта капейкамі

Напярэдадні Нацбанк і Мінгандлю запэўнілі: крамы 1 ліпеня будуць працаваць у штатным рэжыме і ўжо гадзін з 10 раніцы пакупнікі змогуць разлічвацца карткамі. Але па факце адкрыліся не ўсе. «1, 2, 3 ліпеня аб'ект не будзе працаваць з тэхнічных прычын», — вісіць аб'ява на зачыненых дзвярах крамы жаночай бялізны, што ў цэнтры Мінска.

Іншыя адразу просяць у пастаянных пакупнікоў прабачэння: дысконтныя карткі ў пятніцу не працуюць. Патрэбны час, каб пералічыць назапашаныя бонусы.

Некаторыя прадаўцы заканчваюць апошнія прыгатаванні. У невялічкай краме бытавой хіміі раніцу пятніцы супрацоўнікі сустракаюць з нажніцамі ў руках: выразаюць новыя цэннікі. Да справы прыцягнулі нават ахоўніка — малады хлопец хутка спраўляецца з жоўтымі паперкамі. Пластыкавыя карткі прадаўцы прымаюць без пытанняў, але аб'ява побач з касай папярэджвае, што да 4 ліпеня магчымы збоі ў сістэме.

Работнікі «Цэнтральнай кнігарні» дэнамінацыю сустракалі спакойна. Дзяжурыць у начную змену нікому не прыйшлося, адкрыліся па графіку. Прадаўцы кнігарні да новых грошай гатовыя. Лекцыі праслухалі, памяткі вывучылі. Праўда, манет і хрусткіх рублёў у касах яшчэ няма. Чакаюць, калі прынясуць пакупнікі.

А вось ГУМ капеечкі замовіў у банка загадзя. Прадаўцы разразаюць цэлафанавыя пакецікі і высыпаюць бліскучыя манеты на прылавак. На кожную касу памянялі па 3,5 мільёна (у пераліку на цяперашнія рублі — гэта 350), каб ужо з першага дня дэнамінацыі выдаваць рэшту новымі грашыма.

Падрыхтоўка ў прадаўцоў была сур'ёзная.

— На пяціхвілінках збіраліся, задачы рашалі, — кажа намеснік загадчыка секцыі ўнівермага Людміла Слімко, але потым прызнаецца: рукі дрыжаць.

— У тэорыі ўсё проста, а на практыцы па-іншаму выглядае, — уздыхае іншая прадаўшчыца.

Пакупнікоў стараюцца абслугоўваць у прывычным тэмпе. На некаторых касах стаяць па два чалавекі: адна жанчына выбівае чэк, іншая — правярае суму на калькулятары. Атрымліваецца не вельмі хутка, але людзі ставяцца з разуменнем.

— Можа, хто па картцы разлічвацца будзе? — з надзеяй пытае прадаўшчыца ў чаргі. Але такіх няма: запаслівыя беларусы яшчэ ў чацвер паздымалі гатоўку.

Прыгожыя рублі

Новыя грошы ўчора загрузілі ў 30 працэнтаў банкаматаў. Многія ўжо з самай раніцы пабеглі здымаць каляровыя рублі. Праўда, расплаціцца імі можна было не ўсюды.

— Дайце мне нармальныя грошы! — патрабавала касірка ў адной з крамаў, калі мужчына працягнуў ёй сінюю дзесяцірублёўку.

Некаторыя беларусы да новых цэннікаў пакуль не прывыклі.

— Вось вы ведаеце, колькі цяпер будзе каштаваць пакет малака? — пытаю ў пенсіянера ў моднай зялёнай кепцы, які блукае па прадуктовым аддзеле.

— Ой, трэба падумаць, — чухае патыліцу Іван Ягоравіч. — Сёння ўвечары перадачу пра новыя грошы па тэлевізары паказваюць — пагляджу, каб лепш разабрацца.

Іншая пакупніца Ірына мяркуе, што з цяперашнімі купюрамі будзе зручней.

— Рубель — паўдолара, вельмі лёгка падлічыць, — тлумачыць яна.

Школьніцы Насця і Вера лёгка пераводзяць старыя цэны на новы лад. «Што тут такога, адняў чатыры нулі, і ўсё». Але прызнаюцца: з цяперашнімі рублямі здаецца, што рэчы каштуюць вельмі танна. Так можна і лішняга патраціць.

А вось хлопцы з БНТУ «ў паказаннях» блытаюцца.

— На тысячу трэба дзяліць, — вызначае маштаб дэнамінацыі Пеця. — А, на 10 тысяч? Ну, я амаль так і сказаў.

— Такое пытанне: звадзіць дзяўчыну на 50 рублёў у кавярню — гэта дорага ці не? — правяраем выпускнікоў.

— Танна!

— Гэта ж па-старому 500 тысяч...

— Ой, не, — хлопцы хутчэй бяруць свае словы назад.

Новыя грошы моладзь бачыла пакуль толькі праз «Інстаграм». Кажуць, прыгожыя.

Тым, хто яшчэ не паспеў абмяняць купюры на новыя, мы б раілі не спяшацца. Усё ж такі апошняя магчымасць адчуць сябе мільянерам.

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Анатоля Клешчука

Загаловак у газеце: Дзень «Д»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».