Вы тут

Такое карыснае смецце


Не спяшайцеся выкідаць пустыя пластыкавыя бутэлькі. Яны вам могуць паслужыць...


У дарозе

Пластыкавая бутэлька — добры дапаможнік у падарожжах. Так, калі вы выбраліся з палаткамі, у ёй можна хаваць цукар і крупы ад мурашоў. Пры неабходнасці з бутэлькі можна зрабіць шуфлік, кубкі, лыжкі, лейку, грэлку, мятлу і нават тапкі і плот. У паходзе перавернутая дагары ды прымацаваная да дрэва, яна можа замяніць рукамыйнік. Я бачыла, як пластык выкарыстоўвалі дальнабойшчыкі, — разразалі бутэльку так, каб больш вузкая частка ўстаўлялася ў больш шырокую — і, калі ласка, унутры можна захоўваць лыжкі і відэльцы, інструменты, гайкі з балтамі. Пашчасціла ў лесе на чарніцы, а збіраць няма куды — зноў прыйдуць на дапамогу пластыкавыя бутэлькі. Ды і з уласнага сада некаторыя дачнікі ўжо возяць ягады ў вялікіх бутэльках ад вады.

У агародзе

Менавіта на дачах нараджаецца найбольш ідэй для практычнага прымянення пластыкавага смецця. Бутэлькамі можна абставіць грады, клумбы, кампосныя ямы, рабіць з іх агароджу, альтанкі, парнікі.

Рознымі садовымі скульптурамі з пластыку ўжо нікога і не здзівіш. Тут табе і пальмы,і кветкі, і жывёлы.

Можна бутэлькі пусціць нават на садовыя дарожкі — нехта іх робіць з накрывак, а чаму б не павысцілаць іх адрэзанымі донцамі. Пахадзіце па такім пакрыцці басанож — вось вам і масаж.

Руплівыя гаспадары выкарыстоўваюць бутэлькі як рассейвальнікі для шланга, паільнікі для раслін. Між іншым, культуры, якія паліваюць з бутэлек, менш хварэюць — вада паступае адразу да каранёў, а не расцякаецца па паверхні, у парніку няма лішняй вільгаці, ды і глебу менш даводзіцца рыхліць. Гэты спосаб выдатна падыходзіць для гаспадароў, якія толькі па выхадных наведваюцца на дачы, не могуць штодзень праветрываць парнікі. Акрамя таго праз бутэлькі можна «падаваць»раслінам і ўгнаенні, разведзеныя ў вадзе, — зручна і эканомна. У накрыўцы зрабіце дзірку, донца надрэжце, каб у прыстасаванне можна было наліваць ваду. Укапайце бутэльку побач з раслінай. Каб дзірка не забівалася зямлёй, можна пад ніз пакласці каменьчыкі, пасцяліць салому.

Бутэлькі яшчэ і грэюць расліны, калі іх з вадой паставіць у парніку. За дзень яны набіраюць цяпло, якое ўначы будуць паступова аддаваць. Можна зрабіць тэрмас-градкі, калі па краях размясціць бутэлькі цёмнага колеру, напрыклад, ад квасу. Можна ў іх заліць ваду, а каб яна не заквітнела, лепш дадаць крыху вадкага мыла.

Пластык выкарыстоўваюць у агародах, каб папужаць кратоў і драздоў. Сёння шмат у каго на штырах надзетыя вяртушкі з бутэлек. Паспрабуйце да іх прымацаваць званочкі, абгарніце лопасці фольгай. Бутэлькі можна і проста ўкапаць ў зямлю, каб рыльцы тырчэлі — на іх, як на флейтах, будзе іграць вецер, што кратам не надта падабаецца. Дарэчы, эфект будзе лепшым, калі ўкапаць шкляныя бутэлькі.

Будзеце палоць, зрабіце з бутылек накаленнікі.

Надакучыла ўвесь час глядзець на сумную сцяну — пластыкавае смецце спатрэбіцца для вертыкальных садоў.

Хочаце размножыць парэчкі, ружу, бружмель? Нарэжце чаранкоў, ніжнюю частку, якую прыкапаеце ў зямлю, зразайце пад косым вуглом. Верхні зрэз замажце садовым варам. Выдаліце лісце. Прыкапайце і накрыйце абрэзанай бутэлькай. Цяпер застаецца толькі сачыць за тым, каб зямля пад бутэлькамі не перасыхала. Летась па парадзе знаёмай я такім чынам прыкапвала чаранкі руж у ліпені і жніўні; нягледзячы на спякотнае надвор'е, мае голыя галінкі праз некаторы час з бакавых почак выпусцілі новыя лісточкі. А ўвесну я ўжо выкопвала маленькія кусцікі. Важна: бутэлькі трэба здымаць толькі на наступны год вясной, калі не будзе маразоў. Калі раптам халады вяртаюцца, далікатныя раслінкі лепш прыкрыць.

У доме

Смецце выратоўвае, калі пад рукой няма ваз для кветак, падставак для алоўкаў, падсвечнікаў. Прычым вынаходнікі навучыліся так яго маскіраваць, што і не здагадаешся, з чаго атрымаўся выраб.

Калі кавалкі пластыку пакласці пад ножкі мэблі, яна не будзе «драпаць» падлогу. Няма качалкі — зноў бяромся за бутэльку, лепш яе напоўніць вадой.

Адзін з самых крэатыўных спосабаў утылізацыі пластыку — зрабіць з яго мэблю: крэслы, ложкі, пуфікі. Варта толькі набраць пабольш пустых бутэлек, прыдумаць форму, звязаць іх, а можна і схаваць пад абіўным матэрыялам.

Вынаходнікі нават шторкі робяць са смецця — з накрывак ці адрэзаных донцаў, вельмі падобных на кветкі.

А яшчэ з пластыку можна зрабіць цудоўныя ўпрыгажэнні: матылькоў, казурак. Намалюйце шаблон на паперы. Адрэжце ў бутэлькі рыльца, замацуйце малюнак і перанясіце яго на пластык перманентным фламастарам. Упрыгожце акрылавымі ці вітражнымі фарбамі, бісерам, пацеркамі. Свечкай можна апальваць краі вырабаў і такім чынам надаваць ім форму.

Ганна ТРОШЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».