Вы тут

«У нас зямля — гэта сродак вытворчасці»


Самы вялікі раён краіны — Столінскі — мае шэраг цікавых асаблівасцяў. Столін ведаюць як агурковую сталіцу, але ў прамысловых маштабах тут вырошчваюцца далёка не адны агуркі: можна ўбачыць палеткі з капустай, клубніцамі і, натуральна, бульбай. Яшчэ адна цікавінка — на Століншчыне вялікая колькасць шматдзетных сем'яў. Прычым, як мне расказвалі, ёсць вельмі шмат сем'яў, дзе выхоўваецца больш за дзесяць дзяцей. Акрамя гэтага, столінскія вёскі і гарады ў гады паводак яшчэ адносна нядаўна ператвараліся ў «беларускія венецыі». Пра тое, як сёння жыве ўнікальны палескі рэгіён, карэспандэнту «Звязды» расказаў старшыня Столінскага раённага выканаўчага камітэта Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ.


— У Столінскім раёне самыя вялікія ў краіне, жыццяздольныя вёскі. Як улады дапамагаюць вясковым людзям?

— У першую чаргу дапамагае тая палітыка, якую праводзіць Прэзідэнт. Укараненне дзяржаўных сацыяльных стандартаў дазволіла вырашыць многія праблемы і ў Столінскім раёне. У першую чаргу гэта тычыцца добраўпарадкавання дарог. Прывяду такі прыклад.

За апошнія 12 гадоў у адзін толькі наш аграгарадок Альшаны ўкладзена каля 160-170 мільярдаў рублёў.

Зроблена рэканструкцыя першай школы, пабудавана новая школа-дзіцячы садок на 640 месцаў, пабудаваны новы спартыўны комплекс, праведзена газіфікацыя — практычна 100% дамоў у Альшанах газіфікавана, цалкам праведзена вада. Завяршаецца будаўніцтва гравійных дарог. Каб было зразумела, што такое Альшаны: працягласць вуліц гэтага населенага пункта складае 96 кіламетраў.

У цэлым сёння на Століншчыне ўжо газіфікавана 23 населеныя пункты — таксама дзякуючы дзяржаўнай палітыцы.

Перад увядзеннем інстытута сацыяльных стандартаў у Столінскім раёне на сто дзяцей прыпадала толькі 32 месцы ў дзіцячых дашкольных установах. Цяпер на 100 дзяцей прыходзіцца 85 месцаў. Цікавы прыклад: летась у Брэсцкай вобласці было ўведзена тры дзіцячыя садкі, з іх два — у Столінскім раёне. За апошнія пяць гадоў на Століншчыне пабудаваны і дзве новыя школы.

Калі браць сферу прамысловасці, то наша торфапрадпрыемства «Глінка», дзякуючы чэшскай кампаніі Рашэліна, з'яўляецца лепшым заводам у Заходняй Еўропе па вытворчасці пажыўных грунтоў — гэта па словах кіраўніка гэтай чэшскай кампаніі. Што да сельскай гаспадаркі, то ў Столінскім раёне праведзена мадэрнізацыя 27 ферм, пабудавана з нуля 7 ферм. Штодзень у раёне вырабляецца 300 тон малака. Гэта прыкладна чацвёрты вынік у вобласці.

Калі казаць пра далейшае паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва, то гэта найперш — газіфікацыя і добраўпарадкаванне дарог. Калі браць дарогі мясцовага значэння, то ў нас сёння толькі 50% з іх маюць цвёрдае пакрыццё, астатнія — гравійныя. Самая вялікая праблема — гэта тое, што вуліц у населеных пунктах з цвёрдым пакрыццём — толькі 20%.

Есць у нас і праблема чыстай вады — у ёй вялікае ўтрыманне жалеза і практычна ва ўсіх населеных пунктах трэба будаваць станцыі абезжалезвання.

Вельмі нам дапамагла і супрацьпаводкавая праграма.

У 1979 годзе ў нас была зафіксавана самая вялікая паводка. Берагавая адзнака ракі Гарынь складае 4 метры 10 сантыметраў, а падчас піка паводкі вада паднялася да адзнакі 6 метраў 56 сантыметраў. У выніку дзве трэці сушы Столінскага раёна аказваюцца пад вадой. Цалкам быў затоплены Давыд-Гарадок, па вуліцах, як у Венецыі, ездзілі на лодках. Калі ў 1999 годзе прыляцеў да нас Прэзідэнт, праграма супраць паводкі ўжо дзейнічала. Дамы ўжо не падтапляла — толькі падвор'і. Як у нас кажуць: вада прыходзіць і сыходзіць, а паляшук застаецца.

— Прэзідэнт паставіў задачу стварыць як мага больш працоўных месцаў. Якія рэзервы ёсць у Столінскім раёне?

— У нас 37 тысяч працаздольнага насельніцтва. З іх эканамічна-актыўнага — 27 тысяч, 10 тысяч працаздольнага насельніцтва ў нас займаецца індывідуальнай працоўнай дзейнасцю на асабістых падсобных гаспадарках. Мы імкнёмся максімальна ісці людзям насустрач. У нас сёння ёсць 36 фермерскіх гаспадарак, якія таксама дадаткова ствараюць працоўныя месцы. Прыватны бізнес у нас амаль штогод стварае 200-250 новых працоўных месцаў.

Прывяду такія лічбы. Адзін мільён сто тысяч тон агародніны вырошчваецца штогод у нашай краіне — гэта па інфармацыі Белстата. Рукамі столінцаў штогод вырошчваецца і рэалізуецца прыкладна 160-170 тысяч тон. Іншымі словамі, прыкладна кожны шосты кілаграм агародніны вырошчваецца ў Столінскім раёне. Тыя ж самыя Альшаны, дзе каля 2 тысяч працаздольнага насельніцтва. Яны самастойна будуюць цяпліцы, вырошчваюць прадукцыю і рэалізуюць яе, прадаюць.

У нас вельмі працалюбівыя людзі. Яны не чакаюць, што ім нехта нешта дасць, створыць, а самі ўсё робяць. У нас людзі просяць не работу — зямлю. У Столінскім раёне зямля — гэта сродак вытворчасці.

— На Століншчыне — унікальная прырода. Што робіцца, каб прыцягнуць сюды турыстаў?

— У нас два заказнікі: «Сярэдняя Прыпяці» і «Альманскія балоты». У «Сярэдняй Прыпяці» ёсць пяць гасцявых домікаў і створаны найцудоўнейшыя ўмовы для адпачынку. Сумеснае беларуска-германскае прадпрыемства «Дамінік» стварыла на беразе ракі Прыпяць на тэрыторыі заказніка базу адпачынку, дзе адначасова можа знаходзіцца да 30 чалавек.

На тэрыторыі заказніка «Альманскія балоты» таксама будуюцца дзве вельмі сур'ёзныя базы адпачынку. У адну з іх укладваецца па некалькі соцень тысяч еўра. Сёння яны пакуль яшчэ ў стадыі будаўніцтва. Думаю, да канца года першы комплекс будзе запушчаны.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.