Вы тут

Як камунальнікі ратуюць транспартныя магістралі?


Зноў прыходзіць сапраўднае лета: з яркім сонцам, смагай і спякотай. Ад апошняй церпяць не толькі людзі — на праезнай частцы дарогі высокая тэмпература адбіваецца даволі небяспечна. Пра тое, як сталічныя камунальнікі ратуюць транспартныя магістралі ў спёку і не толькі, карэспандэнт «Звязды» даведаўся падчас працы ў начную змену разам з супрацоўнікамі ДВА «Гаррэмаўтадар Мінгарвыканкама».


Наша місія па паліве сталічных дарог пачынаецца на вадапомпавай станцыі «Весялоўка», што знаходзіцца побач з Камсамольскім возерам (падобная яшчэ ёсць на Чыжоўскім вадасховішчы). А трэцяй гадзіне ночы тут віруе жыццё — з дзясятак ЗІЛаў і МАЗаў выстройваецца ў чаргу для «запраўкі». Размова, вядома, не пра паліва — у цыстэрны пры дапамозе спецыяльных установак заліваюць ачышчаную ваду. Вадкасць звычайная, без аніякіх дабавак, хоць, праўда, і не пітная. Знаёмімся з вадзіцелем Анатолем АНТАНЕВІЧАМ.

— Працую тут не так даўно, усяго два гады, — дзеліцца мужчына. — Праўда, і раней усё жыццё было звязана з аўтамабілямі — дваццаць гадоў адпрацаваў дальнабойшчыкам. Аб'ездзіў увесь свет, але ўжо не тыя гады, таму выбраў работу паспакайней.

Наша сённяшняя задача — мыццё дарожнага палатна адразу на некалькіх участках. Гэта самы распаўсюджаны від працы — працэдуру выконваюць штодзень, у адрозненне ад згаданага паліву ў спёку. Астуджваць асфальт пачынаюць, толькі калі тэмпература паветра працяглы час трымаецца на ўзроўні 25 градусаў і вышэй, і гэта аперацыя кардынальна адрозніваецца ад звычайнага мыцця.

— Асабіста для мяне мыццё — больш зручны від работы, — кажа вадзіцель, пакуль мы выязджаем з «Весялоўкі». — Галоўнае, ёсць магчымасць працаваць, як цяпер, ноччу: няма іншых машын, пешаходаў, святлафоры не працуюць. Адчуваеш сябе гаспадаром горада. На паліве складаней — трэба ўлічваць трафік, бо робіцца гэта звычайна ўдзень. З іншага боку, падчас мыцця палівальная ўстаноўка наладжана такім чынам, каб струмень вады выходзіў з фарсунак шчыльным і моцным «лістом» — тады ўсё смецце прыбіваецца да бардзюраў. А пры астуджэнні галоўным паказчыкам становіцца ўжо не ціск, а плошча — вада як бы распырскваецца ва ўсе бакі. Менавіта таму нават самыя шырокія вуліцы можа паліць усяго адна машына, падчас мыцця ж працаваць трэба брыгадамі.

Навошта ўвогуле мыць дарогі? Як тлумачыць суразмоўца, акрамя звычайнага смецця і пылу, на палатне нярэдка аказваюцца рэчы, якія могуць нашкодзіць вадзіцелям, напрыклад дробныя аскепкі, што засталіся пасля ДТЗ. Гэтак жа прыбіраюцца і шкодныя рэчывы, што могуць трапіць у навакольнае асяроддзе: разлітая аліва, паліва... Усё гэта або трапляе ў «ліўнёўкі», або збіраецца спецыяльнай тэхнікай, якая праходзіць пасля палівальных машын.

Наша сённяшняя зона адказнасці — некалькі ўчасткаў па праспекце Незалежнасці. Першы — ад бульвара Талбухіна да перасячэння галоўнай магістралі сталіцы з вуліцай Каліноўскага ў абодвух кірунках. Па начным горадзе даязджаем да стартавага пункта за лічаныя хвіліны. Па дзвюх левых палосах некалькі хвілін таму прайшлі калегі Анатоля — усё смецце выбіта струменем вады на правую паласу. Таму мы робім «апошні штрых» да працы. Пры дапамозе спецыяльнай панэлі вадзіцель кіруе ўстаноўкай: спачатку выстаўляе яе на патрэбную вышыню (з дзясятак сантыметраў ад зямлі), пасля ўключае помпу. Пачынаем павольна рухацца наперад.

— Спяшацца ў гэтай справе нельга, — кажа суразмоўца, увесь час пазіраючы на шматлікія люстэркі па баках ад кабіны. — Калі ехаць хутчэй за 20 кіламетраў у гадзіну, прыборка будзе няякаснай. Трапляюцца і складаныя ўчасткі дарогі, таму трэба заўсёды быць пільным. Туды-назад — усяго шэсць кіламетраў, але зоймуць яны хвілін дваццаць, вады ў цыстэрне новых МАЗаў хапае якраз на такую працягласць.

Дарэчы, старых ЗІЛаў, якія ўмяшчалі вады на тры кіламетры паліву, у парку «Гаррэмаўтадара» засталося няшмат. Большая частка машын — новая, беларускай вытворчасці. Не дзіўна, бо менавіта гэта прадпрыемства займаецца абслугоўваннем усіх галоўных вуліц горада. Догляд дарог у «спальных раёнах» звычайна ўскладаецца на арганізацыі кожнай з адміністрацыйных адзінак сталіцы.

Праз некаторы час струмень вады заўважна слабее — заканчваецца вада. Мы зноў рухаемся на «запраўку». Па словах Анатоля Антаневіча, часам за ноч прыходзіцца рабіць 6-7 такіх выездаў. Акрамя гэтага, вадзіцелі самі рыхтуюць да змены тэхніку, наладжваюць устаноўкі.

— Выхадных у нашага прадпрыемства няма, — кажа Анатоль. — Працуем штодзень, бо дарогі чакаць не будуць. Усё па графіку «тры праз тры», і ўдзень, і ўночы. Адна змена — 12 гадзін. Зімой мяняем палівальную ўстаноўку на так званы «плуг» і працуем ужо на прыбіранні снегу. Гэта яшчэ складаней за паліў і мыццё і, галоўнае, больш адказна. Калі мы сваю працу не зробім, то ўвесь горад можа літаральна спыніцца. Славуты «Хаўер» я не заспеў, але нават сёлета снегу часам было вельмі шмат, і працаваць даводзілася ў аўральным рэжыме.

Выязджаем на наступны ўчастак: ад вуліцы Бабруйскай да бульвара Талбухіна. Гэтым разам працуем толькі ў адным кірунку і ў «звязцы»: усе тры машыны дарожнікаў будуць рухацца адначасова. На вуліцы святлее, і ўжо з'яўляюцца першыя аўтамабілі. Раптам на плошчы Незалежнасці ў машыны, што ідзе ў сярэднім радзе, збіваецца кірунак струменю — устаноўка за нешта зачапілася. Уся калона спыняецца, з кабін выбягаюць калегі з інструментамі ў руках — дапамагаць. За некалькі хвілін непаладку ліквідуюць.

— Добра, што пакуль у горадзе няшмат машын, — каментуе Анатоль Антаневіч. — Бо калі нешта падобнае здараецца ўдзень, у іншых удзельнікаў руху часта не вытрымліваюць нервы — пачынаюць сігналіць, сварыцца. Увогуле, мяне часам уражвае стаўленне навакольных да палівальных машын. Людзі быццам бы не разумеюць, што наша праца — залог камфорту іх перасоўвання па горадзе. Асабліва здзіўляюць тыя, хто ставяцца да нас ледзь не як да гарадской праблемы, маўляў, запавольваем рух, а можам яшчэ і вадой абліць. У нас на даху мігалка, падчас дзённых змен мы ўвесь час сігналім, папярэджваючы аб набліжэнні. Калі нехта стаіць на краі тратуара ў навушніках і нічога вакол сябе не бачыць, што можна зрабіць?

— Я сам кіроўца, — кажа Анатоль Антаневіч, — таму бачу, калі магістралі недзе недагледжаныя, калі дрэнна памыты. Дарога — надта дарагое задавальненне, каб пакідаць яе без догляду.

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Памыць і астудзіць вуліцу

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.